Ілюстрацыйны здымак. Фота fishki.net.

Усе мы родам з дзяцінства, усе вучыліся пазнаваць навакольны свет. І кожны па-свойму, у кожнага быў свой адметны шлях і найперш – у сям’і.

Сям’я – гэта самыя блізкія родныя людзі. У сям’і, як нідзе больш, пануе атмасфера дабрыні, даверу, узаемаразумення і ўзаемадапамогі. Тут адчуеш ласку, любоў і заўсёды абаронены.

Бацькі – самыя першыя выхавальнікі і настаўнікі, дактары і псіхолагі. У сям’і дзіця робіць першыя крокі, вучыцца размаўляць, засвойвае правілы паводзін, даведваецца, што такое дрэнна і што такое добра.

Дзеткі заўсёды шчырыя, а пытанняў у іх безліч. Нават дзіву даешся, ёсць такія, што адразу і не адкажаш.

Я неяк ужо ў сталым узросце, калі ўнукі свае былі, пачала запісваць цікавыя выказванні дзяцей, нават суседскіх. Хай будзе на памяць, ужо цэлы сшытак сабраўся. Успамінаеш – і неяк цёпла на душы становіцца. Наша сям’я не была вялікай. Я, муж і двое дзетак. Дачушка Леначка і сынок Віцька.

Дачка ўжо на пенсіі, але яшчэ працуе. Яна загадчыца аптэкі ў Мінску. Сын працуе выхавальнікам у Маладзечанскай школе для дзяцей са скаліёзам. У Лены дзве дачкі – Галя і Таня. У Галі ёсць сынок – мой праўнук. Мікітка вучыцца ў другім класе. Таніна дачушка Жэнька вучыцца ў першым класе. У Віці адзін сын, Сярожа, працуе ў Мінску.

Я добра памятаю, якія яны былі, калі былі маленькія, як спазнавалі свет. Толькі не помню дакладны ўзрост, у якім сказалі тое ці іншае.

Вось некаторымі такімі ўспамінамі дзялюся з вамі, чытачы.

Аўтар Яўгенія Кулевіч каля дома з унукамі. Старэйшая ўнучка, Галя, і меншая, Таня, – дзеці дачкі Алены. Сярожа – унук па сыну.

Сыну, можа, гады два, ужо ідзе трэці. Неяк вечарам адключылі святло. Малы просіць уключыць. Тлумачу, што святло не ўключыш, бо станцыя не дае току, які бяжыць да нас па провадзе.

Сядзім некаторы час у змроку. Па вуліцы едзе машына. Малы адразу рэагуе:

– Мама, а чаму станцыя машыне дала ток?

***

Бяжыць з вуліцы і крычыць:

– Мама, хутчэй ідзі паглядзі! Ля нашага дома стаіць машына з разяўленым ротам!

Мне нават цікава стала, як гэта. Ідзём. Аказалася, шафёр падняў капот. Збоку і сапраўды нагадвае разяўлены рот.

***

Высушыла неяк чарніц. Частую сына, высыпала ў слоік, закрыла і кажу: «Хай гэта будзе на зіму, як жывот забаліць, то добра памагае». Сын ківае галавой, пагаджаецца. Пабег гуляць. Прыходзіць і кажа: «Мне нешта жывот забалеў. Мусіць, трэба чарніц паесці. Бачыш ты яго, ужо хацеў схітрыць. Тлумачу, што нельга падманваць, заўсёды трэба казаць праўду.

***

Панадзіліся дзеці ў калгасны гарох хадзіць – струкі зялёныя рваць. Я ім кажу, што нельга хадзіць у гарох. І суседскім дзецям, і вам, бо старшыня штраф дасць.

– А што такое штраф? – пытаецца Віця

– Ну, скажа, напрыклад, давайце па пяць рублёў.

На другі дзень сын кажа: «Давай, мама, пяць рублёў. Пайду ў гарох. Як прыйдзе старшыня, то яму аддам». Давялося тлумачыць больш даходліва.

***

Сыну было каля шасці год. Вось надыходзіць дзень нараджэння. Зрабіла салодкі стол, запрасіў сяброў. А суседскі хлопчык, значна меншы, прынёс у падарунак машынку. Пагасцявалі. Назаўтра Вовачка прыйшоў да Віці гуляць. Бавілі час, а адыходзячы дадому, Вова забірае машыну, што ўчора падарыў.

