Лідзія Дарафееўна Літвінчук сёння. Фота Настассі Уткінай.

Недалёка ад Краснага ёсць вёска Асавец. Тут жыве 97-гадовая Лідзія Дарафееўна Мушавец (Літвінчук). Сюды, на радзіму мужа, яна, дзяўчына з Палесся, прыехала ў 1946 годзе. А да гэтага былі роднае Палессе, польскі Асвенцым, нямецкі Дахаў і трохгадовая праца на нямецкага баўэра.

Так атрымалася, што ў Другую сусветную Лідзія Дарафееўна разам са сваім будучым мужам Уладзімірам Міхайлавічам Мушаўцом хадзілі літаральна аднымі і тымі ж сцежкамі: Асвенцым, Дахаў, працоўная біржа ў Мюнхене. А пазнаёміліся толькі пасля вайны на Палессі. Але пра ўсё па парадку.

Як пачалася вайна для Лідзіі Літвінчук

Нарадзілася Лідзія Дарафееўна ў 1924 годзе ў вёсцы Заводны Востраў на Мазыршчыне. А карані яе – з Украіны, з пад Белай Царквы, што ў Кіеўскай вобласці. Там яе дзед Андрэй Літвінчук прадаў сваю зямлю ў і 1903 годзе з сям’ёй перабраўся на Палессе. Набыў 25 гектараў таннай забалочанай і зарослай зямлі, якую сям’я стала апрацоўваць.

Дарафей Літвінчук, бацька Лідзіі Мушавец. Фота з архіва сям’і Мушавец.

А ў пачатку мінулага стагоддзя адзін з сыноў Літвінчука, Дарафей, ажаніўся з Аленай Бягляк. У іх і нарадзілася мая гераіня. У 1939 годзе яна скончыла Махнавіцкую сямігодку і паступіла ў Мазырскае настаўніцкае вучылішча на настаўніцу пачатковых класаў. Годам раней гэта вучылішча скончыла і старэйшая сястра Лідзіі, Варвара.

Пра вайну Лідзія даведалася на ваенных зборах, якія кожнае лета ладзілі ў вучылішчы. 22 чэрвеня 1941 года кіраўніцтва лагера пастроіла ўсіх навучэнцаў і абвясціла, што пачалася вайна. Лідзія з сяброўкамі некалькі дзён дапамагалі на станцыі ваенным і цывільным адгружаць у вагоны дакументацыю, стратэгічнае абсталяванне. Пасля Лідзія падалася да роднай хаты, дзе прыняла кіраўніцтва магазіна ад стрыечнага брата Міколы Старавойтава.

Сам Мікола падаўся ў ваенкамат. Хутка ў Махнавічах стварылі партызанскі атрад, у які залічылі хлопца. Дарэчы, пасля вайны Мікола стаў вядомым скрыпічным майстрам, беларускім Страдзівары.

Скрыпка, зробленая Міколам Старавойтавым. Фота забяспечанае Алесем Раткевічам.

У вайну па заданні партызан Лідзія вывозіла са сваёй крамы ўсё: ад запалак і солі да цвікоў і паперы, у лес, у канспіратыўнае месца. У вёску немцы здолелі дабрацца толькі ў снежні, як балота цалкам замерзла. А ў пачатку Новага года партызаны знянацку наляцелі на камендатуру і забілі немцаў разам з іх камендантам. Пасля немцы доўга сюды не прыходзілі. Многія вяскоўцы запісаліся ў партызанскія атрады.

Тры гады працавалі на гаспадарку нямецкага фермера

Зноў наляцелі акупанты вясной 1942, калі партызаны пакінулі вясковыя кватэры і сышлі ў лес. Лідзіі і яе пляменніцы Вользе Літвінчук далі 15 хвілін на зборы. Пешшу прыйшлі ў Ельск у спецлагер для часовага ўтрымання зняволеных перад адпраўкай у Германію. Трымалі там доўга, хатняя ежа скончылася. Неяк да дзяўчат прыйшоў сваяк, дзядзька Ілюк, які жыў у Ельску. Ён перакінуў праз агароджу пакунак з ежай і цёплымі рэчамі і паабяцаў, што выкупіць іх. Але не паспеў.

