Знаходка.

Днямі віляйчук Дзяніс Канецкі працаваў побач з воданапорнай вежай, што побач з чыгуначным вакзалам у Вілейцы. Капаючы траншэю, знайшоў рэшткі старой дахоўкі. На некаторых кавалках – надпісы па-польску.

– Вядома, што яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя побач з вакзалам была воданапорная вежа. Падчас Першай сусветнай, яна моцна пацярпела. У сваім артыкуле гісторык Андрэй Каркотка піша, што падчас бою ў верасні 1915 года ў вежы размяшчаліся артылерыйскія назіральнікі, якія карэктавалі агонь. А па вежы страляла варожая артылерыя, вось дах будынка і пацярпеў, – расказвае Дзяніс.

Суразмоўца мяркуе, што знойдзеныя рэшткі могуць быць дахоўкай ад той самай вежы.

Па пячатцы краязнаўцы высветлілі, што дахоўку выпусцілі ў Польшчы: у цагельні «Зомбкі» побач з Варшавай. У 1905-1945 гадах маёнткам Зомбкі і цагельняй валодаў Адам Ронік’ер – архітэктар, грамадскі і палітычны дзеяч. Роньк’ер развіваў інфраструктуру ў сваім паселішчы, пабудаваў тут чыгуначную станцыю, вузкакалейку і ветку чыгункі, жыллё для работнікаў цагельні, разам з княгіняй Аленай Радзівіл – першую драўляную царкву ў Зомбках. У 1945 з’ехаў з Польшчы. Памёр у ЗША ў 1952 годзе. У 2009 прах Адама Ронік’ера перанеслі ў Польшчу і перапахавалі ў сямейным склепе.

– Канешне, ёсць пытанне, як польская дахоўка трапіла ў Вілейку. Магчыма, яе можна было танна набыць і прывезці. А магчыма, у кагосьці з вілейчукоў сваякі працавалі ў Польшчы, – дзеліцца меркаваннямі Дзяніс.

Фотаздымкі Дзяніса Канецкага. 

 

• Текст доступен на языке: Русский