Адзін з двух выпусных класаў ганарова пакідае лінейку.

Сёння ў Вілейскай сярэдняй школе №3 адбылося свята Апошняга званка для вучняў 11 і 9 класаў. 

Выпускнікі.

Сёлета атэстаты аб сярэдняй адукацыі ў школе атрымаюць 32 выпускнікі.

– Гэтая стужка праз плячо і развітальны вальс кажа пра тое, што вы – выпускнікі сярэдняй школы №3 2021 года. Час ляціць вельмі хутка. Напярэдадні лінейкі, сустракаючыся з бацькамі, чуў ад іх адно і тое ж: «Толькі нядаўна мы адправілі дзяцей у першы клас, а сёння ў іх Апошні званок». У гэты дзень кожны з нас прыгадвае найлепшыя дні і гады, праведзеныя ў школе. Жадаю вам здзяйснення ўсіх мар і ведайце, што мы ганарымся вамі – выпускнікамі 2021 года. Ганарымся тым, што толькі ўчора нашы тры выпускнікі прыехалі з Бабруйска, дзе праходзіў злёт лепшых выпускнікоў 2021 года. Гэта Аляксей Зубель, Аляксандр Мароз і Яна Уладыка, – адзначыў у сваім віншаванні дырэктар школы Мікалай Гіро.

Вучні 9 класа на свяце.
Выпускнікі 50-гадовай даўніны.

Пасля былі віншаванні ад выпускнікоў 50-гадовай даўніны. Яны прыгадалі гады вучобы ў гэтай школе, настаўніцу Веру Аляксееўну Траццякову, пажадалі дзецям ведаць не толькі Пушкіна, але і Міцкевіча, які адзін са сваіх вершаў прысвяціў Віліі.

– Здаецца, толькі ўчора мы сутракалі вас на парозе школы маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, такімі смешнымі, з вачыма, напоўненымі цікавасцю, шчасцем і крыху страхам. Хацелася даць вам усе свае веды, любоў, клопат і дабрыню. Праз 11 год, гледзячы на вас, дорослых юнакоў і дзяўчат, разумных, прыгожых, мэтанакіраваных, я разумею, што ўсё было недарма і ў нас з вамі ўсё атрымалася. Ведайце: першы настаўнік памятае кожнага свайго вучня. Жадаю, каб вашае жыццё было напоўненае яркімі ўражаннямі і падзеямі, каб вы пераадолелі ўсе перашкоды, – павіншавала выпускнікоў іх першая настаўніца Наталля Андрыеўская.

Віншаванні ад выпускнікоў пачатковай школы.

Лінейка скончылася традыцыйным вальсам і апошнім званком, які далі выпускнікі Уладзіслаў Гатоўка і Вікторыя Чарненка. А сучасным упрыгожваннем свята стаў каляровы дым.

Свайго часу чакаюць званкі.
Дачакаліся.
Яшчэ адзін выпускны клас пакідае лінейку.

Пакуль выпускнікі фатаграфаваліся з бацькамі і дарылі кветкі настаўнікам, мы пагаварылі пра выпуск-2021 з намеснікам дырэктара Валянцінай Рагоўскай:

– Сёлета выпускаем два класы: у адным 15 чалавек, у другім – 17. Усе актыўныя, жыццярадасныя, вясёлыя, гатовыя прыйсці на дапамогу класнаму кіраўніку. Чатыры чалавекі з выпуска прэтэндуюць на медалі. А выпускніца Яна Уладыка сёлета заняла першае месца на рэспубліканскай алімпіядзе па фізкультуры, расказала намеснік дырэктара.

Фота аўтара.

 

• Текст доступен на языке: Русский