Скульптар Юрась Камандзірчык за працай. Фота facebook.com.

Днямі скульптар з курортнага пасёлка Нарач Юрась Камандзірчык займеў кнігу «Народныя майстры Беларусі». У кнізе – трыста старонак. А на іх – звесткі пра 140 умельцаў, якім спецыяльная дзяржаўная камісія прысвоіла статус «народнага майстра». У кнізе ёсць таксама звесткі пра Камандзірчыка. А фота яго драўлянай скульптуры «Буслы слукаўскія» ўпрыгожыла вокладку выдання.

Звесткі пра майстроў пададзеныя ў раздзелах «Мастацкі тэкстыль», «Ганчарства», «Саломапляценне», «Выцінанка», «Рэдкія рамёствы». А ў раздзеле «Мастацкая апрацоўка дрэва» ад Міншчыны прадстаўленыя два майстры. Адзін з іх – Юрась Камандзірчык.

Аўтары адзначаюць, што скульптар з Мядзельшчыны – адзін з нешматлікіх майстроў, які адраджае і развівае традыцыйную разьбу па дрэве. Чытач даведваецца, што здольнасці да творчасці ў будучага майстра праяўляліся з дзяцінства – маляваў, займаўся выпальваннем, разьбой па дрэве. Вучыўся на будаўніка ў Мінску, пасля – у Кобрынскім мастацкім вучылішчы.

Буслы слукаўскія Юрася Камандзірчыка на вокладцы кнігі. Фота nationalcultures.by.

Скульптуры Камандзірчыка сёння ўпрыгожваюць тэрыторыі шматлікіх санаторыяў Мядзельшчыны. Сярод іх – «Галіна», «Рыбак з сомам», «Рыбак з вёсламі». А «Дзед з жоравам», які аздабляе санаторый «Журавачка», адкрывае раздзел кнігі, прысвечаны мастацкай апрацоўцы дрэва.

Своеасаблівая візітоўка майстра – драўляныя «вышыванкі» і «ручнікі». Імі Камандзірчык упрыгожвае шматлікія скульптуры.

Мядзельшчына, дзе творца жыве і працуе шмат гадоў, – не родная мясціна Юрася Камандзірчыка. Сам ён з вёскі Спярыжжа, што на Брагіншчыне. А з сям’ёй пераехалі на Нарач з Мазыра ў 1989 годзе. І менавіта на Мядзельшчыне, па словах майстра, у поўнай меры праявіўся яго талент разьбяра.

Сёння драўляныя скульптуры нарачанскага майстра дэманструюцца на абласных, рэспубліканскіх, замежных выставах. Ён – актыўны ўдзельнік разнастайных творчых пленэраў за межамі Беларусі.

А драўляны Вялес ад нарачанскага майстра стаіць на Смаленшчыне. Такую скульптуру ў свой час мастаку замовіў турыст, які адпачываў на Мядзельшчыне і пабачыў працы Камандзірчыка.

Юрась Камандзірчык – не адзіны прадстаўнік рэгіёна, які ўвайшоў у кнігу. У раздзеле «Выцінанка» прадстаўленыя Вікторыя і Лізавета Чырвонцавы з Маладзечна, а ў раздзеле «Лозапляценне» – Людміла і Аляксандр Мускія са Смаргоні.

Мядзведзь і бел-чырвона-белы шлях. Драўляная кампазіцыя ад скульптара з Мядзельшчыны з’явілася на Нясвіжшчыне

У курортным пасёлку Нарач паставілі драўляную скульптуру «Дрэва жыцця»

Каб ехаць на конкурс, адгадаваў бараду і набыў валёнкі: разьбяр з Мядзельшчыны распавёў пра ўдзел у конкурсе ледзяных скульптур у Томску

• Текст доступен на языке: Русский