Фота hype.tech.

23 мая рэйс кампаніі «Рэйнэйр» Афіны-Вільня экстранна пасадзілі ў Мінску з-за паведамленняў аб мініраванні самалёта.

Еўрапейскія краіны і ЗША ўвялі часовыя забароны на перамяшчэнні беларускіх самалётаў у сваёй паветранай прасторы і таксама рэкамендавалі пазбягаць паветранай прасторы Беларусі. Гэта Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Нідэрланды, Венгрыя, Латвія, Літва, Польшча, Фінляндыя, Чэхія, Швецыя, Чарнагорыя і Украіна.
Колькасць краін, якія абмяжоўваюць рух у сваёй паветранай прасторы для беларускіх бартоў, расце з кожным днём. У сваю чаргу «Белавія» закрывае рэйсы ў кірунку гэтых краін.

«Рэгіянальная газета» запыталася ў чытачоў з Маладзечаншчыны, якія гісторыі пра палёты на самалёце яны памятаюць.

Уладзімір Садоўскі, Маладзечна:

– Апошні раз лятаў у 1992 годзе, калі мне было пяць гадоў. Ляцелі з Ерэвана ў Вільню. Баць­­ка быў ваенным доктарам у вайсковай часці ў Ахалкалаках, яе расфарміравалі, а бацьку дэмабілізавалі, сям’я вярнулася ў Беларусь. У Вільні нас забрала бабуля на службовай машыне і прывезла ў Маладзечна.

Аляксей Ліс, Краснае, Маладзечанскі раён:

– Прыкладна з месяц таму размаўляў са знаёмай. У яе на сёння прыкладна ўжо 100 пералётаў – гэта за апошнія дзесяць гадоў. Стаў падлічваць свае і неяк моцна не ўразіла, толькі дзясятак налічыў. Але як высветлілася, затое першы раз я ляцеў у СССР.

Ад 2017 года, згодна са статыстычным зборнікам «Беларусь у лічбах» Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць турыстаў у Беларусь павялічваецца, як і колькасць беларускіх турыстаў, што вандруюць за мяжой. У 2020 годзе колькасць турыстаў рэзка зменшылася з-за пандэміі каронавіруса. Узімку 2021 года беларуская ўлада ўвяла падатак (1 базавая велічыня – 29 рублёў) на выезд за мяжу для людзей, што выязджаюць з тэрыторыі Беларусі на аўтамабілях. Такі падатак уведзены ў Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай абласцях.