Гальшанцу Івану Вярбіцкаму пакінулі прысуд без змяненняў: мужчыну абвінавачвалі па тэрарыстычным артыкуле за паведамленні ў тэлеграм-канале і прысудзілі восем год зняволення.

25 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе прайшла апеляцыя па справе Вярбіцкага, паведаміла прэс-служба структуры. Абласны суд пакінуў прысуд без змяненняў, а апеляцыйную скаргу абвінавачваемага і абаронцы пакінуў без задавальнення. Прысуд набыў законную моц.

Нагадаем, 15 сакавіка суд Смаргонскага раёна прысудзіў Івану Вярбіцкаму 8 год і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: за акт тэрарызма, саўдзел у злачынстве, незаконныя дзеянні ў дачыненні да да вогнестрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчаваў і за знішчэнне афіцыйнага дакумента. Вярбіцкі прызнаў віну толькі па адным артыкуле — аб знішчэнні афіцыйнага дакумента.

Мужчыну прызналі вінаватым па трох артыкулах, па артыкуле па незаконных дзеяннях у дачыненні да зброі апраўдалі.

У кастрычніку 2020 года Вярбіцкі пакінуў у двух тэлеграм-каналах паведамленні, якія сілавыя органы расцанілі як тэрарыстычны акт. У іх мужчына нібыта заклікаў падпаліць ашмянскую пракуратуру і пашкодзіць маёмасць астравецкіх сілавікоў. Сам падсудны расказаў, што гэта быў тролінг. Падчас ператрусу ў Вярбіцкага знайшлі порах і патроны, а ён сам парваў пастанову аб ператрусе.

Падрабязней пра суд над Вярбіцкім

Першае пасяджэнне: Жыхара Гальшан абвінавачваюць у тэрарызме. Ён кажа, што «троліў» сілавікоў

Другое пасяджэнне: Сведкі не прыйшлі, відэа не ўключылася. У Смаргоні працягваюць разглядаць справу па акце тэрарызму

Трэцяе пасяджэнне: У Смаргонь на суд па справе аб тэрарызме прыехалі дзяржСМІ. Яны знялі абвінавачваемага і з’ехалі

Чацвёртае пасяджэнне: Дзяржабвінаваўца запатрабаваў 9 год і 6 месяцаў турмы для гальшанскага «тэрарыста»

Пятае пасяджэнне: Сёння ў Смаргоні агучылі прысуд па справе аб тэрарызме