Фота realbrest.by.

Ашуканцы ўзламалі старонку 27-гадовай маладзечанкі ў інстаграме і апублікавалі пост пра збор грошай на лячэнне для маці. Такую гісторыю жанчына распавяла ў міліцыі. Па факце несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі следчыя ўзбудзілі крымінальную справу.

Пачалося з таго, што жанчына не магла зайсці ў свой профіль у інстаграм. Аднавіць доступ да старонкі яна спрабавала з дапамогай прывязаных да акаўнта паштовай скрыні і тэлефона, але ўсе спробы былі беспаспяховымі – хакеры ўсюды паспелі «папрацаваць». Тады маладзечанка звярнулася ў службу тэхнічнай падтрымкі і, прытрымліваючыся інструкцыі, атрымала доступ да нейкай пустой старонкі. Далей код бяспекі ад імя даведачнага цэнтра ёй даслалі ад беларускага абанента, падпісанага ў мессенджер імем «Крысціна». Западозрыўшы няладнае, жанчына напісала незнаёмцы, а тая, у сваю чаргу, распавяла, што таксама стала ахвярай інтэрнэт-ашуканцаў і пароль маладзечанцы не адпраўляла.

Сумневы адносна махлярства пацвердзіліся, калі на заяўніцу абрынуўся шквал пытанняў ад знаёмых. Як аказалася, у «сторыс» ад яе імя размясцілі інфармацыю аб экстраным зборы грошай на лячэнне маці, што пацярпела ў аварыі. Гэтыя звесткі не адпавядалі рэчаіснасці. Акрамя таго, паведамленні з просьбай аб дапамозе зламыснікі даслалі ў асабістыя паведамленні яе падпісчыкам.

Грамадзяне, якія ўбачылі навіну першымі і былі гатовыя пералічыць ахвяраванні па ўказаных рэквізітах, усё ж вырашылі даведацца аб тым, што адбылося з першых вуснаў. У выніку на вуду фінансавых ашуканцаў так ніхто і не трапіўся.

Міліцыя нагадвае грамадзянам, што ў падобных выпадках самы дзейсны спосаб абараніцца ад ашуканцаў – асабіста патэлефанаваць ўладальніку акаўнта і спытаць, ці сапраўды ён мае патрэбу ў фінансавай дапамогі.

• Текст доступен на языке: Русский