Маладзечанка Сабіна Рубан заўсёды была актыўнай і хацела рабіць значныя для грамадства праекты. Дзяўчыне ўсяго 16 гадоў, але яна ўжо ўдзельнічае са сваім праектам аб мэтах ўстойлівага развіцця ў найбуйнейшым беларускім конкурсе Social Weekend.

«Рэгіянальная газета» паразмаўляла з ёй пра тое, як яна захапілася актывізмам і як зрабіць сацыяльны праект у адзіночку.

Прапануем вам таксама пачытаць інтэрв’ю з дзяўчынай.

Усё пачалося з клуба ЮНЕСКА

Сабіна Рубан вучыцца ў 10 класе ў сёмай гімназіі ў Маладзечне. Яна паглыблена вывучае рускую і англійскую мовы. Акрамя зацікаўленасці ў актывізме, дзяўчына ўдзельнічае ў розных канферэнцыях. Напрыклад, з настаўнікам рускай мовы і літаратуры Аляксандрам Раінчыкавым падрыхтавала даследчую працу па літаратуры.

Рубан удзельнічала ў моладзевым творчым форуме «Час жыць». Яго арганізуе Марына Валасковіч, а само мерапрыемства праходзіць у Маладзечне. На ім яна выступала з маналогам і вершам. Таксама Сабіна была ўдзельніцай клуба ЮНЕСКА «Планета», а пасля ўзначаліла яго ў восьмым класе. Па словах дзяўчыны, гэта было вялікае дасягненне для васьмікласніцы, бо да яе старшынёй клуба была адзінаццацікласніца.

У тым жа восьмым класе Сабіна з’ездзіла ў «Артэк» на міжнародную змену рускай мовы. Яна ўспамінае, як там пазнаёмілася з дзецьмі з розных краін, а таксама актыўнічала ў розных імпрэзах, ставіла танцы.

Знаёмства з маладзечанскімі актывістамі

У верасні 2020 года дзяўчыне споўнілася 16 год, і яна ўступіла ў арганізацыю Next Stop – New Life (NSNL). Да гэтага моманту Сабіна дапамагала членам NSNL у рэалізацыі праектаў. Адным з іх яна назвала петыцыю за адмену шарыкаў на выпускных.
Знаёмства з арганізацыяй адбылося дзякуючы суседцы Ганне Сафонавай. Жанчына працяглы час была членам NSNL. Сабіна дапамагала ёй з петыцыяй па адмене шарыкаў падчас выпускных.

– У школе паказала петыцыю настаўнікам. Яны падрабязна вывучалі яе перад тым, як падпісаць. І ўрэшце пагадзіліся, удала рэалізавалі ўсё, таму запуск шароў усё-ткі адмянілі.

Конкурс сацыяльных праектаў

Ідэю для конкурсу сацыяльных праектаў Сабіна прыдумала самастойна. Яна захацела паказаць, як у Маладзечне ад 2015 года рэалізуюцца мэты ўстойлівага развіцця. Дзяўчына адна працуе над праектам, але прызнаецца, што для яе гэта складана.

– Я прыйшла на конкурс з мэтай стварыць кароткаметражны фільм аб рэалізацыі ўсіх 17 мэт устойлівага развіцця ў маленькім горадзе. У ім буду расказ­ваць аб ажыццяўленні праекта ад 2015 года ў Маладзечне.

Сабіна лічыць, што дзякуючы гэтаму фільму людзі даведаюцца пра ўсе 17 мэт, а таксама зверне ўвагу на колькасць гэтых праектаў. Унікаль­насць фільма ў тым, што ён будзе цікавы як лю­дзям, якія ў першы раз чуюць пра мэты ўстойлівага развіцця, так і тым, хто ўжо ведае, што гэта такое.

– Людзі змогуць паверыць у свае магчымасці і здольнасці, рэалізаваць у далейшым і свае ідэі па ўстойлівым развіцці, – тлумачыць дзяўчына.

На конкурс рэгістравалі ўсе заяўкі па праектах. Пасля адбывалася народнае галасаванне – за ўдзельніка адпраўлялі смс-паведамленне. Удзельнікі, якія набіралі пэўную колькасць галасоў, праходзілі далей. Сабіна ўспамінае, што гэта быў дастаткова нервовы час, бо яе канкурэнты атрымлівалі больш галасоў, чым яна.

– Прасіла сваіх сяброў, потым знаёмых і зусім незнаёмых лю­дзей, каб за мяне прагаласавалі. Я так актыўна з усімі камунікавала ў сацыяльных сетках, што ў некаторых з іх мяне на нейкі час блакавалі. У апошні дзень галасавання сядзела ў школе, абнаўляла старонку з вынікамі.

Праект Сабіны ­«ЦУД(Р)» трапіў у чвэрць­фінал. Цяпер удзельнікі конкурсу вучацца разам з экспертамі. Тыя навучаюць нэтворкінгу, працы са СМІ і іншым карысным рэчам для пачаткоўцаў у розных сацыяльных праектах

– Сабіна, чаму вы абралі тэму ўстойлівага развіцця для свайго праекта?

– Калі вы закахаецеся ў чалавека, то не можаце патлумачыць, чаму так здарылася. У мяне якраз так і адбылося. Мне падабаецца гэта тэма. Фраза «Думай глабальна, дзейнічай лакальна» цалкам адпавядае праекту, бо я хачу змяніць свет да лепшага, а пачынаць трэба з маленькага.

• Текст доступен на языке: Русский