Спондаўская школа. Фота забяспечанае Аленай Пуцілінай.

Пра тое, як гэта – памяняць высокааплатную працу на штосьці новае,  пераехаць са сталіцы ў Спонды на Астравеччыне, а галоўнае – навошта, расказала Алена Пуціліна.

Цяпер Алена Пуціліна працуе настаўніцай хіміі, біялогіі і англійскай мовы ў Спондаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Рашыцца на перамены ў жыцці ёй дапамагла праграма «Настаўнік для Беларусі».

Школа ў Спондах.

Працавала тэсціроўшчыкам і бізнес-аналітыкам

Алена вучылася ў мінскай гімназіі амаль на выдатна. Адным з любімых прадметаў была матэматыка. Заўважала, што некаторыя ўрокі атрымліваліся больш цікавымі не з-за зместу падручніка, а дзякуючы настаўніку.

– Памятаю сваю першую настаўніцу, яна чароўная! – прыгадвае Алена. – Мы прыйшлі ў школу зусім маленькімі дзеткамі. Яна давала нам першыя веды, навучанне праходзіла на беларускай мове. Наталля Аляксандраўна расказвала пра нашу культуру, прыгажосць прыроды. Бацькі дапамагалі нам шыць народныя касцюмы, вышыванкі. Першая настаўніца сфарміравала каштоўнасці, расказала пра неверагодныя багацці Беларусі, традыцыі і культуру.

Дзяўчына атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Працавала інжынерам-лесапатолагам у Рэспубліканскім лясным насенняводчым цэнтры, архітэктарам у вядучым праектным інстытуце. Была індывідуальным прадпрымальнікам, але ў нейкі момант вырашыла вярнуцца ў найм. Хацелася зрабіць гэта па-разумнаму: рэалізаваць інтэлектуальныя здольнасці і атрымліваць за гэта годную зарплату.

Знайшла курсы і ад 2014 года пачала працаваць інжынерам па якасці праграмнага забеспячэння – тэсціроўшчыкам. Пасля праходзіла перакваліфікацыю і працавала бізнес-аналітыкам.

– Стала заўважаць, што ўсе мае сілы сыходзяць на кар’еру, – дзеліцца Алена. – Зусім не заставалася часу на тое, каб займацца валанцёрствам, дапамагаць дабрачынным арганізацыям. Я заўсёды мела актыўную грамадзянскую пазіцыю, для мяне вельмі важна рабіць сацыяльны ўклад, мяняць свет да лепшага, вырашаць актуальныя праблемы, якія спеюць у грамадстве. Я стала выгараць на працы. Хутчэй за ўсё, на гэта паўплываў менавіта аддалены фармат працы, бо я пачала так працаваць не ў 2020 годзе, як многія, а з 2015 года. Атрымліваецца, я ўжо даўно была замкнутая  ва ўласнай кватэры.

У Спондах.

Хацелася больш свабоды, думала аб пераездзе ў вёску, каб было паменш суседзяў за сцяной, пабольш зеляніны і птушак вакол.

«Навучылася і печку паліць, і ваду з калодзежа насіць, і з мышамі ваяваць»

Так супала, што менавіта ў гэты момант лёс падкінуў дзяўчыне магчымасць памяняць жыццё і паспрабаваць штосьці новае. Аднойчы раніцай позірк прыцягнуў загаловак у газеце. Там было напісана прыкладна такое: «Хочаце пераехаць у вёску і прыняць удзел у класным праекце? Тады далучайцеся!»

– Я зразумела – гэта знак, момант прыйшоў. Падала заяўку літаральна ў апошні дзень, набор ужо закрываўся. Не думала, што на мяне звернуць увагу, але ўжо праз два дні мне патэлефанавалі.

Спачатку было міні-сумоўе. Пасля запрасілі на яшчэ адзін этап адбору. Кожны раз адчыняліся наступная дзверы. На адной з гутарак давялося цяжка. У мінчанкі спыталіся, ці зможа пераехаць у вёску, калі не мае нават мінімальнага досведу жыцця ў сельскай мясцовасці?

Ці зможа памяняць высокую зарплату айцішнікаў на нізкую зарплату настаўніка?

– Не кожны разумее ўсю сур’ёзнасць таго, што адбываецца. Забягаючы наперад, магу сказаць, што сумневы тыя былі марныя. Я навучылася і печку паліць, і ваду са студні насіць, і з мышамі ваявала зімой. У барацьбе з цяжкасцямі мне дапамагае «вагон аптымізму» – так адбіваюся, калі мне задаюць пытанні.

Як змянілася школа

– Спецыяльных педагагічных ведаў не хапала. Праграма «Настаўнік для Беларусі» дае ўсе магчымасці для старту ў школе. Я прыняла ўдзел у адукацыйным курсе «Летні інтэнсіў», а потым паступіла ў магістратуру педагагічнага ўніверсітэта, каб грунтоўна разабрацца ў асновах педагогікі, набыць важныя навыкі. Вялікую ролю адыгрывае падтрымка метадыстаў і куратараў, якіх прапануе праграма. Я маю глыбокія веды ў прадметных галінах, але метадыст дапамагае мне ператварыцца ў сапраўднага настаўніка.

