Назар Гулевіч у СІЗА. Фота МБХ Медиа.

Трансгендарнага мужчыну, які родам з Маладзечна, Назара Гулевіча экстрадуюць у Беларусь пасля адбыцця пакарання ў Расіі за махлярства. Аб гэтым паведамляе кіраўнік «Цэнтра прававой дапамогі і асветы» Таццяна Сухарава.

Чытайце яшчэ: Трансгендар з Маладзечна ажаніўся ў расійскай турме

Чытайце яшчэ: Трансгендар з Маладзечна можа сесці ў мужчынскую турму ў Расіі. Блізкія лічуць, што гэта пагроза для яго жыцця

Назар Гулевіч павінны выйсці 27 мая. Яго асудзілі за махлярства.

Паводле Таццяны Сухаравай, Гулевічу не дадуць пабачыцца з жонкай пасля яго вызвалення. На выхадзе з СІЗА, дзе ён адбываў пакаранне, мужчыну пагрузяць у аўтазак і адвязуць у Цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян. Пасля яго экстрадуюць у Беларусь з забаронай уезду на тэрыторыю Расіі на працягу васьмі год як непажаданага грамадзяніна.

— Назар жанаты на грамадзянцы Расіі, мае ў Расіі рэгістрацыю. Таксама ў яго прысудзе не пазначана аб экстрадыцыі і забароне на ўезд на тэрыторыю Расіі як аб дадатковым пакаранні, — кажа Сухарава.

Па словах Сухаравай, у дачыненні да Назара парушаецца Канвенцыя аб правах чалавека па прыкмеце яго трансгендарнасці. Праваабаронца мяркуе, што ў Цэнтры часовага ўтрымання замежных грамадзян Назар будзе знаходзіцца ў мужчынскай камеры, бо там няма адзіночак, а па пашпарце Гулевіч з’яўляецца мужчынам.