Дошку на будынку бальніцы ўсталявалі нядаўна. Фота з сайта Вілейскай ЦРБ.

На будынку тэрапеўтычнага корпуса Вілейскай ЦРБ  усталявалі мемарыяльную дошку ў гонар Мікалая Маліноўскага – знакамітага хірурга, сярод пацыентаў якога былі Юры Андропаў, Міхаіл Гарбачоў, Наіна Ельцына, Георгі Жукаў, Любоў Арлова.

А пачыналася ўсё на Вілейшчыне. Тут, у вёсцы Жаўткі, што цяпер у Любанскім сельсавеце, нарадзіўся будучы доктар-хірург. Як расказалі ў Вілейскім краязнаўчым музеі, Мікалай Маліноўскі спачатку вучыўся ў польскай гімназіі імя Генрыха Сянкевіча ў Вілейцы, а ў 1939 годзе ўстанова стала Вілейскай сярэдняй школай. Мікалай Маліноўскі быў сярод першых яе выпускнікоў у чэрвені 1941 года.

У вілейскай бальніцы Мікалай Нікадзімавіч працаваў адразу пасля заканчэння Мінскага медінстытута – ад 1948 да 1951 года.

Пасля жыў і працаваў у Маскве. Шмат год быў хірургам чацвёртага Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя СССР. Ён двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Герой Сацыялістычнай Працы, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік. Мікалай Маліноўскі напісаў сем манаграфій і больш за трыста навуковых прац па медыцыне, многія з якіх прысвечаныя хірургічнаму лячэнню парокаў сэрца, захворванняў падстраўнікавай залозы, ранняй формы анкалогіі страўніка.

Ардынатары хірургічнага аддзялення Вілейскай абласной бальніцы. Мікалай Маліноўскі – першы злева. Фота з сайта Вілейскай ЦРБ.

Менавіта доктар з Вілейшчыны быў адным са стваральнікаў кардыястымулятара ў былым СССР. Больш за 25 год ён працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Хірургія».

Памёр у Маскве ў 2018 годзе.

– Да апошніх дзён Мікалай Маліноўскі не траціў сувязяў з роднай Вілейшчынай. Нягледзячы на вялікую занятасць, прыязджаў у родную вёску Жаўткі, дзе ў яго засталіся сваякі, – расказала карэспандэнту навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава.

• Текст доступен на языке: Русский