Вадзім Гурман перад судовым пасяджэннем. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Сваякам палітзняволенага Вадзіма Гурмана не паведамляюць пра ягонае месцазнаходжанне. Аб гэтым расказвае незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на родных Гурмана.

Апошні раз маці Вадзіма Вольга Кузьміна і ягоная нявеста Віялета бачыліся з ім на спатканні ў Турме №8 у Жодзіна 20 красавіка. Яго прывялі ў кайданках, на ім быў чырвоны цэтлік: праз тое, што яго паставілі на ўлік як «схільнага да пабегу, нападаў на персанал, арганізацыю бунтаў, тэрарыстычных актаў, сацыяльна небяспечнага».

Тады ён паведаміў сваякам, што цягам трох дзён яго мусяць перавесці ў ПК-9 у Горках для адбыцця пакарання. Таксама ён папярэдзіў: калі з ім «здарыцца суіцыд ці нешта яшчэ, мама, не вер: проста забілі».

Цяпер ужо больш за два тыдні сваякі не атрымліваюць лістоў і ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне Вадзіма.

— 30 красавіка я паехала ў Дэпартамент выканання пакаранняў на прыём да намесніка міністра МУС, — распавяла маці Вадзіма Вольга. — Але генерал-маёр Маткін мяне не прыняў: я размаўляла з ягоным намеснікам. Я хацела ўдакладніць, дзе знаходзіцца маё дзіця, але там больш, напэўна, пасмяяліся і пажартавалі. Сказалі: «Не валодаем дадзенай інфармацыяй. Вас апавясцяць у пісьмовым выглядзе». Сказалі, маўляў, пачулі вашыя пажаданні, куды накіроўваць. Бо я прасіла, каб яго змясцілі ў Навасады: гэта блізка да Маладзечна, не ўяўляю, як без асабістага транспарта ездзіць у Магілёўскую вобласць, куды яго планавалі накіраваць…

Вадзіма Гурмана асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: за арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама за пагрозы гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Падрабязней азнаёміцца са справай Вадзіма Гурмана можна артыкулах:

Першае пасяджэнне: «Давайце іх вешаць». У Маладзечне адбыўся першы суд па крымінальнай справе за 9 жніўня

Другое пасяджэнне: «Весела яму было, не так як зараз». Сведкі з міліцыі далі паказанні

Трэцяе пасяджэнне: «Пагражаў фізічнай расправай». Міліцыянеры працягваюць сведчыць па справе Гурмана

Чацвёртае пасяджэнне: «Пагражалі згвалтаваць». Вадзім Гурман даў паказанні ў судзе

Пятае пасяджэнне: У судзе над Гурманам глядзелі відэа з нагруднай камеры міліцыянера і аператыўную здымку

Шостае пасяджэнне: «Было страшна». Яшчэ адзін міліцыянер заявіў позву Гурману аб кампенсацыі маральнай шкоды

Сёмае пасяджэнне: «Вы пасадзілі невінаватага чалавека і разбурылі яго сям’ю». Гурман выступіў з апошнім словам

Восьмае пасяджэнне: Маладзечанца асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў па падзеях 9 жніўня