24 мая настаўніку хіміі маладзечанскай гімназіі №7 Наталлі Пашчук паведамілі, што звальняюць ад 30 чэрвеня. Інтэрв’ю з ёй можна прачытаць па спасылцы.

Мы папрасілі выказацца з нагоды гэтай навіны калег і ввыпускнікоў педагога.

Тамара Сіняўская.

«Ганаруся, што знаёмая з такім чалавекам»

Настаўніца хіміі маладзечанскай СШ №12 Тамара Сіняўская таксама вядомая выдатнай падрыхтоўкай школьнікаў. На рахунку яе вучняў алімпіяды абласнога ўзроўню, дыпломы 2 і 3 ступеняў на заключным рэспубліканскім узроўні. Сіняўская – удзельніца рэспубліканскай і абласной творчых груп настаўнікаў хіміі. Вось што яна заўважае з нагоды звальнення калегі:

– Пазнаёмілася з Наталляй Данілаўнай  больш за 15 год таму. Я толькі вярнулася працаваць у школу, і мы разам былі на семінары. З першай сустрэчы захапляюся Наталляй Данілаўнай і як чалавекам, і як настаўнікам. Яе адданасць працы і дзецям – гэта ўзор для ўсіх нас. Я ніколі не саромелася папрасіць у яе парады або спытацца пра рашэнне задачы, бо яна не ставіла сябе вышэй, заўсёды з павагай старалася ўсё растлумачыць. Не разумею, як можна было звольніць такога настаўніка. Яна не проста лепшая з лепшых, яна адзіная. Зразумела, што адукацыя страціць значна больш, чым сама Наталля Данілаўна.

У яе заўсёды чарга на рэпетытарства. А цяпер вольнага часу будзе больш. Я ганаруся тым, што знаёмая з такім чалавекам.

Аляксандра Радчанка.

«Кожны дзень мы сутыкаемся з выбарам, які ніхто не забудзе»

Аляксандра Радчанка – вучаніца Пашчук, якая ўзяла дыплом І ступені ў рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі ў 2014 годзе, стала сярэбраным прызёрам Міжнароднай алімпіяды па хіміі ў 2014 годзе і стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў і студэнтаў. Цяпер дзяўчына рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі па тэме «Распрацоўка методык атрымання калоідных нанакрышталяў, інкапсуляваных вытворнымі полімалеінавага ангідрыду для кантролю іх фізіка-хімічных якасцяў». Навіна пра звальненне Наталлі Данілаўны ўзрушыла яе:

– Наталля Данілаўна – гэта выкладчык, што з’яўляецца ўзорам для педагагічнага пераймання. Акрамя грунтоўных ведаў па хіміі, яна ніколі не пераставала вучыцца, скупляла ўсе магчымыя беларускія і замежныя падручнікі па хіміі, рашала ўсе задачы, што траплялі пад руку. Нягледзячы на ​​ўсе рэгаліі і пашану, ніколі не ставіць сябе вышэй за дзяцей, заўсёды ўнікае ў сутнасць іх пытанняў і імкнецца дапамагчы з тым, дзе здараецца затор. Яна ўмее тлумачыць і на пальцах, і на жыццёвых прыкладах, а не сухімі цытатамі з падручнікаў.

Ведае ўсё і пра ўсё – ну, прынамсі, мне так здаецца. Знаходзячыся побач з ёй, хочацца вучыцца, станавіцца лепш, а калі нешта не атрымліваецца, то дзяўбці-дзяўбці-дзяўбці, пакуль не атрымаецца.

Я скончыла хімічны факультэт БДУ з адзнакай, займалася навуковай працай з першага курса, а цяпер рыхтуюся да абароны кандыдацкай дысертацыі. Дагэтуль магу параіцца з ёй па некаторых пытаннях даследаванняў і абмеркаваць асаблівасці жыцця ў лабараторыі. Наталля Данілаўна стварыла непарушны падмурак, апорныя сцены і дах маёй кар’еры. І мне нічога не заставалася, як зрабіць дзякуючы ёй беларускую навуку крыху лепш.

Што тычыцца звальнення – часам мне хочацца проста прыйсці і сказаць: «Дарослыя людзі, вы што робіце?» Але, на жаль, мае эмоцыі і мае расчараванні будуць упустую. Цяпер складаны час, кожны дзень мы сутыкаемся з нейкім выбарам, ад якога ў будучыні не адгаворымся і які ніхто не забудзе. Наталля Данілаўна зрабіла ўсё, каб стаць не толькі легендарным педагогам, але і героем нашай краіны.

А тое, што сёмая гімназія і аддзел адукацыі яе звальняе – гэта проста стрэл сабе ў нагу, вось і ўсё.

Я кожны дзень прачынаюся і правяраю, як даўно былі мае сябры ў сетцы, адказваю на паведамленні сяброў за мяжой, манітору «Спісы затрыманых» і «Вясну», стараюся часцей пісаць лісты палітвязням і кожны дзень ля хімфака і пад домам сачу за патрулямі і бусамі. На жаль, большасць людзей, хто не згодны з тым, што адбываецца ў краіне, цяпер у небяспецы рознай ступені. Але, як сказаў Павел Севярынец, якога прысудзілі да сямі гадоў строга рэжыму, «Беларусь будзе вольнай». Хіба мы можам апускаць рукі?

Павел Святоха ў жніўні 2020 года. Фота Настассі УТКІНАЙ.

