Той самы ўбор. Фота instagram.com/missukraine_universe.

16 мая ў Маямі пройдзе конкурс «Міс Сусвету». Украіну прадставіць Лізавета Ястрэмская. Яе ўбор «Душа-Выцінанка» будуць прэзентаваць як украінскі нацыянальны строй. А між тым, частка ўбору – твор прадстаўніцы маладзечанскай школы выцінанкі, мастачкі, народнага майстра, выкладчыцы Маладзечанскага музкаледжа Лізаветы Чырвонцавай.

Фота instagram.com/missukraine_universe.

– Нядаўна са мной звязаліся мае ўкраінскія калегі, паказалі фота гэтага ўбору і спыталі, ці нагадвае ён мне нешта. Я, канешне, пазнала частку сваёй працы. Гэта твор 2016 года. Тады ў Маладзечне праходзіў сёмы Міжнародны сімпозіум мастацкага выразання. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі была выстава, прысвечаная майстрам выцінанкі Вячаславу Дубінку і маёй маці Вікторыі Чырвонцавай. Там выстаўлялася мая праца-трыпціх «Родныя вобразы». Цэнтральную частку трыпціха, выцінанку «Малітва», якраз і ўзялі, не спытаўшыся.

Атрымліваецца, працу маладзечанскай школы выцінанкі будуць прадстаўляць як украінскі нацыянальны твор, – кажа Лізавета.

Украінскія калегі знайшлі дызайнера, якая стварала ўбор для Ястрэмскай. Гэта Наталля Шаўчук. 8 мая яна звязалася з Лізаветай, сказала, што ўбачыла выцінанку ў свабодным доступе ў інтэрнэце. Адзначыла, што некалькі чалавек шукалі аўтара працы, але не знайшлі. А выцінанка вельмі спадабалася ім. Вось і ўзялі.

– Калі я спытала пра кампенсацыю і пра тое, чаму ж дызайнер не звярнулася да ўкраінскіх майстроў, якія маглі б падказаць аўтара, Наталля замаўчала. І пакуль не адказвае, – дзеліцца Лізавета.

Убор для ўдзелу ў конкурсе «Міс Сусвету» (фота instagram.com/missukraine_univers) і праца Лізаветы Чырвонцавай «Малітва» (фота са старонкі мастачкі ў фэйсбуку).

Мастачка ўжо кансультавалася са спецыялістамі. Кажа, што для таго, каб вырашыць яе справу аб парушэнні аўтарскага права, трэба ехаць ва Украіну і працаваць з мясцовымі юрыстамі. А гэта – і час, і грошы. Да таго ж усё ўскладняецца пандэміяй.

Лізавета мяркуе, што фота працы, хутчэй за ўсё, трапіла ў вольны доступ з яе старонкі ў фэйсбуку. А ўвогуле, суразмоўца не раз заўважала: выцінаншчыкі ў адносінах аўтарскага права самыя неабароненыя з мастакоў:

– Любы можа ўзяць з інтэрнэта тваю працу, раздрукаваць і дзірачкі прарэзаць.

І ўсё ж былі ў практыцы суразмоўцы выпадкі, калі з дызайнерамі атрымлівалася дамаўляцца.

Выцінанка – гэта сапраўдная фішка, перакананая Лізавета. Творы мастацкага выразання цудоўна глядзяцца і як прынты на адзенні, і як вялікія арт-аб’екты ў гарадской прасторы. Неаднаразова мастачка мела станоўчы досвед такой супрацы. Адзначае, што гэта цікава і прыносіць задавальненне. Канешне, калі ўсё законна.

А яшчэ Лізавета Чырвонцава падзялілася сваёй марай – зрабіць вялікі мурал у выглядзе выцінанкі ў Маладзечне.

• Текст доступен на языке: Русский