Базіната. Фота Настассі Уткінай.

Пра тое, як зменіць горад і не толькі кожны з праектаў маладзечанскіх творцаў, мы папрасілі расказаць аўтараў ідэй.

7 і 8 мая ўдзельнікі конкурсу выступалі перад журы. Цяпер іх чакае навучальны блок. 27 мая адбудзецца паўфінал. Аўтары ідэй, якія пройдуць гэты этап, будуць займацца прапрацоўкай сваіх праектаў. 24 чэрвеня абяруць пераможцаў, якія атрымаюць падтрымку на ўвасабленне задумы.

Праект Базіната: URBAN CUBE 

– Мяне завуць Базыль, я мастак і даследчык. Шмат працую з публічнай прасторай. Адзін з праектаў, у якім я ўдзельнічаў, – “Вуліца стрыт-фуда”, дзе сцены ларкоў мы распісвалі разам з дзецьмі мастацкай школы. Аб’екты будуць размяшчацца ў раёне Парашкоў. Праект накіраваны на змяненне сцэнарыяў штодзённага гарадскога жыцця, а таксама на фарміраванне лакальнай супольнасці праз сумеснае будаўніцтва аб’ектаў архітэктуры і дызайну ў публічнай дваровай прасторы.

Для мяне гэта болевая кропка, таму я нашы публічныя прасторы ўяўляю дастаткова пустымі. Заўсёды хацелася, каб людзі выкарыстоўвалі іх як месцы для дыялогаў і ўзаемадзеяння, каб гэтыя месцы давалі магчымасць праяўляць сябе.

Таму ў сваім мікрараёне разам з жыхарамі хачу пабудаваць канструкцыі ў выглядзе кубоў. Праз закладзеныя ў іх функцыі яны будуць даваць магчымасць для ўзаемадзеяння і дыялогу. Мы прыдумалі чатыры прататыпы урбан-кубоў. Першы – для актыўнасцяў, дзе бацькі разам з дзецьмі могуць бавіць час актыўна. Другі – для абмену рэчамі, кнігамі, інфармацыяй, аб’явамі. Трэці – для творчасці, мастацтва, дзе можна рабіць выставы,  прэзентацыі, глядзець кіно. Чацвёрты – дзе можна збірацца, размаўляць, піць чай, гуляць у настольныя гульні.

Думаю, праект стане прыкладам, як раён можа змяніцца, змяніць сцэнарый гарадскога жыцця, што ў гэтыя новыя сцэнарыі змогуць уліцца мясцовыя жыхары і ўзяць для сябе штосьці новае. Мы штодзень бачым адзін аднаго, суседзяў і іх машыны, але не ведаем, чым яны захапляюцца. Побач з табой можа быць цудоўны чалавек, а мы іх не ведаем.

Праект Андрэя Мікульчыка: Міжнародная оперная студыя для маладых выканаўцаў

– Мой праект можа функцыянаваць рознымі спосабамі. Мы ўжо праходзілі такі варыянт – рэпетыцыі ў Маладзечне, паказы твораў таксама ў Маладзечне, а таксама ў іншых гарадах. Оперу «Служанка-спадарыня» двойчы паказвалі ў Італіі.

Планую, што ў межах праекта студыя будзе праводзіць гастролі з удзелам маладых беларускіх выканаўцаў па розных населеных пунктах краіны. Першыя паказы з удзелам замежных спевакоў адбудуцца ў Маладзечне і Мінску.

У Беларусі шмат добрых оперных спевакоў, але існуе толькі адна оперная студыя пры Акадэміі музыкі, куды могуць трапіць адзінкі. Каб пачуць оперу, жыхары з іншых гарадоў павінны ехаць у Мінск. Яшчэ адзін момант – оперны тэатр у Мінску ладзіць пастаноўкі, якія складаныя для ўспрымання непадрыхтаванаму гледачу.

Культура развівае людзей. Таксама я займаюся перакладам некаторых опер, рамансаў,  песень на беларускую мову. У будучым верагодна паставім оперу, але на беларускай мове.

Пра конкурс праектаў

Цяперашні конкурс сацыяльных праектаў  Social Weekend адбываецца ў 16-ы раз. Сярод удзельнікаў конкурсу ў мінулыя гады – вілейскі скейт-парк, маладзечанская «Вуліца стрыт-фуда».

Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend існуе больш за сем год. За гэты час у ім удзельнічала каля 4000 ідэй. І дзякуючы конкурсу праекты атрымалі падтрымку на больш як 400 тысяч долараў у эквіваленце.