Андрэй Эзерын і Людміла Жылевіч падчас фестывалю здаровага ладу жыцця ў Маладзечне ў 2019 годзе. Фота аўтара.

Ураджэнец Маладзечна, журналіст і актывіст Андрэй Эзерын, які жыве ў сталіцы, нядаўна зрабіў другую фазу вакцыны ад каронавіруса. Адчувае сябе добра, пабочных эфектаў няма. Пра тое, чаму вырашыў вакцынавацца, мужчына расказаў карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты».

Прапагандуючы вакцынацыю, не мог не прышчапіцца сам

– У мяне даволі спецыфічная гісторыя з вакцынацыяй. Справа ў тым, што я як актывіст займаюся камунікацыяй на тэму каронавіруса. Са сваімі калегамі мы праводзілі семінары для журналістаў, дзе расказвалі пра захворванне, пра вакцынацыю, пра тое, навошта яна патрэбная.

Было б дзіўна, калі б чалавек, які прапагандуе вакцынацыю, сам не зрабіў прышчэпку, – расказвае Андрэй.

Суразмоўца кажа, што сур’ёзна вывучаў гэта пытанне. Таму ніякіх міфаў і стэрэатыпаў, звязаных з прышчэпкамі, у яго няма. І калі ў сакавіку з’явілася інфармацыя пра тое, што можна запісацца на прышчэпку ў паліклініку, Андрэй гэта адразу зрабіў.

– Калі прыйшоў вакцынавацца першы раз, у кабінеце доктара мне далі падпісаць паперу. Там было восем-дзесяць пытанняў пра здароўе. Сярод іх: ці няма ў мяне вострага рэспіраторнага захворвання. А яго сімптомы я якраз адчуваў, таму прышчэпку мусіў адкласці.

Пра расійскую вакцыну

Вакцынаваўся Андрэй «Спутником V», хаця яго жонцы, якая прышчаплялася на дзесяць дзён раней, рабілі прышчэпку кітайскай вакцынай.

– Звычайнаму чалавеку вельмі цяжка зарыентавацца, што добра, а што дрэнна. Цяпер шмат рознай інфармацыі, у тым ліку, фэйкаў. Каб вызначыць, чым адна вакцына лепшая за іншую, трэба быць ледзь не спецыялістам. А я ведаю, што расійская школа вакцынацыі – моцная, мае багатую гісторыю. Таму сумненняў у якасці не было, – адзначае суразмоўца.

А навошта прышчэпка ад грыпу?

Перад прышчэпкай пацыента доктар спытаў пра самаадчуванне, а пасля медсястра зрабіла ўкол. Паўгадзіны пасля працэдуры сказалі пабыць у паліклініцы. Сёння, пасля дзвюх фаз вакцыны, Андрэй адчувае сябе добра. Кажа, што пабочных эфектаў няма. Мой суразмоўца лічыць сябе «ўзорным пацыентам», бо яшчэ да вакцынацыі ад «кароны» першы раз у жыцці прышчапіўся ад грыпу:

– Пайшоў на прыём да свайго кардыёлага. І ён параіў прышчапіцца ад грыпу. Сказаў, што прышчэпленыя ад грыпу нашмат лягчэй пераносяць каронавірус. Па восені, ужо зрабіўшы прышчэпку ад грыпу, меў нейкія падобныя да ВРВІ сімптомы. Але праз дзесяць дзён зрабіў тэст, антыцелаў не было. Такім чынам, пацверджанага кавіда не маю да сёння.

Нас прышчаплялі і ў садку, і ў школе

Андрэй лічыць, што ў бліжэйшыя гады нас чакае новая хваля вакцынацыі, бо расце колькасць розных захворванняў.

– Канешне, свету прыйдзецца змагацца з міфамі і стэрэатыпамі. Але ж прыгадайце савецкі час: і ў дзіцячым садку, і ў школе нас прышчаплялі – і мы жывыя. Я лічу, што лепш мець пабочныя эфекты, чым памерці ад каронавіруса. Літаральна апошнімі днямі некалькі маіх знаёмых страцілі блізкіх людзей. А магчыма, гэтага можна было б пазбегнуць, – падсумаваў Андрэй.

Ускладненні – гэта самае страшнае пры каронавірусе. Айцішнік расказаў, чаму прышчапіўся ад кавіду-19

 

• Текст доступен на языке: Русский