Фота gunmagazine.com.ua.

У Смаргоні за красавік асудзілі трох чалавек па «наркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Светлы шлях».

39-гадовая грамадзянка Расіі купіла ў Смаргоні марыхуану: частку ўжыла, частку схавала і яшчэ частку хацела абмяняць на алкаголь. Супрацоўнікі Смаргонскага РАУС знайшлі ў жанчыны 9 грамаў дадзенага наркотыка. Яна была раней судзімая, таму атрымала тэрмін з улікам раней не адбытага — 4 гады калоніі, яшчэ яна павінна сплаціць штраф 433 рублі.

35-гадовы мужчына гуляў у Смаргонскім раёне, знайшоў дзікарослую каноплю. Ён сарваў лісты, высушыў дома, а пасля забыў пра іх. Падчас ператруса супрацоўнікі сілавых структур знайшлі ў яго 2 грамы марыхуаны.

39-гадовы мужчына купіў у інтэрнэце марыхуану, забраў яе ў Мінску, а калі вярнуўся ў Смаргонь, то яго затрымалі мясцовыя міліцыянеры. У яго знайшлі 2 грамы марыхуаны.

Мужчын асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў «дамашняй» хіміі.