Вядоўцы «Славянскага базару ў Віцебску» Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі. Фота facebook.com/katyarayaaa.

Шэраг спевакоў з Беларусі, Украіны і Расіі заяўляюць аб адмове ўдзельнічаць у сёлетнім «Славянскім базары ў Віцебску”. Як гэта паўплывае на фестываль і якое гучанне можа мець культурная імпрэза, мы папрасілі падзяліцца меркаваннем вядоўцу і музыку Дзяніса Дудзінскага.

Хто адмовіўся ўдзельнічаць у «Славянскім базары»

«Славянскі базар у Віцебску» запланаваны на 15-18 ліпеня. У гэтым годзе мае адбыцца 30-ы міжнародны фестываль мастацтваў.

На афіцыйным сайце фестывалю размешчаны спіс артыстаў, чый удзел у імпрэзе запланаваны. Сярод іх: Мікалай Баскаў, Алена Ваенга, Стас П’еха, Надзея Кадышава, Алёна Ланская, Руслан Аляхно, Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка і іншыя.

Шэраг артыстаў заявілі пра тое, што адмаўляюцца ад удзелу ў сёлетнім фестывалі. Гэта комік Міхаіл Галусцян, украінская спявачка MARUV, Алег Віннік і іншыя. Вось што, напрыклад, напісаў Галусцян: «Мае любімыя беларусы, я не збіраўся выступаць на «Славянскім базары»! Не пішыце мне ў дырэкт і не пішыце каментары. Просьба прыбраць маё прозвішча са спісаў! Не дурыце народ! Усім мір».

Многіх артыстаў заклікалі не ўдзельнічаць у фестывалі прыхільнікі і неабыякавыя беларусы, звяртаючы ўвагу на тое, што ўдзел у фестывалі можа быць расцэнены як падтрымка дзейснай улады.

«Не варта думаць, што за намі сочыць увесь свет»

Дзяніс Дудзінскі працаваў вядоўцам «Славянскага базару» ад 2006 года. Кацярына Раецкая стала яго партнёрам па сцэне. У ліпені мінулага года абаіх звольнілі з беларускага тэлебачання і вядзення фестывалю, таму што пара зрабіла запіс пра затрыманне людзей, што стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by. Дудзінскага затрымлівалі 2 верасня 2020 года за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, яго асудзілі на 10 сутак.

Мы паразмаўлялі з шоўмэнам пра тое, як ён ацэньвае сітуацыю вакол фестывалю.

– Якія ўражанні ад працы  на фестывалі ў вас былі да 2020 года? Ці з’яўлялася адчуванне, што гэта не толькі культурнае свята?

– У першую чаргу, для мяне гэта была праца. Працаваць трэба было ў вялікіх аб’ёмах, па два-тры мерапрыемствы на дзень. Таму пахадзіць, пагуляць па фестывалі як гледачу не было магчымасці. З таго, што бачыў я, – культура, тэхнічныя пытанні, песні, танцы. Калі мяне і спрабавалі ўцягнуць у штосьці за гэтымі межамі, то я знаходзіў спосаб не ўцягвацца.

– У мінулым годзе вы зрабілі заяву пра палітычную сітуацыю. Ці былі сумненні ў правільнасці ўчынку?

– Не, безумоўна. Я дарослы чалавек, нясу адказнасць за свае словы і ўчынкі. Зрабіў так, як палічыў патрэбным. А ўжо што рабіць з гэтай заявай, як рэагаваць на яе – вырашае грамадства, дзяржава, кожны сам.

– Ці вітаеце тое, што некаторыя артысты адмаўляюцца выступаць на «Славянскім базары»?

– Гэта рашэнне самога артыста. Мы цяпер перажываем усю гэту гісторыю, але не варта думаць, што ўвесь свет сочыць і падтрымлівае нас. Я моцна б не думаў пра тое, хто выступіць на фестывалі, а хто не. Напрыклад, Стасу Міхайлаву напісалі людзі з просьбай, каб ён не прыязджаў на фестываль. Што ж, маюць права. Калі б хтосьці з замежных артыстаў папрасіў парады ў мяне, я сказаў бы – сітуацыя такая, што цяпер у Беларусі збіваюць і саджаюць людзей, а ты глядзі сам, ці ехаць на такое мерапрыемства.

Ідэальны ў такіх умовах, напэўна, такі варыянт: артыст адыгрывае канцэрт, а ўсе атрыманыя грошы пералічвае ў фонды падтрымкі пацярпелым.

– Ці магчымы варыянт, што фестываль адменяць?

– Калі не купяць білеты, не прыедуць артысты, верагоднасць ёсць. Але «Славянскі базар» – гэта сур’ёзная машына. Лічу, што ён адбудзецца ў любым выпадку, дзіркі беларускімі артыстамі заткнуць, як звычайна.

– Сімвалам чаго можа стаць сёлетні фестываль?

– Каб зразумець, неабходна ўбачыць, якім ён адбудзецца. Многія культурныя падзеі цяпер – гэта праявы дзяржаўнасці.

– Ці з’яўляецца «Славянскі базар у Віцебску» месцам, дзе славянскія культуры прадстаўленыя на роўных? Або ёсць расійская дамінанта?

– Расійскі рынак шоу-бізнесу ў разы буйнейшы за беларускі. Таму натуральна, што беларускі імкнецца раўняцца на яго. У гэтым няма нічога кепскага. І калі на фестывалі пераважна выступаюць расійскія артысты, таксама нічога кепскага. Беларускія артысты заўсёды прадстаўленыя на фестывалі, пытанне ў тым, якія. Сёлета – якія засталіся. На «Славянскім базары» павінны выступаць «Тройца» і «Палац», але не выйшлі «палітычнай пысай». «Славянскі базар» – гэта не толькі песні, але і тэатральныя пастаноўкі, джазавыя вечары. Былі часы, калі ў журы былі Ала Пугачова, Мішэль Легран, а цяпер – «хоць хто-небудзь пажурыце нас». Хацелася б, каб узровень канцэртаў быў іншы. У межах фестывалю ладзяць канцэрты пасля закрыцця, на якія запрашаюць «Бі-2», Арбеніну, «Мумі Троль», на якія і так пойдуць гледачы.

Хочацца, каб было больш якаснай музыкі, а не фанерная папса з году ў год.

• Текст доступен на языке: Русский