У практыцы ўзнікаюць пытанні, якія выходзяць за рамкі прадметнай вобласці і нават педагогікі. Але ў любы момант можна звярнуцца па дапамогу да калег, бо «Настаўнік для Беларусі» – гэта супольнасць аднадумцаў і прафесіяналаў.

– Не заўсёды трэба вынаходзіць кола, не ўсе праблемы ўнікальныя. Я магу папрасіць параду ў дасведчаных настаўнікаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі праграмы, як і я.

У Спондаўскай школе 49 вучняў, у класах па 2-8 чалавек. Перад пачаткам працы Алена прыязджала пазнаёміцца з адміністрацыяй. Прынялі цёпла, стала зразумела, што дырэктар вельмі зацікаўленая ў дабрабыце вучняў і школы.

Акрамя выкладання, удзельнікі праграмы рэалізуюць праектную дзейнасць – гэта можа быць гурток або любая іншая актыўнасць, якая пойдзе на карысць школьнікам і супольнасці.

Алена вырашыла ладзіць па мерапрыемству кожную чвэрць. За адзін год паспелі зрабіць квэст «Вандруем разам», тэматычны «Тыдзень пошты», запрашалі аўтарскі лялечны тэатр, зладзілі конкурс па вырабе кармушак «Птушыная сталоўка».

Школа атрымала спонсарскую дапамогу, дзякуючы якой арганізавалі творчы куток з яркай мэбляй. Цяпер гэта самае тусовачнае месца для школьнікаў. Таксама набылі ўвільгатняльнікі для паветра, мэблю ў дзіцячы садок.

Аўтарскі лялечны тэатр.
Птушыная сталоўка.
Агарод на падаконніку.

Змянілася жыццё

– Калі пераехала, паўсталі розныя складанасці. Гэта ў асноўным пытанні бытавога характару. Падумала, што лепш вырашыць усе гэтыя праблемы, чым працягваць мірыцца з імі. Увосень правялі ваду ў настаўніцкую кватэру, адрамантавалі каналізацыю, купілі пральную машыну. Зрабілі рамонт у суседняй кватэры, каб там таксама змаглі размяшчацца настаўнікі, якія прыязджаюць працаваць у школу. Гэта таксама частка маёй праектнай дзейнасці, якая не накіраваная наўпрост на вучняў, але ўскосна ўплывае на іх.

Алена адзначае, як моцна змянілася жыццё:

– Я назіраю за птушкамі, хаджу на прагулкі, гляджу на сляды, наведваю мясцовыя славутасці і часам адчуваю сябе першаадкрывальнікам. Амаль кожны дзень раблю маленькія адкрыцці, атрымліваю новы досвед і даражу гэтым. Не ўпэўненая, што на ўсё жыццё я застануся ў прафесіі, але ўжо цяпер здаецца, што буду прымаць удзел у адукацыйных праектах у далейшым, працаваць з дзецьмі. Часам самыя малодшыя школьнікі частуюць цукеркамі. Гэта вельмі кранальна, бо для дзіцяці гэта велізарная каштоўнасць.

Я хачу, каб дзеці верылі ў сябе і свае сілы, смела марылі, раскрывалі таленты, былі свабоднымі ад стэрэатыпаў, усведамлялі сваю ўнікальнасць, не баяліся прымаць рашэнні і здзяйсняць учынкі, не баяліся памыліцца, спатыкнуцца, не баяліся быць сабой.

Як стаць удзельнікам праграмы

Калі вас натхняе прыклад Алены, вы можаце падаць заяўку на трэці набор праграмы «Настаўнік для Беларусі» да 23 мая. Праграму рэалізуе мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа». Заснавальнік фонду – ААТ «БПС-Сбербанк».

Мэта праграмы  – забяспечыць у школах райцэнтраў і вёсак магчымасць вучыцца не на горшым узроўні, чым у вялікіх гарадах. Калі вы адчуваеце жаданне стаць настаўнікам, запоўніце заяўку па адрасе.

Школы, якія зацікаўленыя ў таленавітых кадрах, могуць заявіць, што гатовы прыняць настаўніка ў межах праграмы.

Акрамя адукацыйнай праграмы, дапамогі метадыста і куратара, Удзельнік праграмы будзе атрымліваць стыпендыю ад праграмы ў памеры 250 рублёў, кампенсацыю за арэнду жылля, а таксама ноўтбук для працы.

Шукаюць настаўнікаў для школ у рэгіёнах. Ім аплацяць стыпендыю і жыллё

Праграму «Настаўнік для Беларусі» рэалізуюць пры падтрымцы ААТ «БПС-Сбербанк». Мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа» УНП 194906254.