Браты Адамовічы (па краях здымка з букетамі) на прыёме ў гарадской Радзе Варшавы, ліпень 1934. Фота з Вікіпедыі.

Вы ведалі, што браты Адамовічы з Вілейшчыны былі першымі выхадцамі з міжваеннай Польшчы, якія праляцелі над Паўночнай Атлантыкай?

Як Адамовічы з Вілейшчыны трапілі ў Бруклін

Баляслаў (1896) і Юзаф (1893) Адамовічы нарадзіліся на Віленшчыне, у вёсцы Янкоўшчына Вілейскага павета, каля Альковічаў. Па прыкладзе старэйшага брата Браніслава, які ў 1904 годзе збег з прызыву ў царскую армію, яны таксама эмігравалі ў ЗША да Першай сусветнай вайны. Гэта здарылася не з-за галечы: у іх бацькі была добрая гаспадарка, дзе працавалі «два парабкі, дзве дзяўчыны і пастух». Так успамінаў пасля Баляслаў у сваёй кнізе «Праз Атлантыку», выдадзенай у 1934 годзе.

Браты сталі жыць і працаваць у Брукліне рабочымі. Юзаф – на цукровым заводзе, разам са старэйшым Браніславам, а малодшы Баляслаў працаваў спачатку на спружынным заводзе, а потым на мылаварным. Яны атрымлівалі заробак – па пяць долараў за тыдзень працы.

Зацікавіліся авіяцыяй

У 1918 годзе Баляслаў і Юзаф Адамовічы, якія да гэтага часу сталі Бэнам і Джо, заснавалі ў Нью- Ёрку ўласную справу. Гэта была невялікая фабрыка халодных напояў у бутэльках.

Бізнес ішоў настолькі добра, што браты пабудавалі побач з фабрыкай чатырохпавярховы дом з некалькімі кватэрамі, якія здавалі ў арэнду.

У 1928 годзе браты ўпершыню ў жыцці як турысты-пасажыры праляцелі на невялікім самалёце. З гэтага часу пачалося іх захапленне авіяцыяй. Яны набылі ўласны вучэбны біплан маркі «Вако» (рэгістрацыйны нумар NC 1868) за 3400 долараў і былі поўныя рашучасці навучыцца лётаць. Моцнаму жаданню не перашкаджалі няшчасныя выпадкі. Аднойчы самалёт перастаў працаваць у паветры і зваліўся з вышыні 30 метраў. Непрытомны Юзаф не мог выйсці з машыны сам. «Хуткая дапамога» прыбыла неадкладна. Па ўспамінах у кнізе, Юзафу дактары далі шмат гарэлкі. І гэта відавочна прынесла яму карысць, мужчына апрытомнеў.

Без тэарэтычнай падрыхтоўкі і грошай паляцелі праз акіян

Нягледзячы на тое, што абодва браты былі толькі аматарамі ў галіне пілатажу, у 1934 годзе, не маючы тэарэтычнай падрыхтоўкі, яны вырашылі паспрабаваць пераляцець Атлантычны акіян. Аб неабачлівасці братоў сведчыць той факт, што яны набылі новы самалёт «Беланка», пазбавіўшыся акцый сваёй прыбытковай фабрык газіроўкі. На гэта яны выдаткавалі ўсе грошы – 22 тысячы долараў. І ўжо не маглі дазволіць сабе іншыя, неабходныя для пілотаў, прылады – радыёстанцыю, аўтаматычнага пілота альбо астракупал. На корпусе самалёта быў намаляваны польскі герб – Белы арол. А таксама па-англійску было напісана «Горад Варшава» і «Нью-Ёрк – Варшава».

Браты пакінулі Нью-Ёрк практычна без грошай. Калі высадзіліся на востраве Ньюфаўндленд, адкуль павінны былі вылецець у Варшаву, у кішэні ў іх засталося 15 долараў. Ежы таксама было няшмат. Жонка Баляслава зрабіла ім у дарогу бутэрброды, запакавала апельсіны, а на востраве нехта з мясцовых даў запечаную курыцу. Далей адправіліся раніцай 29 чэрвеня. Пасля некалькіх гадзін няспешнага палёту пачаліся праблемы. Спачатку айсбергі ў акіяне зніжалі тэмпературу паветра да такой ступені, што бартавыя прыборы пакрываліся інеем, а абледзянелыя крылы самалёта цягнулі яго ўніз.

