Валеры Костка. Фота Радыё Свабода.

Больш за 80 былых беларускіх сілавікоў пазбаўленыя званняў за дэскрэдытуючыя ўчынкі. Сярод іх – былы жыхар Маладзечна, падпалкоўнік КДБ, паплечнік і сябар Генадзя Карпенкі, які пры ім працаваў кіраўніком спраў у Маладзечанскім гарвыканкаме Валеры Костка.

Вось, як прыгадваў спадар Валеры Маладзечна і Генадзя Карпенку ў адным з інтэрв’ю:

– У 1988-м я пераехаў у Маладзечна, працаваў старэйшым операм у палку ўрадавай сувязі, а Карпенка працаваў дырэктарам завода, але тады мы знаёмыя былі слаба. На выбарах у 1990-м быў кандыдатам у Мінскі абласны савет, і мая акруга ўваходзіла ў акругу па выбарах у Вярхоўны Савет 12-га склікання, куды балатаваўся Генадзь Карпенка. Тады мы ўжо разам праводзілі сустрэчы з выбарнікамі, у Маладзечне.

Я стаў дэпутатам абласнога, ён — Вярхоўнага Савета. У 1991 годзе, калі Беларусь дамаглася незалежнасці, я пачаў выпрацоўваць прапановы для рэфармавання КГБ, ператварэння яго з сістэмы палітычнага вышуку ў спецслужбу, якая б займалася замежнай выведкай, контрвыведкай, антытэрорам — тым, што забяспечвае існаванне дзяржавы. З маімі прапановамі не пагаджаўся старшыня КДБ Шыркоўскі, які баяўся, што пры рэфармаванні будзе прызначаны іншы кіраўнік. У верасні 1992-га мы прынялі прысягу на вернасць Беларусі на плошчы — потым усіх афіцэраў звольнілі.

А ў 1993-м я быў вымушаны напісаць рапарт: напісаў, што КДБ не падлягае рэфармаванню, працягвае займацца палітычным вышукам, з КДБ звальняюць нацыянальна свядомых афіцэраў, і папрасіў мяне звольніць. Хацелі звольніць праз службовую неадпаведнасць, але не было такіх падстаў. І тады Карпенка прапанаваў мне ісці працаваць да яго — кіраўніком спраў Маладзечанскага гарвыканкама, дзе ён быў старшынёй. Як ён выказаўся: «Будзеш прыкрываць мяне са спіны». З таго часу мы працавалі разам.

Па інфармацыі tut.by Валер Костка ўваходзілі ў грамадскую камісію па расследаванні знікнення экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

• Текст доступен на языке: Русский