З ГДР савецкия грамадзяне везлі такія налепкі. Фота kufar.by.

Неяк мы рабілі інтэрв’ю з нямецкімі валанцёрамі, якія працавалі ў дзіцячым цэнтры «Надзея» на Вілейшчыне. Размова зайшла пра адрозненні паміж ФРГ і ГДР. Тады суразмоўцы адзначылі, што нават праз дзесяцігоддзі адрозненні ёсць. Яны праяўляюцца, перш за ўсё, у сацыяльнай галіне. На тэрыторыі ГДР заробкі і пенсіі ўсё яшчэ ніжэйшыя, чым у ФРГ. А да бежанцаў ва ўсходняй Германіі ставяцца не так цёпла, як у заходняй.

Вырашылі даведацца,чым жа ГДР адрознівалася ад ФРГ.

Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) – сацыялістычная дзяржава, якая існавала на тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы ад 7 кастрычніка 1949 года да 3 кастрычніка 1990 года. ГДР утварылі на месцы былой савецкай акупацыйнай зоны Германіі на тэрыторыі Усходняй Германіі праз чатыры гады пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Дзяржава перастала існаваць пасля разбурэння Берлінскай сцяны і аб’яднання Германіі ў 1990 годзе. Мяжа паміж Федэ- ратыўнай Рэспублікай Германіі (ФРГ) і ГДР праходзіла ад Любекскага заліву Балтыйскага мора з поўначы, далей на поўдзень і ўсход да агульных межаў з Баварыяй і Чэхаславакіяй.

Жыллё

Усходнюю частку Германіі пасля Другой сусветнай аднаўлялі савецкія спецыялісты. Таму тут шмат тыповых савецкіх будынкаў. Шэрыя панэльныя пяціпавярхоўкі на тэрыторыі ГДР засталіся і сёння. Яны суседнічаюць з трох-, чатырохпавярховымі домікамі, тыповымі для Заходняй Еўропы і пабудаванымі на пачатку мінулага стагоддзя. У 1970 – 1980 гадах у ГДР паўсталі цэлыя мікрараёны, забудаваныя тыповымі савецкімі шматпавярхоўкамі.

Многія хрушчоўкі ў Германіі робяць больш прывабнымі. Напрыклад, такімі. Фотаздымкі да- і пасля.

Па ўспамінах тагачасных жыхароў, кватэры таксама былі тыповымі. Але адно істотнае адрозненне ўсё ж было: душ і туалет часта месціліся не ў кватэры, а паміж паверхамі. І былі агульнымі для ўсіх, хто жыве на дзвюх лесвічных пляцоўках.

Прадукты

Савецкіх грамадзян, якія траплялі ў ГДР, здзіўляла наяўнасць прадуктаў і іх выбар у крамах. Па ўспамінах і фотаздымках, тут былі звычайныя прадуктовыя магазіны. Розніца была толькі ў тым, што ў Германіі прадукты сапраўды былі. У звычаным гастраноме можна было купіць два-тры гатункі сыру, кілбасы і цукерак, балгарскія і венгерскія кансервы з гародніны, рыбу і рыбныя кансервы, чай, какаву, радзей – каву, некалькі гатункаў піва, віна, моцнага алкаголю, а таксама мыла і зубную пасту. Перабоі з пастаўкай прадуктаў узніклі на нядоўгі час адразу пасля падзення Берлінскай сцяны. Жыхары прыгадвалі, што ў крамы трэба было ісці да шасці гадзін раніцы. А да дзесяці ўжо былі пустыя паліцы.

Валютныя крамы

Важная частка гісторыі ГДР – крамы «Інтэршоп» – аналагі савецкай «Бярозкі». Тут за валюту, у першую чаргу, за маркі ФРГ, можна было нядорага купіць заходнія цыгарэты, алкаголь, касметыку, бытавую тэхніку – тое, што нельга было набыць у звычайных крамах. Валюту жыхары ГДР маглі атрымаць ад сваякоў, якія жылі ў Заходняй Германіі.Часта прадаўцамі ў крамах працавалі работнікі штазі, што шукалі падазроных грамадзян, якія маюць сувязі на Захадзе.

Таксама валюту, а яшчэ джынсы, відэакасеты, заходнегерманскія часопісы можна было купіць з рук на чорным рынку.

Транспарт

Пасля таго, як узвялі Берлінскую сцяну, цалкам змянілася дзейнасць метро і трамваяў. Рух паміж станцыямі на

ўсходзе і захадзе па ініцыятыве ГДР спыніўся ў дзень узвядзення сцяны – 13 жніўня 1961 года. Шмат станцый метро аказалася на захадзе. Дзве трамвайныя лініі – на ўсходзе. Яшчэ дзве лініі метро заканчваліся і пачыналіся на захадзе, але праходзілі па ўсходняй частцы. Таму па шэсць станцый на кожнай лініі былі закрытыя амаль на 30 год.

На тэрыторыі ГДР аказаліся адразу некалькі заводаў, якія належалі канцэрнам «Фольксваген» і «Аўдзі». Яны былі нацыяналізаваныя, і гэта дазволіла вырабляць сацыялістычныя аўтамабілі адразу пасля вайны. Маёмасныя спрэчкі з кампаніямі, што засталіся ў ФРГ, доўжыліся да пачатку 1950-х. Усходняя Германія выпускала ўсе тыпы транспарту – ад грузавікоў да ровараў. Самым папулярным аўтамабілем стаў «Трабант», выпушчаны ў 1957 годзе. Яго мадыфікавалі да сярэдзіны 1980-х. На другім месцы па папулярнасці быў «Вартбург», на трэцім – савецкая «Лада». Гру- завікі, мікрааўтобусы, а таксама прадукцыю ваеннага прызначэння выпускаў завод «Робур».

Першы па папулярнасці ў ГДР аўтамабіль «Трабант». Фота motorpage.ru.

«Трабант» каштаваў крыху больш за пяць тысяч нямецкіх марак. Для параўнання, ВАЗ каштаваў больш за дзесяць тысяч марак, а «Запарожац» – больш за сем. Попыт на «Трабанты» заўсёды значна перавышаў прапанову. І чаргі на машыну можна было чакаць гадамі. Пасля аб’яднання Германіі ўсе гэтыя аўтамабільныя маркі перасталі існаваць, а заводы вярнулі ранейшым уладальнікам.

Тэлебачанне

Галоўная тэлерадыёкампанія ГДР працавала ад 1952 да 1990 года. Былі два асноўныя тэлеканалы. Тут паказвалі навіны, палітычныя перадачы, у якіх хвалілі жыццё ў краінах савецкага блока і крытыкавалі капіталізм. З канца 1970-х з дапамогай спецыяльнай антэны можна было лавіць тэлеканалы ФРГ, аднак якасць была дрэнная. Тут можна было пачуць папулярныя нямецкія гурты, а ноччу часам паказвалі эратычныя фільмы.

Адпачынак

Большасць жыхароў адпачывалі ўнутры краіны – у кемпінгах ці дамах адпачынку на беразе Балтыйскага мора.

Паездкі за мяжу былі дасяжныя нешматлікім жыхарам ГДР. Калі ўсё ж выязджалі, то ў СССР, Польшчу, Чэхаславакію. У капіталістычныя краіны, а тым больш у ФРГ, трапіць было практычна немагчыма.