Валожынскі суд пакараў мужчыну за смяротную аварыю ў снежні 2020 года. Абвінавачваемага асудзілі на чатыры гады калоніі, паведамляе прэс-служба Мінскага абласнога суда.

Суд Валожынскага раёна разглядзеў справу 29 красавіка. Мужчыну абвінавачвалі па частцы 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса «Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў».

Згодна с прысудам, 34-гадовы мужчына ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў аўтамабілем падчас неспрыяльных умоў надвор’я. Ён не абраў бяспечную хуткасць, выехаў на ўзбочыну і перакуліўся. У выніку ДТЗ пасажыр аўтамабіля атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх загінуў на месцы здарэння.

Мужчына пакаралі 4 гадамі выпраўленчай калоніі з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на тэрмін 5 гадоў.

На карысць пацярпелага — загінулага пасажыра машыны — у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды спагналі 20 тысяч рублёў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Што здарылася

16 снежня 2020 года на дарозе Валожын — Вішнева — Клім адбылася аварыя. Аўтамабіль «Рэно» выляцеў за межы дарогі, урэзаўся ў дрэва і перакуліўся. Аўтамабілем кіраваў 34-гадовы кіроўца ў стане алкагольнага ап’янення, разам з ім быў пасажыр, які загінуў ад атрыманых траўм.

ДАІ Мінскай вобласці паведамляла, што кіроўца не справіўся з кіраваннем, бо няправільна абраў хуткасць руху на трасе. Дзяржаўтаінспекцыя адзначала, што мужчына неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.