Фота konsalt.by.

За першыя чатыры месяцы 2021 дазволы на жыхарства ў Польшчы атрымалі каля пяці тысяч беларусаў. Сярод іх велізарная частка — высокакваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку айцішнікі, якія выбралі Польшчу для рэлакацыі.

2021 год адзначыўся для Польшчы ростам міграцыі ў краіну. Калі ў мінулым годзе дазвол на жыхарства ў краіне атрымалі трохі менш за 160 тысяч чалавек, то сёлета, гледзячы па тэмпах першых чатырох месяцаў, гэтая лічба павялічыцца да 210 тысяч. Сярод імігрантаў у Польшчу найбольш украінцаў, але таксама адчуваецца ўздым міграцыі з Беларусі, піша Wyborcza.pl.

У 2019 годзе Польшча выдала беларусам прыкладна 9 тысяч дазволаў на жыхарства, у цяжкім для нас 2020 годзе лічба знізілася да трохі больш чым 8 тысяч. Сёлета ж, калі тэмпы міграцыі беларусаў у Польшчу не зменяцца, на іх будзе прыходзіцца амаль 15 тысяч дазволаў на жыхарства, то-бок бачны рост амаль у два разы.

Анджэй Кубісяк, польскі эксперт па міграцыі, тлумачыць гэта цяжкім становішчам у беларускай эканоміцы. У Польшчы работнікі тых жа спецыяльнасцей зарабляюць у 2-2,5 разы больш, чым у Беларусі, і ў Польшчы вельмі спрошчаныя працэдуры афармлення для мігрантаў з Украіны і Беларусі.

Летась польскі ўрад хутка прыняў праграму, што палягчае пераезд грамадзянам Беларусі.

Вялікая частка беларусаў, якія перабіраюцца ў Польшчу, працуюць у ІТ-сферы. Такіх людзей сотні, калі не тысячы, і для іх ёсць праца, бо польскія ІТ-кампаніі ўжо не першы год скардзяцца на недахоп супрацоўнікаў. Цяпер краіна можа вырашыць гэтую праблему.
https://nn.by/?c=ar&i=273237

• Текст доступен на языке: Русский