Кніга Аляксандра Хазяніна. Фота Настассі Уткінай.

Журналіст і былы рэдактар «Маладзечанскай газеты» выпусціў зборнік артыкулаў пра людзей, якіх узвышае праца.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Палацы культуры 5 мая, у Дзень друку. Пачатак імпрэзы ў 17:30.

Найперш выданне зацікавіць тых, каму захочацца даведацца пра славутых землякоў тое, што адзначыў у памяці і сваіх запісах аўтар.

Напрыклад, у артыкуле пра доктара медыцынскіх навук прафесара Леаніда Путырскага расказваецца выпадак з дзяцінства будучага доктара:

«А было так: старэйшыя дзеці ў траншэі для водаправода вырылі пячору. Гулялі тут. Далі і Лёню сапёрнай лапаткай пакапаць. Самі ж сталі скакаць. Зямля і абвалілася… Ніхто гэтага не чакаў. Дзеці ад страху і адчаю закрычалі. Трывогу пачулі дарослыя. Схапіўшы хто што, сталі, ратуючы Лёню Путырскага, адкопваць. Бацька ад хвалявання і страху, не знайшоўшы лапаты, разграбаў зямлю дошкай.

Хлопчык выжыў. Дзякуючы таму, што ў траншэі ляжаў тварам уніз. Яго адкапалі сінім. Першае, што ўбачыў, вярнуўшыся з таго свету, гэта вялікія вочы доктара, які сказаў матулі Леаніда:

– Ну, вось бачыце, будзе жыць. Ён яшчэ вырасце і стане вялікім чалавекам».

Можна даведацца падрабязнасці адкрыцця мамалагічнага цэнтра ў Бараўлянах, з якімі жыццёвымі гісторыямі пацыентаў сутыкнуў доктара лёс, а таксама як даглядаў дваіх дзяцей, пакуль жонка пісала дысертацыю. А таксама пра тое, як доктар стаў яшчэ і паэтам.

Пра кандыдата медыцынскіх навук Франца Світо ведаюць многія. У кніжцы Хазяніна падрабязна апісана, для чаго і як той распрацаваў прэпарат з мачавіны для ін’екцый, які пасля цягам пяці год выраблялі ў Маладзечне і забяспечвалі ім 92 клінікі былога СССР.

Як Чысць з балоцістай мясціны стала месцам, дзе квітнела будаўнічая справа? Якія сакрэты расказваў журналісту першы генеральны дырэктар таварыства «Забудова» Іосіф Русак? Вось што прыгадвае Хазянін са слоў Русака:

«Калі працавалі разам з немцамі, здавалася, што не вытрымаем: нагрузка была вар’яцкая – па 18 гадзін у суткі. У немцаў – усё дакладна. Яны да такога рытму прызвычаіліся, мы – не. І ўсё ж «агеньчык» будаўніцтва з будаўнікамі замежжа прайшлі паспяхова.

Задуманае на практыцы ўвасаблялася ў жыццё. Быццам веліканы, узнімаліся вытворчыя карпусы. Чысць прыгажэла, пашырала межы. Узводзіўся жылы масіў, у тым ліку каля пяцісот кватэр для перасяленцаў з Чарнобыля».

У кнізе вы знойдзеце артыкулы пра іншых землякоў, якія стануць больш блізкімі праз успаміны журналіста, а гісторыя роднай зямлі – больш зразумелай.