– Нашто маю машыну забіраеш? – пытаецца Віця.

– Гэта ж мая машына, – сцвярджае Вова.

– Як твая, ты ж мне яе ўчора падарыў.

– Ну і што, што падарыў. Учора падарыў, а машына ж мая.

– Віцька, хай ён бярэ, ён жа меншы, – кажу я.

Віцька незадаволена змаўкае, а Вова радасны пабег з машынкай. Праз нейкі час ідзе Вовачка з маці, аддае Віці машынку. Я і думала, што так яно і будзе.

– На, бяры. Я ж табе падарыў, то яна твая. А мне мама купіць нават лепшую.

Вось і ўладзіўся канфлікт. Лепш за ўсіх угаварыць дзіця зможа маці.

***

Прыйшлі ў краму, сын, як звычайна, просіць што-небудзь купіць. А дзе ты кожны раз накупляешся, то тады адказваю: «Грошай няма».

– Мама, як няма, то ідзі і палучы.

Вядома, што ў яго разуменні было, што атрымліваеш тады, калі трэба. І так кожную рэч трэба тлумачыць.

***

Вару грыбны суп. Пакрышыла грыбкі ў талерку, а потым укінула ў каструлю з варам. І тут малы падбягае.

– Мама, а ты мой грыбок укінула?

– Які твой грыбок?

– А я з пластыліну зляпіў і пакрышыў табе ў талерку.

Прыйшлося суп выліваць. То ж трэба, пакрышыў, я і не бачыла, калі. Вось так і спазнаюць свет.

***

Неяк паехаў муж у Мінск на курсы ўдасканалення. Прыслаў дамоў лісты. А малы хоча, каб кожны дзень татка ліст дасылаў. Здаецца, навошта яму, чытаць жа не ўмее. Паштальёна сустракае кожны дзень і пытаецца:

– Дзядзя, а вы ў Мінску былі?

– Быў, быў, хлопчык.

– А тата пісьмо не даў?

– Не, не даў. Як дасць, то прынясу.

***

Перабіраю я ў скрыначцы дакументы. А ён тут жа цікуе.

– А вось і тваё пасведчанне аб нараджэнні.

– Дай.

Даю. Ён паглядзеў, разгарнуў і панёс да сваіх цацак.

– Куды панёс, давай сюды!

– Ты ж сказала, што гэта маё, – і незадаволена аддае. Вось і зноў спатрэбілася разгорнутае тлумачэнне.

***

Размаўляем з мужам, успамінаем часы Другой сусветнай вайны. Малы прыцішыўся, слухае. Раптам пытаецца:

– А дзе я быў?

– Цябе яшчэ не было.

– Як гэта не было? А дзе я быў?

Вось тут і папаліся – некалькімі сказамі не абыдзешся, давялося растлумачваць. А дзіця не магло ўявіць, што некалі яго не было.

***

Сын неяк спантанна пытанні даваў, а Лена заўсёды лагічна разважала, старалася рабіць свае высновы. Мела большую схільнасць да лінгвістыкі. Доўгі час не атрымлівалася ў дачкі самастойна хадзіць. Як за ручку вядзеш, то ідзе добра. А як сама – бегае на чацвярэньках.

Аднойчы летам прайшла навальніца. Паветра цёплае, сонца, лужынкі на падворышчы. Пайшлі з ёй на вуліцу. Вяду за ручку. Адпусціла, а яна – хоп і на чацвярэнькі, дайшла да лужыны. Думаю, што ж яна будзе рабіць? Бачу, падняла галоўку і глядзіць на ваду. А пасля паднялася сама на ножкі і пайшла памаленьку вакол лужы. Пасля ідзе да мяне. Вядома, я яе пахваліла, сказала, каб так і хадзіла. З таго часу Лена пайшла сама ножкамі.

***

Я дзецям не дазваляла чапаць паперы, казала, што гэта дакументы. Дачка Лена рана засвоіла, што такое дакументы, што яны павінны быць у пашане і браць іх можна толькі пры патрэбе. Часам яна бярэ які лісток і кажа:

– А гэта «куменці».