На наступны дзень зняволеных загрузілі ў вагоны-цялятнікі і прывезлі ў польскі Асвенцым. Тут частку людзей пакінулі, а іншую, у тым ліку палескіх дзяўчат, адправілі далей, у Германію. Лёс закінуў іх у Баварыю, у канцлагер Дахаў, які раздзяляўся на лагер смертнікаў і працоўны. Лідзія і Вольга трапілі ў працоўны. Упершыню пасля доўгага перапынку паелі тут аўсянай поліўкі. У гэтым канцлагеры таксама доўга не затрымаліся. Праз суткі на машынах дзяўчат пераправілі ў Мюнхен у мураваны трохпавярховы будынак з шыльдай Arbeitsamt (працоўная біржа).

Адсюль Лідзію з Вольгай забралі ў мястэчка Дайзенгофен да фермера Карла Мідэрмаера. Яны сталі працаваць на вялікай гаспадарцы.

Гэта 36 дойных кароў і чатыры вялікія быкі, не лічачы цялушак і цялят. Для апрацоўкі палеткаў было шасцёра коней.

Працоўны дзень пачынаўся з чатырох гадзін раніцы. За тры гадзіны трэба было пачысціць увесь кароўнік ад гною. У сем – сняданак. А восьмай усе работнікі і члены сям’і ішлі на працу ў поле.

Дома заставалася толькі гаспадыня, фраў Катрын. Яна гатавала ежу на ўсіх у адным кацялку. Апоўдні – абед і зноў у поле. Ад 16:00 і да 22:00 Лідзія з Вольгай зноў чысцілі і кармілі кароў. Пасля – вячэра і спаць, там жа, на кароўніку, у тамбуры з сенам.

Спярша гаспадары ставіліся недаверліва да дзяўчат, але тыя працавалі адказна. Гаспадар Карл заўважыў гэта. Праз год у Лідзіі і Вольгі з сям’ёй баўэра склаліся сяброўскія адносіны. Дачка гаспадара, фрэйлен Онэ была аднагодка з дзяўчатамі, другая дачка, фрэйлен Катрын, – на два гадымаладзейшая за іх. За год усе гастарбайтары ўжо добра вывучылі нямецкую. Сям’я баўэра цікавілася жыццём у СССР, беларускай прыродай,людзьмі і іх традыцыямі. Лідзія, якая была добрай апавядальніцай,расказвала ім пра ўсё.

Палескія дзяўчаты знешне сталі сапраўднымі фройлен. Пра гэта паклапаціліся маладыя немкі, з дазволу бацькоў падзяліўшыся сваім гардэробам.

І ўсё ж па начах Лідзіі і Вользе сны не давалі забыцца пра Радзіму. Неяк у красавіку 1945 у чатыры гадзіны раніцы дзяўчат пабудзілі разрывы снарадаў з боку Мюнхена. Гэта горад штурмавалі саюзнікі-амерыканцы. У той дзень гаспадар дазволіў остарбайтарам не працаваць. Вывесіў на доме белы сцяг і сам пайшоў з сям’ёй працаваць у поле.

Шлях дадому

Цяпер дзяўчат чакаў шлях дадому. Праз два дні ў мястэчка прыехаў трактар з прычэпам і адвёз савецкіх грамадзян у Мюнхен для адпраўкі на радзіму. Інтэрнат у Мюнхене быў напоўнены савецкімі вязнямі. У вестыбюлі была сталовая, кармілі амерыканскімі кансервамі, тушонкай, рыбай. Хто быў прыдатны да вайсковай службы, забіралі ў армію. Астатнія чакалі адпраўкі ў СССР. Праз нейкі тыдзень, забяспечыўшы вязняў трохдзённымі ссабойкамі, савецкая камендатура Мюнхена пачала адпраўку грамадзян. Былых вязняў з горада пачалі вывозіць на амерыканскіх машынах у бок Аўстрыі. Праз кіламетраў дзвесце аўтакалона спынілася. Людзям загадалі выйсці і пастроіцца.

