Фота pixabay.com.

Актывісты Цэнтра экалагічных рашэнняў даследуюць, наколькі развітая ў нашым рэгіёне сістэма інфармавання цяжарных жанчын пра нітраты ў вадзе і іх шкоду для немаўлят. Нашых чытачак, якія маюць дзяцей да трох гадоў або цяжарныя, просяць паўдзельнічаць у даследаванні. 

Для гэтага трэба запоўніць анкету вось тут.

А цяпер пра шкоду нітратаў

Чатыры гады таму Столінскі раён Брэсцкай вобласці біў абласныя рэкорды па колькасці пробаў калодзежнай вады з павышаным утрыманнем нітратаў. Як вынік – цяжкі стан у дзяцей да чатырох гадоў. Тады медыцынскае кіраўніцтва раёна зразумела праблему і рэкамендавала ў паліклініках выдаваць накіраванне на вызначэнне якасці вады тым цяжарным, якія карыстаюцца вадой з калодзежа. Вынікі ўклейваюць у абменную карту цяжарнай, а будучым маці ў абавязкова расказваюць пра небяспеку нітратаў у вадзе, паведамляе ecoidea.by.

Такія ж меры ад 2017 года прымаюць і ў Клічаве Магілёўскай вобласці. Праўда, тут падобныя захады насяць не рэкамендацыйны, а абавязковы характар.

Праблема ўплыву нітратаў на здароўе цяжарных і нованароджаных вострая. Адсутнасць інфармацыі можа стаць прычынай трагедыі. Так, у студзені 2014 года на Гомельшчыне памерла дзіця. У цэнтральнай раённай бальніцы, куды дзяўчынку прывезла хуткая, выказалі здагадку, што прычынай магла стаць вада з калодзежа з высокім утрыманнем нітратаў. У 2018 годзе яшчэ адзін падобны інцыдэнт адбыўся на Гомельшчыне: месячнае дзіця атруцілася калодзежнай вадой. Узровень нітратаў у калодзежы ў 33 разы перавышаў дапушчальную норму. Але тады дзіця выжыла.

Усе гэтыя выпадкі пацвярджаюць неабходнасць ранняга выяўлення нітратнага забруджвання вады ў калодзежах і ўкараненне такіх практык па ўсёй краіне, лічыць спецыялістка па кіраванні воднымі рэсурсамі Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Парэчына:

–  Практыка, якая існуе ў Брэсцкай і Магілёўскай абласцях, вельмі правільная і карысная з пункту гледжання прафілактыкі нітратнага атручвання малалетніх дзяцей. Рашэнне аб распрацоўцы сістэмы мер ранняга выяўлення нітратнага забруджвання калодзежаў і іншых крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння неабходна прымаць на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. Варта весці інфармацыйную працу пра ўплыў нітратаў на здароўе чалавека ва ўсіх медыцынскіх установах краіны ці, як мінімум, на перадродавых курсах, што звычайна праходзяць жанчыны, якія збіраюцца стаць маці. Важна рабіць гэта на пастаяннай аснове, можна кааперавацца з грамадскімі арганізацыямі такімі, як наш Цэнтр экалагічных рашэнняў.

Наталля Парэчына падкрэсліла, што часцей ад «нітратнай» калодзежнай вады пакутуюць тыя раёны, дзе засяроджана шмат жывёлагадоўчых комплексаў і больш развіта раслінаводства. Менавіта сцёкі з палёў і сцёкавыя вады ферм забруджваюць падземныя воды.

Актуальную інфармацыю аб стане калодзежнай вады ў сваёй мясцовасці можна даведацца ў раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі. Ёсць нюанс: службы правяраюць толькі грамадскія калодзежы. Прыватныя калодзежы – адказнасць гаспадароў, іх не даследуюць.

– Звярніце ўвагу, што канцэнтрацыя нітратаў у пітной вадзе змяняецца ад сезону да сезону. І нават вада ў двух калодзежах побач можа адрознівацца. Калі ваша сям’я п’е ваду з калодзежа, калонкі або крыніцы, лепш рэгулярна правяраць ваду самастойна, – кажа Наталля Парэчына.

Вонкава ўбачыць нітраты ў вадзе немагчыма – яны не маюць ні колеру, ні смаку, ні паху. Даследаванне вады на ўтрыманне нітратаў можа быць праведзена на платнай аснове ў лабараторыях тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі (па заяве). Можна самастойна праверыць якасць вады ў калодзежы з дапамогай адмысловай тэст-палоскі.

Чаму дзеці ў групе рызыкі

Доктар-лабарант санітарна-хімічных і таксікалагічных метадаў выпрабаванняў Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандра Сырапарава паведамляе, што трапляючы ў стрававальны тракт чалавека, нітраты пад уздзеяннем кішачнай мікрафлоры аднаўляюцца да нітрытаў. Нітрыты, у сваю чаргу, злучаючыся з гемаглабінам, ўтвараюць ўстойлівае злучэнне метгемаглабін і зніжаюць здольнасць эрытрацытаў пераносіць кісларод, надыходзіць гіпаксія тканін. У выніку парушаецца абмен рэчываў, зніжаецца здольнасць арганізма супрацьстаяць розных захворванняў.

Асабліва небяспечна высокае ўтрыманне нітратаў у вадзе для дзяцей самага ранняга ўзросту, у прыватнасці, калі вада выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі сумесяў і каш.

– Гэта абумоўлена няспеласцю дзіцячай ферментатыўнай сістэмы, якая аднаўляе метгемаглабін ў гемаглабін, паніжанай кіслотнасцю страўнікавага соку і высокім узроўнем ўжывання вадкасці.

Пры атручванні ў дзяцей імкліва развіваецца цяжкая хвароба крыві – метгемоглабінемія, першыя прыкметы якой – сінь вакол рота, на руках і нагах, магчымыя абцяжаранае дыханне, ваніты і дыярэя. Можа развіцца дрымотнасць, ўзрасці слінаадлучэнне, у цяжкіх выпадках з’яўляюцца сутарагі, можа назірацца страта свядомасці, аж да смяротнага зыходу.

У цэлым да групы рызыкі ставяцца людзі з захворваннямі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, цяжарныя жанчыны, пажылыя людзі з недастатковым кіслародным забеспячэннем органаў і тканак, асобы з пептычнай язвай або хранічным гастрытам.

• Текст доступен на языке: Русский