Віляйчанка Насця Вайтовіч. Фота з сацсетак дзяўчыны.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Вясна назірае».

На Анастасію склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні шляхам «выкрыквання правакацыйных лозунгаў каля праезнай часткі». 27 красавіка ў Ленінскім судзе Мінска разглядзелі яе справу.

На судзе Анастасія распавяла, што прыйшла да касцёла на плошчы Свабоды ў Мінску, каб паставіць свечку. Але касцёл ужо быў зачынены, таму дзяўчына пастаяла некалькі хвілін каля яго і збіралася сыходзіць. Але ў гэты момант да яе падышоў супрацоўнік АМАПу і папрасіў паказаць дакументы, пасля чаго ёй прапанавалі праехаць у РУУС.

Суддзя Юлія Шут палічыла жаданне паставіць свечку несанкцыянаванай акцыяй і арыштавала Анастасію на 15 сутак.

Пра віляйчанку Анастасію Вайтовіч мы пісалі летась у лістападзе. Тады дзяўчына расказала карэспандэнту пра сваю пазіцыю, паступленне і выключэнне з лінгвістычнага ўніверсітэта, пра пералом рабра ў сутычцы з АМАПам і пра тое, што вельмі не хоча з’язджаць з Беларусі.

• Текст доступен на языке: Русский