***

А як цікава Лена ўтварала словы! Кажам, каб падняла што з падлогі – «паднімі», а яна пасля:

– Мама, я «падніміла».

***

Бярэ што бруднае ў рукі, а я ёй кажу: «Вон выкінь, не бяры». А яна бярэ другі раз і кажа:

– Мама, а гэта «вонаць».

***

Прынёс муж кулёк цукерак з магазіна і адразу дае Ленцы. У нас была якраз суседка. А я прывучыла дзетак з маленства, каб прысмакі дзялілі ўсім членам сям’і пароўну. Вось і цяпер яна ўжо будзе дзяліць цукеркі. А яшчэ малая зусім, толькі хадзіць пачала.

– І цётку не забудзься, яна таксама хоча, – папярэджваю.

А цукеркі – буйны гарошак. Дзеліць цукеркі – цётцы, маме, тату, сабе. Глядзіць у пакет – а там засталася адна.

– Што ж яна цяпер рабіць будзе? – пытаецца суседка.

А Ленка ў кожнага цукеркі забірае і кладзе зноў у пакет. Пасля бярэ па адной і раздае, ёй засталася апошняя. Суседка пакаштавала, пахваліла, што смачныя, а астатнія аддала і сказала, што мае грошы і адразу пойдзе сама купляць сабе і дзеду свайму.

***

Была ў мяне па падпісцы «Детская энциклопедия». Дзеці вельмі яе палюбілі, прасілі даць пачытаць. А чытаць-то яшчэ не ўмелі. Лена просіць:

– Мама, дай нам «анцыю клапедыю».

Дастаю з шафы том, кладу на табурэтку. А яны разгортваюць, тыкаюць пальчыкамі і нешта разважаюць паміж сабой. Нечым жа іх вабіла тая кніжка.

***

Леначка ўжо пайшла ў першы клас. Школа была за рачулкай, хадзілі праз масток. Ідзём раніцай. Каля рэчкі стаяць купкай абскубаныя гусі. Як гусі пачынаюць ліняць, гаспадыня скубла іх дзеля пер’я. Гусі стаяць, не адважваюцца ў ваду лезці.

– Мамачка, а хто гэта гусей абскуб?

– Гаспадыня, – кажу.

– А за што? Што яны нарабілі?

Вось якое ўяўленне – што такое ўчыніць можна толькі за зробленую шкоду.

***

Лена пайшла ў другі клас, вучылася на выдатна. Абралі камандзірам акцябрацкай зорачкі. Важатая павезла гэтых камандзіраў на семінар у раён. Дала Лене з сабой тры рублі, каб купіла, што захоча. І што ж яна прывозіць? Пакет «Апетытнага чаю». Прачытала яго склад (дачка яго не чытала), а там адзін са складнікаў – палын.

– І дзе ты гэта купіла?

– У аптэцы. Папрасіла ў важатай, каб у аптэку схадзіць паглядзець.

Вось цікава, і што гэта яе ў аптэку пацягнула. А цяпер яна – старшы правізар.

Сям’я аўтара Яўгеніі Кулевіч. Справа – унучка Галя з сынам Мікіткам, злева – унучка Таццяна з дачкой Жэнькай.

***

Мая ўнучка Галька часта ў мяне была, цікавілася прыродай, любіла жывёл, ведала ўсіх жыхароў вёскі, гуляла з дзецьмі, амаль кожны дзень хадзіла на экскурсію на кароўнік. Аднойчы яна мне кажа:

– Хочаш, я табе назаву ўсіх, хто жыве ў якой хаце?

– Ну, назаві.

Называе ўсіх, як кажуць, па-вулічнаму, усіх ведае. Паказвае на дом, дзе жыў калгасны асемянатар, кажа:

– А тут жыве прэдседацель кароўніка.

***

Аднойчы прыходжу пасля дожджыку з агарода і кажу мужу:

– Ужо агурочкі ў нас узышлі.

Галька падхопліваецца:

– Я хачу паглядзець.

Ідзём. На градзе ні травінкі, толькі шырокія лісцікі агуркоў. Галя кажа, што не бачыць агуркоў. Паказваю, а яна:

– Дык гэта ж трава!

***

А якія ж назіральныя дзеткі, усё заўважаюць. Падыходзіць да мяне ўнучачка Танечка і кажа:

– А якія ж прыгожыя ў свінак вочы!

