На месцы здарэння.

25 мая ў Смаргоні адбылася аварыя. У ёй пацярпеў кіроўца, які выходзіў з салона аўтамабіля, паведамляе УУС Гродна.

Каля 11.30 69-гадовы кіроўца «Міцубісі» рухаўся заднім ходам па дваровай тэрыторыі на вуліцы Дзяругі. Мясцовы жыхар праявіў няўважлівасць і сутыкнуўся з аўтамабілем, які стаяў у двары. «Міцубісі» стукнулася ў левую пярэднюю дзверку, з якой выходзіў кіроўца.

43-гадовы мужчына атрымаў цялесныя пашкоджанні – пералом нагі. Пасля аказання медыцынскай дапамогі яго адпусцілі дадому. Па факце здарэння праводзіцца праверка.