Наталля Данілаўна Пашчук. Фота Настассі Уткінай.

Наталля Данілаўна Пашчук – бліскучы настаўнік хіміі, якая падрыхтавала шэраг вучняў да алімпіяд і выхавала сотні прафесіяналаў, многія з якіх звязалі кар’еру з медыцынай.

Тры вучаніцы Наталлі Пашчук сталі пераможцамі Міжнароднай Мендзялееўскай аліміяды па хіміі – Анастасія Смаленская ўзяла бронзу ў 2018 годзе, Аляксандра Радчанка – серабро ў 2014 годзе, Лізавета Дуровіч – бронзу ў 2010 і 2011 гадах.

У 2016 годзе Пашчук атрымала медаль «За працоўныя заслугі». У 2011 годзе стала лаурэатам прэміі «Людзі Міншчыны». У 2010, 2011, 2013, 2014 гадах яе ўзнагародзілі прэміяй спецыяльнага Фонда Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Па выніках працы ў 2010 годзе прызналі найлепшым педагогам Маладзечаншчыны і занеслі на Доску Гонару Маладзечанскага раёна.

Наталля Данілаўна працуе ў школе ад 1999 года. Яна сама скончыла гэтую ўстанову адукацыі, і яе настаўнікам хіміі быў Георгі Іванавіч Корсак – менавіта з яго пачалася слава школы як ўстановы адукацыі з моцнай падрыхтоўкай па хіміі. Пашчук працягнула набытак свайго настаўніка і замацоўвала хімічны статус гімназіі №7.

Сёння дырэктар гімназіі Вольга Вярховіч запрасіла Наталлю Данілаўну, каб пазнаёміць з апавяшчэннем аб звальненні. Звальняюць педагога ад 30 чэрвеня.

– Ці стала звальненне нечаканасцю?

– Я думала, што яшчэ ў верасні звольняць, пасля ўдзелу ў акцыях, плошчы. Магчыма, не звольнілі тады, таму што не ведалі, у які бок гэта ўсё павернецца.

– З чым можа быць звязана звальненне?

– Не падпісвала праўладны ліст, не хадзіла на суботнік і не пералічвала грошы на яго, выйшла з прафсаюза. Вядома, я разумела, што можа атрымацца ў выніку.

– Многія паступаюць у гімназію №7 з-за моцнай падрыхтоўкі па хіміі. Як ваша звальненне адаб’ецца на школьніках, якія вучацца ў гімназіі менавіта дзеля высокага ўзроўню выкладання па хіміі?

– Не хацелася б, каб адбілася і на школьніках, і на гімназіі. Я сама выпускніца гэтай школы, мяне вучыў Корсак. Таму я з трапятаннем стаўлюся да школы. Тым больш адпрацавала 21 год. Мая калега добры хімік, але ў гімназіі вялікая нагрузка, звязаная з падрыхтоўкай да алімпіяд. Так што давядзецца шукаць яшчэ хіміка. Я таксама зацікаўленая, каб на змену прыйшоў добры настаўнік, таму буду ўгаворваць аднаго спецыяліста, алімпіядніцу.

Усё ж незаменных людзей няма. А мне 62 гады. Абяцала калегам дапамагаць, пакінуць напрацоўкі.

– Як працавалася гэты навучальны год, улічваючы вашы прынцыповыя ўчынкі?

– У гімназіі калектыў разваліўся. Асаблівай радасці ад камунікацыі з некаторымі калегамі я не атрымлівала. Вітаемся з некаторымі калегамі, але камунікацыя, як раней, знікла. Мяне не прыцяснялі, не прымушалі рабіць тое, што рабіць не хацела. Але атмасфера ў калектыве стала зусім іншай.

– Ці могуць жадаючыя вучыцца ў вас запісвацца на рэпетытарскія паслугі?

– Так, я плачу падатак. Хто захоча займацца, калі ласка.

***

Раней з пасады дырэктара школы №5 звольнілі Яўгена Макарэвіча. Падчас прэзідэнцкіх выбараў на ўчастку для галасавання, размешчаным у яго школе, перамагла Святлана Ціханоўская. На яго пасаду прызначылі былога намесніка дырэктара з СШ №14, якой кіруе Каліна Капуцкая. Новым дырэктарам школы стала Таццяна Курыловіч. А пасля ў пятую школу прызначылі намесніка дырэктара Васіля Капуцкага, які да гэтага працаваў намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Завода парашковай металургіі.

Памятаеце, настаўнікі пятай школы пісалі зварот, каб не звальнялі Макарэвіча? Прыйшоў адказ

Прадстаўнікі нямецкай гімназіі заклапочаныя звальненнем Яўгена Макарэвіча

«Урок для ўсяго горада». Маладзечанцы адстойваюць пасаду дырэктара школы №5 за Макарэвічам

Звальняюць дырэктара школы №5 у Маладзечне Яўгена Макарэвіча

• Текст доступен на языке: Русский