– А нам, – кажа Лідзія Дарафееўна, – сказалі пачакаць тут або ісці паціху па шашы, каб патрапіць у прызначаны гарадок. Калона без адпачынку з надзеяй рушыла наперад. Ішлі доўга, але гарадка не знайшлі і машын не дачакаліся. Пераначавалі ў дарозе. Стала зразумелым, чаму камендатуры спатрэбілася тэрмінова вывозіць вязняў з Мюнхена. Прычына – пераход савецкіх грамадзян на амерыканскую зону. І каб пазбавіць ахвотных на пераход такой магчымасці, камандаванне вырашыла хутчэй вывезці людзей з горада, на падкантрольную савецкім войскам тэрыторыю. Толькі на пяты дзень дайшлі да таго самага гарадка і зноў сталі чакаць. Напрыканцы ліпеня дайшла чарга ехаць дадому. Праз тыдзень яны былі ўжо ў Будапешце. Тут зноў – перавалачны лагер. Адносіны мясцовых былі прыязныя. Давалі вопратку, абутак, частавалі. Палескія дзяўчаты ў адказ дапамагалі мясцовым збіраць вінаград. Больш за два тыдні Лідзія з Вольгай пражылі ў мясцовай сям’і, дапамагалі па гаспадарцы. Гаспадар-балгарын нават прапаноўваў застацца.

Але дзяўчаты рваліся на роднае Палессе. Дзесьці 20 жніўня цягнік крануўся з Будапешта ва Украіну. У Кіеве Лідзія з Вольгай прыладкаваліся на першы грузавы цягнік да Ельска. Адтуль пешшу дайшлі да роднай вёскі і на месцы хат пабачылі абгарэлыя камяні ад печаў. А побач з імі паўставалі зрубы новага жытла. Родныя Лідзіі туліліся ў пабудаваным невялічкім склепе на сваім падворку побач са спаленай хатай. Тут Лідзія іх і застала падчас вячэры, а з імі – незнаёмага вайскоўца.

Лідзія і Уладзімір

Ад родных стала вядома, што ў ліпені 1943 года на вёску зноў наляцелі ворагі. Пакуль тыя акружалі Заводны Востраў, амаль усе жыхары пакінулі жытло. Засталіся толькі нямоглыя старыя, якіх фашысты адвезлі ў суседнія Рэмезы, загналі ў будынак і спалілі. Жыхары Заводнага Вострава, якія выратаваліся, да зімы туліліся на балоце ў буданах, а зімой перабраліся ў наземныя скляпы-зямлянкі. Пасля вайны вёска пачала адраджацца. Аднаўляўся калгас, леспрамгас, вузкакалейка. Для яе аднаўлення ў Заводны Востраў накіравалі вайсковых чыгуначнікаў.

Уладзімір Мушавец. Фота з архіва сям’і Мушавец.

Адзін з іх, радавы Уладзімір Мушавец, узяў шэфства над сям’ёй таты Лідзіі Дарафееўны. Гэтага вайскоўца Лідзія і заўважыла сярод сваіх родных у першы дзень вяртання з чужыны. Уладзімір дапамагаў Дарафею па цяслярскай справе. Гэта рамяство яму было знаёмае з дзяцінства. Паміж Лідзіяй і Уладзімірам завязалася сяброўства. Дзяўчына стала працаваць у Двіжскай сямігодцы.

Неяк, выходзячы пасля заняткаў са школы, Лідзія ў двары ўбачыла свайго сябра Уладзіміра. Цяпер маладыя сустракаліся кожны выхадны. Калі вайскоўцы абнавілі вузкакалейку, Уладзімір паехаў пад Брэст. А Лідзія засталася працаваць і вучыцца завочна на трэцім курсе ў Мазырскім настаўніцкім вучылішчы.

Што адбывалася падчас вайны ў Асаўцы і ваколіцах

Уладзімір дасылаў дзяўчыне лісты. Расказваў, што нарадзіўся ў вёсцы Асавец у 1918 годзе, калі тут ужо гаспадарыла кайзераўская Германія. А ў 1921 яе змяніла Польшча. Бацька Уладзіміра, Міхаіл Іванавіч, пасля вяртання з Першай сусветнай моцна хварэў. І ў 1924 годзе, калі Уладзіміру ішоў сёмы год, памёр ад сухотаў. Маці, Юстына Яфімаўна, падымала дзяцей сама. Уладзімір скончыў чатыры класы польскай школы.  У 15 год, як самы старэйшы, узяў на сябе абавязкі гаспадара. Праз некалькі год, як меншыя падраслі, уладкаваўся ў Маладзечне на хлебапякарню.

Бацькі Уладзіміра Мушаўца, Юстына Яфімаўна і Міхаіл Іванавіч. Фота з архіва сям’і Мушавец.

