Юры Горлаў і Вольга Чупрыс у Маладзечанскім райвыканкаме.

Сёння намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс у час рабочай паездкі ў Маладзечна прыняла грамадзян і паўдзельнічала ў пасяджэнні райвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На прыём прыйшлі дзесяць маладзечанцаў. Былі таксама людзі з іншых гарадоў. 

Першай выказалася жыхарка Маладзечна. Яна казала пра знос гаража, які неабгрунтавана пабудавалі часткова на тэрыторыі яе ўчастка.

Заяўніца неаднаразова звярталася па дапамогу да мясцовых уладаў, аднак выніку пакуль няма.

Кіраўнік райвыканкама расказаў, што праблема вядомая супрацоўнікам выканаўчага органа. Справа на кантролі.

– Пытанне вырашаем штодня, аднак узніклі замінкі. Ёсць два спадчыннікі гэтага гаража. Адзін жыве ў Маскве, другі ў Маладзечне. Грамадзяне пакуль пазбягаюць зносін з супрацоўнікамі райвыканкама і праваахоўных органаў, – адзначыў Юры Горлаў.

Ён звярнуў увагу на тое, што беспадстаўна знесці аб’ект нельга, бо гэта прывядзе да парушэння заканадаўства. У бліжэйшы час мясцовыя ўлады паспрабуюць ізноў звязацца з ўласнікамі гаража.

– Калі выніку не будзе, неабходна пачынаць адміністрацыйны працэс, – падкрэсліла Вольга Чупрыс.

Тэму капітальнага рамонту дома №72а па вуліцы Вялікі Гасцінец агучыла іншая жыхарка горада. Выслухаўшы заяву, старшыня райвыканкама паабяцаў зрабіць рамонт аб’екта да канца года.

Аналагічная праблема хвалявала і іншую гараджанку. Яна распавяла, што ў адным з дамоў па вуліцы Вялікі Гасцінец расколіна, таксама на прылеглай вуліцы разбітая дарога.

– Збіраемся з суседзямі, рамантуем па магчымасці дом, уладкавалі дзіцячую пляцоўку. Але гэтыя праблемы глабальныя. Людзі ламаюць ногі, расколіна ў доме настолькі сур’ёзная, што баімся рамонт у кватэрах рабіць. Хацелася б даведацца, калі будынак прывядуць у парадак, – спытала жыхарка горада.

Старшыня райвыканкама адзначыў: аб’ект уключаць у спіс дамоў для капітальнага рамонту. У бліжэйшыя гады яго прывядуць у парадак, праблему з дрэннай дарогай вырашаць раней.

Падчас мерапрыемства таксама зайшла гаворка пра дагавор найму жылога дома ў вёсцы Пятроўшчына, які грамадзянам некалькі гадоў таму прадаставіла сельскагаспадарчае прадпрыемства. Па словах заяўніцы, мясцовая гаспадарка выдзеліла дом яе мужу, які прапрацаваў на прадпрыемстве больш за дзесяць гадоў.

– Так здарылася, што ён не паспеў аформіць дагавор найму жылля. Памёр. Сутыкнуліся з праблемай, што нас могуць высяліць з дому, бо я яго аформіць не магу: працую не на тэрыторыі раёна, але па заканадаўстве дакументы можна аформіць на дачку. Як ні спрабавалі, ніхто не хоча дапамагаць, – распавяла заяўніца.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта даручыла мясцовым уладам на працягу месяца знайсці спосаб вырашыць праблему.

– Калі людзі пражылі ў доме некалькі гадоў, спраўна плацілі за яго, нельга ў іх яго адбіраць, – сказала Вольга Чупрыс.

• Текст доступен на языке: Русский