А я ніколі і не заўважала, якія там у свінак вочы. Летам у нас дзверы ў хляве адчыненыя, а свінкі паставяць капыткі на загарадку і стаяць так, чакаюць ежу. А Танечка за імі назірае. Панесла я свінкам ежу і паглядзела. І праўда, прыгожыя – сінія-сінія, як пацеркі.

***

Аднойчы Таня адрэзала кавалак хлеба і ідзе на вуліцу. Так мы рабілі ў дзяцінстве, а цяперашнія дзеці ж пусты хлеб не ядуць.

– Нашто ты хлеб на вуліцу бярэш?

– А ў мяне там на пашы знаёмая каза ёсць, то яна хлеб любіць.

***

Не адстае ў выказваннях і праўнучак Мікітка. Ён ведае шмат казак, цікавіцца прыродай, усё заўважае. Пайшлі раз абіраць парэчкі. Апёкся аб крапіву:

– І хто гэта крапіву пасадзіў?

І далей сам дадумвае – напэўна, гэта Баба Яга зрабіла.

***

Пайшлі капаць маладую бульбачку. Тлумачу, як пасадзіш у зямельку бульбінку, пад восень вырасце столькі, што на абед сям’і хопіць. Дзівуецца хлопчык і кажа:

– А калі я сваю машынку пасаджу, таксама машынкі вырастуць?

– Не, машынка нежывая, а вырастае толькі жывое. Зноў дзівуецца, што раслінка жывая. Пасадзіў у вазон гарошыну і радуецца, як з зямлі вылезла сцяблінка.

***

Нарадзіліся кацяняткі. Кожны мае свой колер.

– А чаму толькі адно кацяня па колеры як кошка. А астатнія іншага?

– Кот можа быў іншага колеру.

– А пры чым тут кот? – пытаецца малы.

***

Пайшлі з Галяй у магазін – натаптаўся, замучыўся. Зайшлі ў трамвай, а там поўна людзей.

– Мама, хачу сесці, – кажа малы.

– Хутка дамоў заедзем. Бачыш, многа людзей, месцы занятыя.

Уздыхнуў ён і сеў у трамваі на падлогу. І тут адразу некалькі чалавек усталі і прапанавалі месца.

***

Кожнае дзіця па-свойму рэагуе на свет, параўноўвае. Сынаў Сярожа жыў у Маладзечне, часта быў у Ратамцы – там бабуля па маме. Аднойчы вязу яго да сябе. А ісці два кіламетры ад шашы, ужо восень, прыцямнела. Справа віднеецца кароўнік.

– А вось і электрычка прыйшла, а чаму мы на ёй не прыехалі?

І сапраўды, здалёк кароўнік у прыцемках нагадвае электрычку.

***

Сусед падвёз яго верхам на кані, дужа спадабалася. Просіць:

– Бабулька, купі каня!

– Мне толькі каня і не хапае, – адказваю.

– Ну вось, бачыш, як добра. Я табе і падказаў, што каня табе не хапае, – успрымае ўнук за чыстую манету.

***

Сярожа пайшоў вучыцца ў маладзечанскую школу мастацтваў. Пытаюся, ён хоча запісацца на маляванне ці музыку. Адказвае:

– Я ўжо сам думаў і вырашыў, што пайду на музыку. А то пэцкайся гэтымі фарбамі. А як навучуся, зайграю дома, усім стане жыць весялей.

***

Прыходжу да іх, а Сярожа прапаноўвае:

– Давай я табе сыграю і праспяваю.

Радуюся, уся ў чаканні, а ён цягнецца да зачахлёнай бацькавай гітары. Яму хочацца пайграць, а тут і нагода. Расчахліў, кладзе на тоненькія каленцы інструмент, пальчыкамі перабірае струны і спявае песеньку, якую тут жа склаў:

– Пайшла мама ў магазін і купіла шакаладку!

Так што назірайце за дзецьмі, запісвайце іх выказванні. Мілы і вясёлы свет дзіцяці. Успомніш выпадак – і адчуеш дзіцячае цяпло, шчырасць, давер, іх дасціпнасць і назіральнасць, асаблівае разуменне свету.

Яўгенія Кулевіч, вёска Сялец Смаргонскага раёна.