Фота pixabay.com.

Адна з праблем, з якой сутыкаецца кожны садоўнік, – гэта насякомыя-шкоднікі. Часам іх даволі цяжка заўважыць, толькі заўважаеш пагрызенае лісце або карані раслін, пажоўклыя кусты парэчак або павуцінне на яблынях.

Хімічныя сродкі часам не толькі не дапамагаюць ліквідаваць праблему, але і шкодзяць іншым насякомым і жывёлам, а таксама чалавеку.

Некаторыя віды птушак, дробныя млекакормячыя і земнаводныя могуць дапамагчы вырашыць праблему, таму што ядуць шкодных лічынак, гусеніц, жукоў.

Як уладкаваць сад, каб яго наведвалі сініцы і дразды, для апылення чмялі і пчолы, а можа, нават пасяліліся вожыкі і жабы? Некалькі карысных парадаў ад Gardeners ‘Word транслюе «Зялёны партал».

Май – гэта час актыўнай працы ў садзе. Птушкі кормяць сваіх птушанят, а насякомыя-апыляльнікі: чмялі, матылі – кружацца каля кветак. У вожыкаў пачынаецца шлюбны перыяд – самцы могуць сапернічаць адзін з адным за самак, біцца, фыркаць і сапці пры гэтым.

Не абразайце кусты

Перад тым, як абрэзаць хмызнякі або жывую агароджу, праверце іх, каб выпадкова не патрывожыць птушак, якія там гняздуюцца. Выкарыстоўвайце ручныя інструменты замест электрычных, пакуль не скончыцца сезон гнездавання. Паспрабуйце не займацца абразаннем да верасня.

Падкормлівайце птушак

Пакладзіце ў кармушкі жывых або высушаных мучных чарвякоў для чорных драздоў і малінавак. Птушкі, якія гняздуюцца, напрыклад, сініцы і вераб’і, таксама возьмуць іх, каб пакарміць птушанят, калі не знойдуць дастаткова гусеніц.

Але трэба звяртаць увагу, каб мучныя чарвякі не зваліліся на зямлю, дзе іх уначы могуць знайсці і з’есці вожыкі. Чарвякі вельмі небяспечныя для вожыкаў – выклікаюць дэфармацыю касцей.

Стварайце домікі для насякомых і жывёл

Пакідайце невялікія кучы камянёў і сухіх галінак, каб стварыць хованкі. У такіх хатках паселяцца дробныя бесхрыбетныя, амфібіі і млекакормячыя.

Днём яны будуць хавацца ў сваім сховішчы, а ўначы паляваць на смаўжоў і іншых шкоднікаў, якія жывуць у садзе.

Вырошчвайце расліны для насякомых-апыляльнікаў

Пасадзіце лаванду, размарын, арэгана, шніт-цыбулю, канюшыну і іншыя меданосныя расліны ў сонечным месцы, каб прыцягнуць у свой сад насякомых-апыляльнікаў.

Не прыбірайце пустазелле

Пакіньце некалькі дзьмухаўцоў у садзе. Яны стануць ежай для яго жыхароў. Некаторыя віды насякомых адкладаюць лічынкі ў іх лісці, а іншыя сілкуюцца нектарам і пылком гэтай расліны.

Калі ў вашым садзе ёсць сажалка, можна трохі змяніць яе, высадзіўшы там, вераніку струменевую, незабудку балотную. Яны ствараюць сховішча для водных насякомых: трытонаў, лічынак стракоз, а таксама жукоў-плывунцоў.