365Info

Міжведамасная працоўная група пад эгідай Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці праверыла 241 аптэку 68 суб’ектаў прыватнай формы, а таксама аптэчную сетку РУП «Мінская фармацыя».

Па выніках сакавіка рост цэн з перавышэннем дапушчальнага выявілі ў 18 аптэках сямі рознічных сетак на чатыры-сем прэпаратаў з пераліку сацыяльна значных тавараў першай неабходнасці.

Нагадаем, у адпаведнасці з прынятай 23 лютага пастановай Савета Міністраў «Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці» ад 1 сакавіка змяненне цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці не можа перавышаць 0,2 працэнта ў месяц да цаны, якая была на апошні дзень папярэдняга месяца. Прычым у асобных з іх дадзены рост напрамую звязаны з павелічэннем цаны пастаўшчыком – ТАА «ВітФармМаркет». Напрыклад, адпускныя цэны ў сакавіку ў параўнанні з лютым на айчынныя прэпараты (сонекс, анальгін, парацэтамол і іншыя) узраслі на 1, 7 і 9 працэнтаў замест дапушчальных 0,2.

Як вынік, у ТАА «Фармаркет-плюс», якое набывала названыя лекі ў ТАА «ВітФармМаркет», цана ў сакавіку на асобныя лекі павялічылася да 16 працэнтаў.

Але ёсць і такія аптэкі, якія самастойна фарміравалі завышаную цану. Так, у чатырох з сямі аптэк ТАА «Іскамед» у сакавіку рост цэн на шэсць лекавых прэпаратаў склаў ад 1,1 да 13,4 працэнта. Павялічылі рознічныя цэны ва ўнітарным прадпрыемстве «Новамедыка» і таварыстве «Афіцына» на азітраміцын адпаведна на 11 і 28 працэнтаў, у арганізацыі «Фарма-прадукт» – на аспікард на 10,8, на дыклафенак – на 9,7 і на парацэтамол – на 60 працэнтаў. У ТДА «Белтрэйдсэрвіс» цану на бісапралол паднялі на 12 працэнтаў, на клапідагрэл – на 43.

Па выніках праверкі ўсе названыя парушальнікі прывялі цэны ў адпаведнасць з нормамі заканадаўства.

Акрамя таго, заўважылі дэфіцыт асобных лекаў у аптэках ТДА «Квэрк» Вілейскага раёна (амаксіцылін, атарвастацін), ТАА «Мая аптэка» Валожынскага раёна (ксілін, лазартан-НАН, моксадзін, рываксан, сульпірыд), у некаторых аптэках за межамі рэгіёна – Крупскім і Салігорскім раёнах.

У дачыненні да тых аптэк, дзе адсутнасць лекаў заўважалі неаднойчы, Камітэт накіраваў прапановы ў Дзяржфармнагляд для разгляду пытання аб прыпыненні іх дзейнасці. Кантроль працягваецца.