Возера Нарач. Фота Vetliva.

Патрабаванні да водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб’ектаў пры гаспадарчай і іншай дзейнасці не заўсёды выконваюцца.

Гэта высветлілі спецыялісты Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету падчас палявых мерапрыемстваў.

Вось якія асноўныя парушэнні:

  • самавольная забудова прыбярэжнай паласы водных аб’ектаў. Некаторыя ставяць агароджу да берагавой лініі. Гэта перашкаджае свабодна трапіць да вадаёма. Часам незаконна будуюць іншыя аб’екты;
  • парушэнне рэжыму водаахоўных зон і прыбярэжных палос – высякаюць лес, перасаджваюць расліны, забруджваюць і захламліваюць тэрыторыі.

Нагадваем, што мінімальная шырыня водаахоўнай зоны для вадаёмаў і малых рэк – 500 метраў, вялікіх і сярэдніх – 600 метраў. Прыбярэжная паласа – 50 і 100 метраў адпаведна.

У адпаведнасці з патрабаваннямі Воднага кодэкса нельга:

  • агароджваць зямельныя ўчасткі на адлегласці менш за пяць метраў па гарызанталі ад берагавой лініі. Выключэнне – участкі, выдзеленыя для ўзвядзення і абслугоўвання водазаборных пабудоў, аб’ектаў унутранага воднага транспарту, энергетыкі, рыбалоўных гаспадарак, аб’ектаў лячэбна-аздараўленчага прызначэння, выкарыстанне якіх непасрэдна звязана з выкарыстаннем паверхневых водных аб’ектаў;
  • размяшчаць лодачныя прычалы і базы для стаянкі маламерных суднаў за межамі вызначаных для гэтых мэт месцаў, якія вызначаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы;
  • на адлегласці да дзесяці метраў па гарызанталі ад берагавой лініі прымяняць усе віды ўгнаенняў і хімічных сродкаў абароны раслін. Выключэнне – іх прымяненне пры выкананні работ, звязаных з рэгуляваннем распаўсюджвання і колькасці дзікарослых раслін агульных відаў;
  • апрацоўваць і ўзворваць зямлю. Выключэнне – апрацоўка зямлі для залужвання і пасадкі абарончых лясоў, а таксама пры правядзенні асобных відаў работ у адпаведнасці з заканадаўствам.

У межах прыбярэжных палос і водаахоўных зон дзейнічаюць абмежаванні і забароны, устаноўленыя ў артыкулах 53 і 54 Воднага кодэкса.

Калі вы з’яўляецеся ўласнікам участка, размешчанага ў межах водаахоўных зон, то звярніце ўвагу: праводзіць работы па добраўпарадкаванні водаахоўных зон, стварэнні элементаў добраўпарадкавання, размяшчаць малыя архітэктурныя формы трэба ў адпаведнасці з заканадаўствам у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, аб ахове і выкарыстанні зямель.

За парушэнне рэжыму гаспадарчай і іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах водных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкулам 16.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаная адказнасць для грамадзян у выглядзе штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 25 базавых велічынь, на юрыдычную асобу – да пяцідзесяці базавых велічынь.

Дзяніс ЧАРТОВІЧ, намеснік начальніка Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.