Машына, на якой маладзечанец учыніў смяротнае ДТЗ. Фота забяспечанае Аленай Крупенінай.

Днямі Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы у адносінах да 35-гадовага жыхара Маладзечна, работніка гарадскога прыватнага прадпрыемства, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Алена Крупеніна. Па дадзеных следства, у канцы мінулага года мужчына ўчыніў ДТЗ, у якім загінуў раварыст. А потым кіроўца збег з месца здарэння, кінуўшы па дарозе машыну

Згодна з матэрыяламі справы, днём 12 снежня, паступіла паведамленне пра смяротнае траўмаванне раварыста каля вёскі Шчарбіны Мінскага раёна. На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група. Падчас агляду месца здарэння канфіскавалі пашкоджаны ровар, а таксама рэгiстрацыйны знак ад аўтамабіля, які ўчыніў ДТЗ.

Супрацоўнікам ДАІ паступіла інфармацыя, што кіроўца, які наехаў на раварыста, збег і, меркавана, накіраваўся ў бок Маладзечна.

Дзяржаўтаінспектары перакрылі рух на ўездзе ў горад, каб затрымаць парушальніка. У адным са спыненых аўтамабіляў таксі па арыенціроўцы пазналі падазраванага, таксама ў салоне таксі была яго жонка. Тады мужчына растлумачыў, што яго машына дома, а ён вяртаецца з Мінска, дзе купляў аўтазапчасткі.

Як пазней установяць следчыя, у той дзень 35-гадовы мужчына, кіруючы аўтамабілем «Рэно Лагуна» ў стане алкагольнага ап’янення, не маючы пасведчання кіроўцы, ехаў па аўтадарозе «Мінск – Маладзечна – Нарач». У аўтамабілі была і яго 30-гадовая жонка. Паблізу вёскі Шчарбіны мужчына ехаў па узбочыне, дзе наехаў на раварыста, які ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр на месцы здарэння. Цялесныя пашкоджанні атрымала і пасажырка аўто.

Кіроўца, не спыняючыся, пакінуў месца здарэння. Аўтамабіль знойдуць пазней паблізу суседняй вёскі.

Перш чым пакінуць машыну, мужчына сказаў жонцы сцерці адбіткі пальцаў у аўтамабілі.

На таксі муж і жонка накіраваліся ў бок Маладзечна, аднак даехаць не паспелі – па дарозе іх спынілі супрацоўнікі ДПС АДАІ Маладзечанскага РАУС.

Следчыя дапыталі абвінавачанага і сведак. Вывучылі і далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы больш за 15 заключэнняў экспертаў. Правялі следчы эксперымент.

У ходзе допыту мужчына раскаяўся і цалкам прызнаў сябе вінаватым. Ён растлумачыў, што ў дзень  злачынства разам з жонкай выпіваў, пасля чаго яны паехалі ў Мінск за запчасткамі.

Паводле акту медыцынскага агляду ў кіроўцы аўтамабіля канцэнтрацыя пароў этылавага спірту ў выдыханым паветры склала 2,38 праміле алкаголю.

Раней фігурант быў неаднаразова судзімы за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, а таксама за крадзяжы. За паўгода да ДТЗ ён вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі.

Па выніках расследавання дзеянні 35-гадовага мужчыны кваліфікаваныя па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

– частцы 4 артыкула 317 – парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання;

– частцы 2 артыкула 317-1 (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, учыненае асобай, якая раней учынiла злачынства, прадугледжанае артыкулам 317-1;

– артыкулу 417 – ухіленне асуджанага ад выканання прысуду суда аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю).

Мужчыну заключылі пад варту.

• Текст доступен на языке: Русский