Сёння раніцай у 7.00 жыхарка Будслава Марыя Іванаўна Яблонская выйшла садзіць грады. І менавіта яна першая заўважыла пажар у касцёле.

– У сем гадзін паднялася садзіць агародзік. Чую: нейкія гукі на страсе. Думала, галубы ходзяць. У нас тут шмат птушак. Неяк на даху касцёла і бакланы сядзелі, і бацяны. Пасля ўбачыла нібы выпарэнне над касцёлам. Думала, ад таго, што на вільготны дах свеціць сонца. А праз хвілін 15 заўважыла, што з-пад металу на страсе вырываецца агонь бурага колеру. І пабегла да ксяндза. Ён жыве ў плябаніі, за касцёлам, – расказала жанчына карэспандэнтам.

Па яе словах, ксёндз адразу выклікаў выратавальнікаў:

– Я яшчэ дамоў не паспела дайсці, а пажарная машына ўжо была. Адразу прыехала наша вясковая, пасля мінскія – з вялікімі лесвіцамі, доўгімі рукавамі, моцным напорам вады.

Чаму так здарылся, жанчына не ведае. Адзначае, што пажар пачаўся з даху. Значыць, не ад свечак.

– Для нас гэты пажар такая трагедыя, не расказаць! Столькі стагоддзяў касцёл наш стаяў! Пры маёй памяці нічога падобнага не было. Нават немцы хацелі бамбіць, ды не далі рады!

Марыя Іванаўна 77 год жыве насупраць касцёла. Яна – прыхажанка храма. У гэты касцёл хадзілі яе маці і бабуля. Прыгадвае, што пасля Другой сусветнай касцёл быў заліты зялёнай фарбай. Відаць, для таго, каб зрабіць яго менш заўважным. А калі пасля Другой сусветнай з Украіны прыехалі новыя ксяндзы, то ледзь адмылі яе.

У савецкія часы людзі таксама не здаваліся. Не далі зрабіць з храма ні клуб, ні склад.

Побач з касцёлам сустракаем Дану і Вольгу. Дана жыве ў Будславе.

Яна памятае яшчэ той час, як настаўнікі праганялі дзяцей з набажэнства ў касцёле.

А Вольга, якая родам адсюль, прыехала на выхадныя з Мінска. Разам з мужам і аднавяскоўцамі яна выносіла маёмасць з  храма: і алтар, і абразы, і цяжкія старажытныя спавядніцы. Працавалі разам з ксяндзом. Адразу выносілі маёмасць на вуліцу, а пасля – у будынак побач з касцёлам.

– У першую чаргу, канешне, выносілі абраз Маці божай Будслаўскай. Нешта з другога паверха перадавалі, а мы пераймалі.

Выносілі пакуль маглі, а пасля стала шмат дыму і выратавальнікі сказалі выходзіць, – прыгадвае Вольга.

Па словах мясцовых, каля 10.00 у Будслаў прыехалі Уладзіслаў Завальнюк, Алег Буткевіч і Тадэвуш Кандрусевіч.

Вяскоўцы спадзяюцца на ўзаемадапамогу і салідарнасць і вераць, што іх касцёл будзе адноўлены.

Фота Аксаны Ярашонак і Ігара Палынскага.

Будслаўскі касцёл гарыць тры гадзіны

Па справе пажару ў Будслаўскім касцёле ўзбудзілі крымінальную справу

• Текст доступен на языке: Русский