Калі 1 верасня 1939 года фашысцкая Германія напала на Польшчу, яго не мабілізавалі ў Войска Польскае, не трапіў і на фінскую вайну. Прызвалі ў канцы 1940-га ў Чырвоную Армію, у будаўнічы батальён, які фарміраваўся ў Вілейцы. Сфарміраваны, але не абмундзіраваны батальён перакінулі на Беласточчыну, пасля будавалі аэрадром у Зэльве. Тут 22 чэрвеня ад мясцовых жыхароў даведаліся, што пачалася вайна. У першыя дні спрабавалі працягнуць будоўлю аэрадрома. Але немцы не давалі гэта рабіць. Таму паступіла каманда ўсім сысці далей ад аэрадрома ў лес. Пасля ваенных будаўнікоў з Заходняй Беларусі вырашылі распусціць па хатах.

Уладзімір рушыў праз Шчару, за ёй Ліпічанскую пушчу, з іншымі заходнікамі выйшаў да Нёмана. Часам наляталі нямецкія самалёты, шмат людзей з калоны загінула. У мястэчку Любча перабраліся на другі бераг Нёмана. Там ужо адны пайшлі ў кірунку Смаргоні, а іншыя, у тым ліку і Уладзімір, цераз Налібокі ў бок Івянца.

Пасля Уладзімір і яшчэ некалькі чалавек рушылі нацянькі праз балота на Гарадок.

На першым хутары жыхары папярэдзілі, што Гарадок, Відзеўшчына і Краснае занятыя немцамі. На хутары пераначавалі. А раніцай падаліся на Алёхнавічы. Уладзімір ішоў узлескамі. Спачатку – да Плябані, а там праз Малашкі ў Асавец, дзе сустрэўся з роднымі.

Вяскоўцы распавялі, што ўжо на трэці дзень вайны дайшлі чуткі, што нямецкія войскі ідуць на Мінск праз Краснае. І сапраўды, хутка на вуліцы Асаўца людзі ўбачылі ўзброеных чужынцаў на матацыклах. З гэтага дня там абвясцілі нямецкую ўладу. Чужынцы са сваімі памагатымі забралі ўвесь сабраны ўраджай. А яшчэ мужыкі павінны былі працаваць на лесанарыхтоўках і на іншых работах у Красным.

У пачатку 1942-га ў навакольных лясах пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады, якія наладзілі сувязь з асаўлянскімі мужыкамі, што працавалі ў немцаў у Красным. Уладзімір працаваў на лесанарыхтоўках за Раёўкай. Там жа ў лесе і перадаваў партызанскаму сувязному Есмановічу (Пётрачку), аб’езчыку лесу, разведдадзеныя і зброю з патронамі, дабытую асаўлянскімі рабочымі з нямецкіх складоў. І гэтак на працягу двух гадоў. У 1943 годзе немцы западозрылі Уладзіміра ў сувязі з партызанамі. 27 верасня яго затрымалі ў Ракуцёўшчыне, дзе той павінны быў сустрэцца з чалавекам з разведдадзенымі для партызан. Каб адвесці ад сябе падазрэнне, Уладзімір у Ракуцёўшчыне спачатку зайшоў да шаўца Паўловіча перашыць старыя боты для малодшага брата. Тут затрымаўся, тым самым уратаваўшы сябе. Бо калі выйшаў ад Паўловіча, то заўважыў незнаёмца ў акружэнні немцаў і паліцаяў. Уладзімір паспрабаваў прайсці далей па дарозе, але немцы загадалі спыніцца. Яго затрымалі і адвезлі ў Маладзечна ў Шталаг, а пасля – у Мінск, на Валадарку ў гестапа. Тут катавалі, але ён не прызнаўся ў сувязі з партызанамі.

Асвенцым і Дахаў у лёсе Уладзіміра

Праз некалькі дзён Уладзіміра з іншымі зняволенымі загрузілі ў вагоны-цялятнікі і цягніком адправілі на захад. Як пасля вайны высветлілася, па тым самым маршруце, па якім прайшла і Лідзія годам  раней – спачатку Асвенцым, пасля – Дахаў і тая ж самая працоўная біржа Arbeitsamt. Тут яго як прафесійнага хлебапёка адправілі працаваць на хлебазавод. Тут і дачакаўся вызвалення. Калі прыйшла савецкая армія, Уладзіміра адразу там жа, у Мюнхене, залічылі ў будаўнічы батальён і адправілі ў СССР, на адраджэнне народнай гаспадаркі. І ўжо ў пачатку ліпеня Уладзімір Мушавец са сваім батальёнам патрапіў на Мазыршчыну, на аднаўленне вузкакалейкі Махнавічы-Ельск. Палявы батальённы лагер размясціўся на ўскрайку вёскі Заводны Востраў. Там ён і пазнаёміўся з Лідзіяй Дарафееўнай Літвінчук.

