Пераможца ў Вілейцы.

На абласным конкурсе прыгажосці Вілейку прадставіць Алена Велюць.

Віляйчанка, якая сёлета заваявала тытул «Міс Вілейка», вучыцца на трэцім курсе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Яе будучая спецыяльнасць – інструктар-метадыст па аздараўленчай фізічнай культуры і выкладчык фізкультуры.

На пытанне, чаму вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе «Міс Беларусь», адказ Алены такі:

– У шостым класе выйграла школьны конкурс прыгажосці «Міс Абаяшка». Адсюль усё і пачалося. Ужо студэнткай выйграла ўніверсітэцкі конкурс прыгажосці і падобны конкурс у студэнцкім інтэрнаце. Калі прапанавалі паўдзельнічаць у Вілейцы, падумала: “Чаму б і не”. Так і трапіла.

Дзяўчыну падтрымлівала сям’я – гэта мама, тата і два браты. А таксама жаніх і сяброўка. Алена прыгадвае, што перамога на раённым конкурсе прыгажосці ў Вілейцы стала нечаканай, прыемнай і радаснай:

– Пачуўшы вынікі конкурсу, радаваліся ўсёй вялікай сям’ёй. Я ішла толькі за перамогай. І на вобласць таксама іду за перамогай. У гэтым мяне падтрымліваюць родныя. А мама ўвогуле кажа: «Ніякіх другіх месцаў у нас быць не можа».

Віляйчанка ўжо рыхтуецца да абласнога конкурсу «Міс Міншчына», які пройдзе 28 мая ў Барысаве. Да выступлення ладзілі некалькі рэпетыцый. Таксама да конкурсу ў Барысаве трэба было падрыхтаваць уборы:

– Набыла дзве пары бэжавых туфляў-лодачак. Такі абутак – умова арганізатараў. Напракат брала дзве сукенкі. Выдаткі атрымаліся немаленькія.

Алена Велюць падчас падрыхтоўкі да конкурсу “Міс Беларусь”.

Што хвалюе Алену перад выступленнем? Вялікая колькасць прыгожых дзяўчат-удзельніц і дэфіле ў купальніку.

А яшчэ дзяўчына прызналася: хвалюецца, каб не паваліцца на сцэне.

– Досвед удзелу ў падобных конкурсах для мяне патрэбны. Вучуся натуральна трымаць сябе на сцэне, менш хвалявацца на публіцы.

Саперніцы – усе дастойныя, але Вілейка павінна быць наперадзе, – падсумавала Алена.

Фотаздымкі забяспечаныя гераіняй публікацыі.

• Текст доступен на языке: Русский