21 мая Мінскі абласны краязнаўчы музей пераўтварыўся ў тэатр. Тут можна было наведаць тэатральны буфет, пераапрануцца ў касцюмы, зрабіць бутафорскія рэчы, пабачыць пастаноўкі і сустрэцца з акцёрамі.

Усё гэта адбывалася ў межах міжнароднай акцыі «Ноч музеяў».

Што адбывалася ў музеі

Вечарам 21 мая маладзечанцы і госці горада завіталі ў музей з сябрамі або сем’ямі. Заняць сябе маглі людзі рознага ўзросту і зацікаўленасцяў. Ля ўвахода можна было змайстраваць уборы для папяровых лялек або пачаставацца прысмакамі з тэатральнага буфета. Ахвотныя маглі прымераць на сябе вобразы розных персанажаў у касцюмернай зоне, дапоўніць вобраз аквагрымам і зрабіць фота. На іншай пляцоўцы мастакі вучылі ствараць бутафорскія рэчы, якія могуць спатрэбіцца ў пастаноўках. На заднім дворыку музея акцёры «Батлейкі» зладзілі для дзяцей рухомую гульнявую праграму.

На другім паверсе музея размясцілі выставу «Тэатральныя замалёўкі». Тут можна пабачыць афішы розных гадоў, уборы, дэкарацыі і нават акуляры з адной дужкай былога мастацкага кіраўніка драмтэатра Юрыя Вуты.

У зале пастаяннай выставы «Прырода Міншчыны» размясцілі пляцоўку, дзе можна было пазнаёміцца з лялькамі маладзечанскай «Батлейкі». Дзеці маглі адначасова пабачыць пудзілы розных жывёл і персанажаў лялечнага тэатра. Акцёры зладзілі праграму для дзяцей, дзе знаёмілі з тыпамі лялек, дэманстравалі, як з імі працаваць, і прапаноўвалі паспрабаваць іх ажывіць дзецям.

У зале пастаяннай экспазіцыі «Гісторыя Міншчыны» навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў паставілі ўрыўкі з п’ес, а пасля наведнікаў чакала сустрэча з акцёрамі драматычнага тэатра Аленай Рахмангулавай і Алегам Чэчаневым.

Прадстаўнікі ваенна-гістарычнага клуба «Нашчадкі» правялі дэманстрацыю ўбору салдат расійскай імператарскай армію падчас вайны з Напалеонам і салдата Першай сусветнай вайны.

Сярод узбраення прадстаўніка Першай сусветнай была сапёрная лапатка, якую адшукалі падчас раскопак – яна або выратавала жыццё салдату, або ён не выжыў.

Якія ў Маладзечне гледачы

Падчас сустрэчы з гледачамі вядучыя майстры сцэны Мінскага абласнога драматычнага тэатра Алена Рахмангулава і Алег Чэчанеў дзяліліся разважаннямі пра прафесію і прыгадвалі розныя сітуацыі з выступленняў.

Яны падзяліліся, што для любога акцёра балючы той момант, калі перастае выходзіць на сцэну. Рахмангулава расказала, што цяпер у зале мала гледачоў, а летась быў досвед, калі з-за каронавіруса ладзілі анлайн-пастаноўкі на камеру. Такі досвед быў вельмі няпросты для тых, хто прывык працаваць з публікай. «Глядач – гэта паветра, якое нам неабходнае» – падзялілася актрыса.

Як знакавую ролю Рахмангулава адзначыла Ганну з пастаноўкі па п’есе Дударава «Вечар». Калі гэту ролю далі, жанчыне было 32 гады, і паказваць 80-гадовую бабулю было не проста. Актрыса нават думала, што прафнепрыгодная, раз не можа на ўзроўні паказаць персанажа. Але пасля ўсё атрымалася. І Рахмангулава, і Чэчанеў атрымалі статус вядучых майстроў сцэны за ролі ў «Вечары», рана для іх узросту.

Чэчанеў расказаў пра тое, што восенню маладзечанцаў чакае прэм’ера – дэтэктыў пра беларускага Шэрлака Холмса.

Адзначылі, што ў Маладзечне вельмі добрая моладзь. Падчас гастроляў у Мінску ў акцёраў гледачы кідалі паперкамі – нават не хацелі дайграваць спектакль.

Усё ж вырашылі дапрацаваць, але на паклон не выйшлі. У Маладзечне ж гледачы зусім іншыя, працаваць для якіх – задавальненне.

Алена Чарнецкая.

Наведнік стаў дзеючай асобай

Пра падрыхтоўку «Ночы музеяў» расказала дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алена Чарнецкая:

– У гэтым годзе наш драматычны тэатр адзначаў сваё 30-годдзе, а ў мінулым годзе наш тэатр лялек «Батлейка» таксама адзначаў 30-годдзе. На тэму ночы музеяў юбілеі і натхнілі, тым больш, што мы пастаянна супрацоўнічаем з тэатрамі. Таму на сённяшні вечар мы ператварылі наш музей у тэатр. Тэатр увогуле аб’ядноўвае розныя мастацтвы. Тут і танец, і песня, і літаратура.

А ў музеі заўсёды пануе атмасфера мастацтва.

Запрасілі акцёраў паказаць тэатральныя пастаноўкі, адбылася сустрэча з акцёрамі тэатра. Касцюмерная, дзе можам пераапрануцца, схадзіць у тэатральны буфет, наведаць бутафорную майстэрню. Распрацаваць усё цэласна і разнастайна было не вельмі складана. Мы ж усе разумеем, што ў тэатры адбываецца. Спадзяюся, што наша задума атрымалася. Гасцям было чым заняцца. Была мэта, каб сённяшні наведнік адчуў сябе не проста назіральнікам, а акунуўся ў атмасферу, пабыў дзеючай асобай.

У Маладзечне паставілі калядны спектакль у маі пад рэжысурай Святланы Бень