З Палесся – назаўсёды ў Асавец

Да жніўня 1946 года знаёмства перарасло ў каханне. У сярэдзіне жніўня Уладзімір дэмабілізаваўся з войска, заехаў у Заводны Востраў забраць Лідзію ў Асавец. Сям’я дзяўчыны трывожылася, бо ў Заходняй Беларусі было неспакойна: даходзілі чуткі, што тут яшчэ шмат антысавецкіх узброеных груповак у лясах. Але Лідзія з каханым усё ж рушылі ў Асавец. Вёска сустрэла маладых амаль цалкам спаленай, загінула паўсотні яе жыхароў, у тым ліку і маці Уладзіміра. Неабстраляныя асавецкія юнакі склалі галовы на фінскай вайне, у арміі генерала Андэрса, зніклі без звестак.

Вяселле Мушаўцоў. Фота з архіва сям’і Мушавец.

Трэба было ўсё пачынаць наноў – будавацца, заводзіць сем’і, ствараць калгас. Да 1939-га Асавец быў пад Польшчай, і да вайны стварыць калгас не атрымалася, бо амаль што ўсе былі супраць. Гэта тэндэнцыя засталася і ў пасляваенны час. Спачатку ішлі ўгаворы, пераконванне. Нямала намаганняў для стварэння калгаса прыкладала і Лідзія Дарафееўна. Але як ні намагалася яна, не хацелі сяляне развітвацца з аднаасобніцтвам. На пачатку 1947 года на сялян-аднаасобнікаў з боку ўлады пачалося адміністрацыйнае і юрыдычнае ўздзеянне. Выканкамы праводзілі інвентарызацыю сялянскіх падворкаў, шукалі кулакоў і сераднякоў. Людзей абкладалі трайнымі падаткамі. Пачалося раскулачванне. У людзей з суседніх вёсак забіралі жывёлу і зямлю. Лідзія Дарафееўна ўсім, хто пагаджаўся, пісала заявы на ўступленне ў калгас, бо людзі мелі толькі польскую адукацыю. Да восені 1947 калгасы ўсё ж стварылі.

Уладзімір Міхайлавіч уладкаваўся вольнанаёмным у вайсковую часць у Красным, а Лідзія Дарафееўна працавала ў школе. У сям’і нарадзіліся сыны Міхаіл, Леанід, Уладзімір. У адноўленым пасля вайны бацькоўскім доме месца хапала.

Зацягнуліся ваенныя раны, але бацькам прыйшлося перажыць яшчэ адну трагедыю. У чэрвені 1991 года пры трагічных абставінах у адзін дзень загінулі два сыны, Леанід і Уладзімір. Падчас купання на рэчцы Рыбчанцы ў аднаго з братоў сутарга звяла ногі, і ён пачаў тануць. Другі нырнуў яго ратаваць, але на паверхню ўжо ніхто не вынырнуў. Загінулых вадалазы знайшлі пад абрывістым берагам счэпленымі. А ў 2000-м ад страты двух сыноў не вытрымала сэрца Уладзіміра Міхайлавіча. Гэта чарговая рана моцна надарвала здароўе і Лідзіі Дарафееўны.

Але яна сёння ў 97 год жыве адна ў сваім доме і не хоча пераязджаць у сям’ю сына.

– Я тут жыву за сябе, за свайго каханага мужа і за родных дзетак сваіх, – кажа жанчына.

Хачу выказаць словы падзякі за гэты артыкул Лідзіі Дарафееўне Мушавец (Літвінчук), Марыі Дзянісаўне Пашкоўскай (Старавойтавай), Еве Сямёнаўне Чарнецкай, Леаніду Браніслававічу Пашкоўскаму, Алене Сцяпанаўне Хмяльніцкай (Літвінчук), Таццяне Сяргееўне Чэрнік (Падвысоцкай), Марыі Харытонаўне Мушавец (Паўловіч).

• Текст доступен на языке: Русский