Той самы вяз. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Ад 26 красавіка стары вяз у вёсцы Талуі Маркаўскага сельсавета афіцыйна лічыцца батанічным помнікам рэспубліканскага значэння. Адпаведную пастанову Мінпрыроды прыняло 5 красавіка.

Летам актывісты плануюць зладзіць урачыстае адкрыццё помніка, паставіць камень з інфармацыяй пра вяз.

Спачатку была публікацыя ў «РГ»

А пачалася гісторыя з вязам-старажылам яшчэ ў 2011 годзе. Яе прыгадаў віляйчук Міхаіл Міхалевіч:

– Так атрымалася, што пра вяз-старажыл у Талуях даведаўся мой сябар і сябар «Рэгіянальнай газеты» маладзечанец Пётр Цыгалка. Пра незвычайнае дрэва ён расказаў мне, бо ведаў, што я збіраю звесткі пра вялікія дрэвы. Падчас чарговага рэйду па добраўпарадкаванні я трапіў у Талуі, агледзеў і абмераў дрэва. Яно было ў кепскім стане – вакол кучы смецця, засмечаным таксама было і вялізнае дупло ў ствале.

Памераўшы дрэва, віляйчук зразумеў, што, хутчэй за ўсё, гэты вяз самы стары і вялікі ў Беларусі.

Міхаіл Міхалевіч падрыхтаваў матэрыял пра незвычайнае дрэва і ўпершыню апублікаваў звесткі пра вяз у «Рэгіянальнай газеце» ў 2013 годзе. Артыкул называўся «Вяз, з вышыні якога бачныя адразу тры гарады – Маладзечна, Вілейка і Смаргонь».

2011 год. Пётр Цыгалка каля вяза. На фота бачна, што пад дрэвам яшчэ захоўваюцца жэрдкі, а да ствала прыбітыя аполкі. Фота Ігара Мароза.

– Цікава, што адзін з нешматлікіх жыхароў Талуёў, Іван Дурэйка, выпісваў газету. Было некалькі падпісчыкаў і ў суседнім Маркаве, – працягвае суразмоўца. – З публікацыі яны даведаліся пра ўнікальнае дрэва. Адразу прыбралі смецце, жэрдкі, што захоўвалі пад вязам. Знялі прыбітыя аполкі, па якіх па дрэве лазілі дзеці. І паступова дрэва пачало ажываць, само сябе лячыць, стала зацягвацца дупло.

Як пра вяз з Талуёў даведаліся навукоўцы

Міхаіл Міхалевіч адзначае, што праз пэўны час пра вяз-старажыл на Маладзечаншчыне прачытаў у прэсе ініцыятыўны начальнік Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. Спецыяліст зразумеў, што гэта важна, і звярнуўся ў Нацыянальную акадэмію навук, у Інстытут эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча. Навукоўцы даследавалі дрэва і зрабілі навукова-тэхнічнае абгрунтаванне пра яго як пра помнік прыроднага значэння.

Пачаліся станоўчыя зрухі, вызначылі межы помніка. Шмат у чым дапамог Маркаўскі сельвыканкам.

Да захавання вяза далучыліся людзі з усяго свету

Актыўную пазіцыю заняў і мясцовы жыхар Іван Дурэйка. Ён ладзіў прыборкі каля вяза, хадзіў на прыём да начальніка Камітэта па ахове навакольнага асяроддзя, дабіваўся таго, каб паглыбіць вадаём каля дрэва.

– Калі Іван Уладзіміравіч стварыў дабрачынны рахунак на паглыбленне вадаёма, людзі з усяго свету пералічвалі грошы на добрую справу. І ў выніку  сабралі сродкі, каб паглыбіць сажалку.

Міхаіл Міхайлавіч перакананы: прысваенне вязу статусу батанічнага помніка рэспубліканскага значэння – гэта перамога неабыякавых людзей і «Рэгіянальнай газеты». А вяз ужо называюць цудам Маладзечаншчыны.

Іван Дурэйка: Дзякуй усім неабыякавым людзям

Коратка планамі пра далейшы лёс вяза-старажыла з намі падзяліўся жыхар Талуёў, захавальнік вяза Іван Дурэйка:

– Канешне, навіна пра прызнанне вяза помнікам прыроды рэспубліканскага значэння перапаўняе мяне радасцю. Дзякуй і Міхаілу Міхалевічу, і Уладзіславу Чарнову, і ўсім, хто далучыўся да справы. У планах – урачыстае адкрыццё. Прывязём добры камень, на якім размесцім шыльду ў выглядзе кнігі. На адной старонцы будзе інфармацыя пра вяз, на другой – звесткі з гісторыі Талуёў.

Пасля публікацыі ў “РГ”. У Талуях пачалі расчышчаць сажалку, каб самы стары вяз у Беларусі працягваў жыць

Можа, у тым вязе замураваная князёўна”. Самы стары вяз у Беларусі сохне, пакуль людзі разбіраюцца з дакументамі

 

• Текст доступен на языке: Русский