«І за пазіцыю ёй дзякуй»

Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Павел Святоха быў вучнем Наталлі Данілаўны і нават падумваў пра прафесію фармацэўта. Жыццё занесла яго ў культуру, але звальненне педагога і яго не пакінула раўнадушным:

– Ганаруся, што менавіта яна выкладала ў мяне хімію. І за пазіцыю ёй дзякуй. Запомніў яе як строгага настаўніка, але справядлівага. Заўсёды было цікава на яе ўроках, не банальна. Запомніліся доследы – злучэнне аднаго рэчыва з другім. Важным для мяне стаў яе прынцып стаўлення да працы. Да свайго прадмета ставілася сур’ёзна, таму што добра яго ведае. Думаю, менавіта гэта я ўзяў ад яе – як ставіцца да сваёй працы, як выконваць работу якасна.

Такія сумленныя, справядлівыя, шчырыя людзі, якія імкнуцца да лепшага, больш непатрэбныя? Шкада, што такія годныя людзі пакідаюць свае месцы не па сваёй волі.

Віталь Алейнік расказвае сваю гісторыю. Фота Настассі Уткінай.

«Настаўнік – гэта эталон сумленнасці, прыстойнасці і сацыяльнай адказнасці»

Маладзечанец Віталь Алейнік – яшчэ адзін вучань Пашчук. Вось што ён расказвае з нагоды звальнення педагога:

– Навіна пра абуральнае па сваёй цынічнасці звальненне педагога топ-класа гімназіі №7 Наталлі Данілаўны Пашчук абрынулася на мяне падчас нарады ў адной з краін Еўропы па выпрацоўцы прававых і эканамічных падыходаў у сувязі з захопам журналіста Рамана Пратасевіча.

Нягледзячы на ​​тое, што ўвесь свет у чарговы раз ускалыхнуўся ад фактычна правакацыйных casus belli дзеянняў безадказных службовых асоб Беларусі пры варожым перахопе грамадзянскага рэйса Афіны-Вільнюс, прымусовае пазбаўленне нашых дзяцей магчымасці атрымліваць якасныя веды ў прафесіянала ў галіне хіміі ў маёй роднай школе выклікае ў мяне асаблівую горыч і абурэнне.

Нягледзячы на ​​тое, што прайшло ўжо больш за 20 гадоў з моманту майго выпуску, адна толькі згадка імя настаўніка з вялікай літары Пашчук адразу ж асацыюецца з яе неймавернай энергетыкай, якой яна ўмудраецца шчодра дзяліцца з кожным сваім вучнем. Прафесійныя якасці як спецыяліста ў галіне хіміі не маюць патрэбы ў дадатковых каментарах, улічваючы шырокі пералік узнагарод настаўніка, а таксама шматлікія высокія дасягненні яе вучняў. Але Наталля Данілаўна валодае разам з тым такой ключавой якасцю, без якой немагчыма ўявіць сучаснага педагога: гэта бескампрамісная этычная прыхільнасць.

Бо для дзяцей настаўнік – гэта, перш за ўсё, эталон сумленнасці, прыстойнасці і сацыяльнай адказнасці.

Мяне заўсёды здзіўляла сучаснасць ведаў і падыходаў Наталлі Данілаўны ў адукацыйным працэсе. Сказаць, што я па характары мыслення заўсёды быў досыць далёкі ад хіміі, – нічога не сказаць. Але нават да такіх «антыхімікаў» педагог знаходзіла спосаб растлумачыць спецыфіку гэтага няпростага прадмета. І такое тлумачэнне сапраўды працавала, ператвараючы навучальны працэс у цікавае даследаванне.

Беларусь можа зрабіць эканамічны рывок дзякуючы мазгам

Злачыннае звальненне Наталлі Данілаўны – гэта чорная пазнака на адукацыйнай сістэме не толькі Маладзечна, але і ўсёй Беларусі. Святы абавязак акадэмічных колаў – стаць на абарону сваёй калегі і прадэманстраваць, што выціраць ногі аб слова «настаўнік» нікому не дазволена.

На жаль, сёння мы становімся сведкамі вельмі заганнай тэндэнцыі: у нашай краіне сёння камусьці «не да закона», камусьці «не да этыкі», а камусьці, як паказвае гісторыя з настаўніцай Пашчук, і «не да адукацыі». Нельга абыякава глядзець, калі дзеці гінуць на ўборцы бульбы замест таго, каб атрымліваць якасную адукацыю, развівацца і атрымліваць асалоду ад дзяцінства.

Нельга ігнараваць звальненне сумленных дырэктараў школ, якія аддалі жыццё прафесіі, якім з’яўляецца Яўген Макарэвіч з пятай школы.

А для мяне асабіста, як, верагодна, першага ў школе №7 лаўрэата рэспубліканскай алімпіяды, а таксама стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якім ганарыцца школа, непрымальныя звальненне Пашчук і ўклад кіраўніцтва гэтай школы ў разбурэнне адукацыйнай сістэмы Беларусі. Так школай мне ганарыцца ў сваю чаргу не прыходзіцца. Не лічу правільным асацыяваць сваё імя з цяперашнім фарматам установы, што дыскрэдытуе высокае званне Настаўніка. І публічна звяртаюся з патрабаваннем прыбраць спасылкі на мае дасягненні з Дошак гонару школы №7 як не маючых ніякага дачынення да таго, што там цяпер адбываецца, уключаючы ўдзел супрацоўнікаў установы ў тых працэсах, якія мелі і маюць месца падчас і пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.