Забарона на выкарыстанне пластыкавага посуду ў грамадскім харчаванні пачала дзейнічаць ад 1 студзеня 2021 года.

Але МАРГ прапануе выключыць з пераліку шклянкі аб’ёмам 300 мілілітраў і больш, трубачкі (саломінкі) для напояў, а таксама кантэйнеры, латкі, ланч-боксы, слоікі бутэлькі, паведамляе БелТА.

«Праект пастановы распрацаваны ў мэтах недапушчэння пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў сферы грамадскага харчавання, а таксама з мэтай зніжэння рызык, якія можа пацягнуць ўвядзенне поўнай забароны на выкарыстанне аднаразовага пластыкавага посуду», – гаворыцца ў абгрунтаванні.

Як растлумачылі ў міністэрстве, рызыкі звязаныя з адсутнасцю асобных відаў альтэрнатыўнага посуду з экалагічна бяспечных матэрыялаў, у тым ліку прызначанага для спакоўвання прадукцыі ў газамадыфікаваным асяроддзі і пад вакуумам. Акрамя таго, для грамадскага харчавання важна захаванне якасці упакаванай прадукцыі, таму ўласцівасці ўпакоўкі маюць асаблівае значэнне.

Такім чынам, згодна з праектам пастановы ў пераліку забароненых у грамадскім харчаванні застануцца аднаразовыя пластыкавыя відэльцы, лыжкі, нажы, палачкі для напояў, шклянкі аб’ёмам да 300 мілілітраў, кубкі, талеркі, скрынкі, за выключэннем прызначаных для спакоўвання кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.

Заўвагі і прапановы па праекце пастановы можна выказаць па 14 мая на Прававым форуме Беларусі.

 

• Текст доступен на языке: Русский