Гэты старадаўні абрад праводзяць для таго, каб адзінокія людзі адшукалі пару.

Падобныя абрады захаваліся ў адзінкавых населеных пунктах. Маркаўскі на Маладзечаншчыне мае свае адметнасці, і адрадзілі традыцыю ў 2010 годзе дзякуючы айцу Мікалаю Пяшко і былому кіраўніку народнага фальклорнага ансамбля «Маркаўчанка» пры мясцовым доме культуры Веры Дорах.

Назва абрада паходзіць ад наймення ўрочышча ракі Гадзея. Менавіта там традыцыйна ладзілі карагод. Сёлета пляцоўку арганізавалі каля царквы – «луку» водзяць, як толькі выходзяць з дзённай велікоднай службы.

Дзеці ў якасці качаноў капусты – для прыцягнення ўрадлівасці.

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці велікоднаму карагоду, які бытуе ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці і праводзіцца на першы дзень Вялікадня.

Як адбываецца абрад

У цэнтры карагода ставяць траіх дзяцей, якіх называюць «качанамі», якія сімвалізуюць урадлівасць. Вакол іх ваьмёркай і водзяць карагод, а таксама спяваюць песню. Разам з дзецьмі ў цэнтры карагода стаяць халастыя хлопцы, якія дзякуючы абраду спадзяюцца прыцягнуць пару.

Пра іх таксама спяваюць у абрадавай песні і называюць «гардапышнымі малойчыкамі». А пасля карагода гэтыя халасцякі адзячваюць удзельнікам пачастункамі.

Пасля карагода частка ўдзельнікаў сабралася ў валачобнікі, каб павіншаваць маркаўчан з Вялікаднем.

«Аж слёзы на вачах»

Частка мясцовых жыхароў не далучаецца да карагода, але назірае і абмяркоўвае дзею. Мясцовая жыхарка Тамара Эгерт (дзявочае – Цярэшка) падзялілася ўражаннямі :

– Ой, помню, як абрад праводзілі яшчэ калі калі нам нельга было да царквы хадзіць.  Абрад быў увесь час, яго не забаранялі. І царкоўныя, і савецкія ставіліся да яго спакойна. Царква ж не зачынялася. Усім было цікава! Нас жа тады мора было ў вёсцы, падшыванцаў. Гэта абрад для старога кавалера, які не хоча жаніцца, які кажа, што лепш утаплюся, але не жанюся. Пяюць, каб жаніць яго. Помню, што адзін такі кавалер усё ж не ажаніўся. Гадоў 20 не праводзілі, а пасля зноў пачалі. Дык сёння аж слёзы на вачах, як гляджу. І я б далучылася да карагода, але спазнілася, госці былі. Ой, такі душэўны пад’ём!