Днямі на лінію 102 у Маладзечанскі РАУС звярнулася гараджанка. Яна расказала, што 10-гадовы сын пакінуў ля ўваходу ў піцэрыю свой дзіцячы ровар, на восях якога былі прымацаваныя пегі – трубкі для выканання трукаў. Калі хлопчык вярнуўся праз некаторы час, то гэтых прылад не было. На месца здарэння неадкладна выбылі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку інспектар па справах непаўналетніх.

Аказалася, ровар не быў прышпілены. Але фігурантаў зацікавілі менавіта пегі. Міліцыянеры зразумелі, што да інцыдэнту датычныя падлеткі. Дадзеную версію пацвердзілі і запісы камер відэаназірання. Двое хлопцаў на роварах, праязджаючы міма, запрыкмецілі на чужым модныя дэталі і, скарыстаўшыся адсутнасцю гаспадара, знялі іх і схаваліся. Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў міліцыянеры вылічылі непаўналетніх зламыснікаў.

Да крадзяжу датычны 14-гадовы школьнік і яго старэйшы прыяцель, 16-гадовы навучэнец мясцовага каледжа.

Падлеткі прызналіся, што забралі чужыя пегі і хацелі паставіць іх на свой ровар. Аднак задума юнакоў не ўдалася – элементы не падышлі па памеры. Выкрадзеныя пегі ў падлеткаў канфіскавалі, яны будуць вернутыя 10-гадоваму хлапчуку.

Матэрыялы перадалі следчым для магчымага ўзбуджэння крымінальнай справы за крадзеж.

• Текст доступен на языке: Русский