Шэрая варона. Фота В. Сцяпанавай.

Рэч у тым, што ў канцы мая і пачатку чэрвеня ў суседзяў чалавека – шэрых варон – птушаняты пакідаюць гнёзды. Але яны яшчэ не навучыліся добра лятаць, і могуць хавацца ў траве. Натуральна, іх бацькі наглядаюць за імі і абараняюць ад патэнцыйнай небяспекі.

Калі каля вас з карканнем, лопаючы крыламі, лятаюць вароны і нават спрабуюць дзеўбануць, ведайце, што недзе паблізу іх птушаня. Бацькі ўспрымаюць вас як пагрозу малому. Непрыемна? Вядома. Але важна разумець: так бацькі клапоцяцца пра птушанят. І такія агрэсіўныя паводзіны ў іх ненадоўга.

Каб навучыцца лятаць, птушаняці шэрай вароны трэба ўсяго некалькі дзён, таму, калі вы сутыкнуліся з парачкай нервовых варон-бацькоў, ведайце: праз 3-4 дні яны пакінуць ваш двор.

Многія птушаняты выскокваюць з гнязда ўжо з распрацаванымі крыламі – тады ні варонам-бацькам, ні мінакам не даводзіцца хвалявацца.

Што рабіць, калі атакуюць шэрыя вароны?

Не хвалюйцеся – варона не можа сур’ёзна параніць чалавека, хаця падрапаць скуру – можа.

Агледзьцеся: можа, каля дарогі ці сцежкі ў траве ляжыць птушаня. Тады можна перанесці яго на 20 метраў далей ад дарогі, дзе ходзяць людзі. Рабіць гэта трэба асцярожна, бо вароны будуць нападаць, калі возьмеце птушаня ў рукі. Захініце галаву парасонам або капюшонам. Таксама варон можна адпудзіць вокрыкам.

Калі незразумела, чаму вароны атакуюць людзей на пэўным участку, – можна павесіць на ўваходзе-выхадзе з гэтага ўчастка таблічку: “Асцярожна — шэрыя вароны. Лепей абыдзіце”.

Ніякіх спецыялістаў, грамадскіх арганізацый, прыродных камітэтаў у такіх выпадках выклікаць не трэба: гэта звычайная прыродная з’ява, і сур’ёзнага ўмяшання яна не патрабуе. Не трэба помсціць варонам.

Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі каментуе:

Нашы грамадзяне варон часцяком блытаюць з гракамі. Але гракі цалкам чорныя, а не чорна-шэрыя птушкі, гняздуюцца калоніямі, а не паасобку, ніколі не абараняюць птушанят, хаця хвалююцца за іх не менш за варон. Шэрыя вароны – надзвычай разумныя птушкі. Толькі ўявіце сабе, што яшчэ зусім нядаўна гэтыя птушкі гнездаваліся на балотах і ўскрайках палёў і паплавоў, а цяпер амаль усе перасяліліся ў гарады. Так што ўрбанізацыя закранула не толькі людзей.