20 мая а 19 гадзіне ў Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» адбудзецца прэм’ера спектакля «Шлях да Бэтлеему».

Рэжысёр пастаноўкі – Святлана Бень. Аўтар сцэнарыя – Сяргей Кавалёў.

Святлана Бень – рэжысёр, спявак, лідар гурта «Серебряная Свадьба». Мы распыталіся ў творцы з Мінска, чаму яна паставіла калядны спектакль у Маладзечне, ды яшчэ ў маі.

Святлана Бень.

Што звязвае Святлану Бень з Маладзечна

– Цяпер мяне звязвае з Маладзечнам вялікае каханне. Я закахалася ў Маладзечна з-за яго цудоўных людзей, з-за атмасферы, якая тут пануе. Першая мая сустрэча з горадам адбылася ў верасні, калі прыехала знаёміцца з тэатрам, каб пачаць працу над спектаклем, заадно ў канцэрце паўдзельнічала на стрыт-фудзе.

Калі прыехала, вельмі здзівілася: горад з такой вялікай гісторыяй, такі старажытны, я ўсё шукала, дзе тут замкі, вежы, палацы і фальваркі. Аказалася, самыя прыгожыя і старыя пабудовы, якія знайшла – сталінскія ампіры. Нават расчаравалася.

Літаральна праз некалькі гадзін трапіла на стрыт-фуд, дзе давала канцэрт, пазнаёмілася з маладзечанскімі мастакамі, журналістамі, валанцёрамі, актывістамі, цудоўнымі людзьмі, якія робяць жыццё Маладзечна іншым, цікавым, насычаным, яскравым. Тады і закахалася ў горад. Упэўнілася, што мясцовыя вельмі любяць свой горад, кажуць, што ён утульны, зялёны, добры па атмасферы. Такі ён і для мяне.

Тэатр «Батлейка» – таксама маё каханне, тут такія цудоўныя людзі працуюць! Свая цудоўная творчая, чалавечая амасфера.

Як стала рэжысёрам у маладзечанскім тэатры

– Мяне запрасілі. Спектакль «Шлях да Бэтлеему» пачаў ставіць рэжысёр Мікалай Андрэеў, якога, на жаль, не стала ў мінулым годзе. Паставіць гэты матэрыял было яго марай. Гэтая п’еса беларускага аўтара Сяргея Кавалёва адна з папулярных. Таму што пра Каляды, расказаная незвычайным чынам – ад імя осліка. Яго ставяць у розных краінах. На мастацкім савеце прынялі эскізы, але Мікалай Мікалаевіч не паспеў яго паставіць. Мяне запрасілі закончыць працу над спектаклем.

Запрасіць мяне было ініцыятывай усяго калектыва. Вельмі ўдзячная кожнаму з работнікаў тэатра – і трупа, і адмінстрацыя, усе разам як вялікая сям’я, якая выдатна робіць сваю спараву, па-добраму, па-сяброўску.

Чаму калядны спектакль паказваюць у маі

– Так склалася па раскладзе працы тэатра. Усе прэм’еры пасунуў кавід. Гэтая гісторыя не мае сезоннай прывязкі. Галоўнае – як герой шукае свой шлях. І ва ўсім агромным Сусвеце шукае менавіта свой. Такая гісторыя можа быць расказаная ў любую пару года.

Ці цяпер да культуры?

– Баюся, што гэта будзе гучаць вельмі банальна, але адкажу фразай Чэрчыля. Калі была вайна, ён запытаўся, чаму выдаткі на ваенную прамысловасць нашмат большыя, чым на культуру. Яму адказалі – ну як, цяпер жа ідзе вайна. Чэрчыль адказаў: калі нам не патрэбная культура, за што мы тады змагаемся?

Лічу, што культура цяпер якраз вельмі важная для людзей. І можа даць вялікую падтрымку і надзею. І калі надзеі зусім няма, то працягнуць руку сябра.

• Текст доступен на языке: Русский