Юзаф, які вёў дзённік, тады напісаў: «Божа, памілуй нас».

Пасля некалькіх гадзін шторму браты здолелі праляцець над аблокамі, на вышыню каля чатырох тысяч метраў. Пасля 11 гадзін палёту браты заўважылі, што ў адным з бакаў цячэ паліва. Дзякуючы аварыйнаму рэзерву, запампавалі паліва ў асноўныя рэзервуары.

30 чэрвеня, прыблізна праз 20 гадзін палёту, яны ўбачылі бераг Еўропы, але не ведалі, дзе знаходзяцца. Калі набягалі хмары і туман, браты ляцелі на ўсход яшчэ тры гадзіны, далей ад зямлі. Скарыстаўшыся палепшанай бачнасцю і не здолеўшы знайсці ніводнага горада, Адамовічы прызямліліся на выпадковым невялікім лузе, пераскочыўшы статак кароў. Як аказалася, яны апынуліся каля горада Флёры-сюр-Орн у Францыі. Браты скарысталіся гасціннасцю французаў, і на наступны дзень, пасля рамонту хваставога кола, якое было пашкоджанае падчас пасадкі, аднавілі палёт у Варшаву. З-за таго, што скончылася паліва, яны прызямліліся ў Германіі каля польскай мяжы. Толькі на наступны дзень яны вылецелі на далейшы рэйс, але з-за памылкі ў курсе прызямліліся ў Торуні. У Варшаву ўжо ляцелі ў кампаніі пілота Аляксандра Аношкі, які кантраляваў правільную навігацыю.

У Варшаве пілотаў-аматараў сустракалі 17 тысяч землякоў

У аэрапорце Макотаў у Варшаве самалёт Адамовічаў прызямліўся 2ліпеня 1934 года ў 17:00 у ганаровым суправаджэнні польскіх самалётаў.

Пасля прылёту на аэрадром у Варшаве, 2 ліпеня 1934 года. Фота з Вікіпедыі.

Тут іх сустракалі 17 тысяч чалавек. Землякі прарвалі кардон паліцыі, выкралі сям’ю Адамовічаў і пранеслі на руках да машыны, упрыгожанай ружамі. Кіраўнік Варшавы Юзаф Ольпінскі ўрачыста прамовіў: «Падобна таму, як вы скарылі акіян адным скачком, такім жа чынам вы заваявалі сэрцы варшаўскага насельніцтва».

Відэа сустрэчы можна паглядзець тут.

Два месяцы, якія браты правялі на радзіме, былі лепшым перыядам у жыцці. Іх прымалі па-каралеўску, размяшчалі ў лепшых гатэлях, запрашалі ў добрыя рэстараны. А ў дзясятках польскіх гарадоў іх чакалі радасныя натоўпы.

Памерлі забытыя, у галечы

У ЗША браты вярнуліся поўныя аптымізму з амбіцыйнымі планамі на будучыню. Аднак, калі яны дабраліся да Нью-Ёрка ў пачатку кастрычніка, іх чакалі работнікі пракуратуры. На фабрыцы Адамовічаў знайшлі самагонны аппарат і бочкі для закісання сусла. Па гэтай прычыне братоў асудзілі на 15 месяцаў пазбаўлення волі.

Пасля вызвалення яны ніколі не вярнулі сабе рэпутацыю і грошы.

Баляславу і Юзафу зноў давялося працаваць у старога знаёмага ў Брукліне, яны жылі ў танным пакоі. А памерлі забытыя, у галечы. Юзаф – у 1970, а Баляслаў у 1979 годзе. А раней, у 1951 годзе, асобнікі іх кнігі-дзённіка «Праз Атлантыку» вывезлі з польскіх бібліятэк і падверглі цэнзуры.

• Текст доступен на языке: Русский