Так выглядала першая бляшанка крэму ў 1911 годзе.

Ад 5 мая ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў №240. Згодна з ёй для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, «з улікам несяброўскіх дзеянняў у дачыненні да беларускага народа» ўрад устанавіў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Сярод забароненых тавараў – прадукты нямецкага брэнда са шматгадовай гісторыяй – «Нівея». Прапануем прыгадаць, як узнік і развіваўся брэнд.

Гісторыя «Нівеі» пачыналася з пластыру. У 1882 годзе нямецкі фармацэўт Паўль Карл Байерсдорф вынайшаў лейкапластыр, а ўслед за сваім вынаходствам заснаваў кампанію «Баерсдорф», якая сёння з’яўляецца гігантам касметычнай прамысловасці. Аднак у той час фабрыка, якая рабіла пластыр, зусім не прыносіла прыбытку. Тавар запасіўся на складах, паколькі гаспадар ні маркі не патраціў на рэкламу прадукту. Так працягвалася да 1890 года, пакуль Баерсдорф не прадаў сваё стратнае прадпрыемства маладому і энергічнаму Оскару Трапловіцу.

Напорысты фармацэўт з Гамбурга падышоў да бізнесу па-гаспадарску, і справы кампаніі палепшыліся. Оскар распрацоўваў новыя тэхналогіі, надаваў шмат увагі маркетынгу і рэкламе, павялічваў выпуск прадукцыі. Новая эра кампаніі наступіла з адкрыццём эўцэрыту – рэчыва, здольнага злучыць ваду, тлушч і актыўныя кампаненты і стварыць устойлівую эмульсію. Фармацэўт па адукацыі, Трапловіц своечасова зразумеў, што эўцэрыт адкрывае новыя магчымасці ў касметалогіі. Такім чынам, ён вырашыў стварыць ўвільгатняльны крэм на аснове эмульсіі.

Нараджэнне брэнда адбылося ў снежні 1911 года. Менавіта тады ў продаж паступіў крэм «Нівея». Назва з лацінскай мовы перакладаецца як «беласнежны». Першапачатковая ўпакоўка сусветна вядомага крэму адрознівалася ад звыклай для нас сіняй бляшанай упакоўкі. У той час крэм выпускаўся ў жоўтай упакоўцы, упрыгожанай раслінным арнаментам і мудрагелістым шрыфтам. Тым не менш, поспех найбуйнейшай міжнароднай карпарацыі «Баерсдорф» пачынаўся менавіта з увільгатняльнага крэму. І ў нашы дні візітнай карткай брэнда з’яўляецца тая самая бляшаная ўпакоўка.

Сёстры Марго, Эльфрыд і Герта Фроліх – зоркі рэкламнай кампаніі “Нівея” ў 1925 годзе. Фота nivea.ru.

Ужо ў 1914 «Баерсдорф» працаваў не толькі ў Германіі, але і прадаваў значную частку тавару за мяжой – у 34 краінах свету. На прадпрыемствах кампаніі працавала паўтара мільёна чалавек. Акрамя крэму, пластыраў і клейкіх стужак, пачынаецца выпуск мыла і парашку. Абнаўляецца і серыя «Нівея» – з’яўляюцца шампуні і сродкі для ўкладкі.

У 1925 годзе кіраўніцтва прадпрыемства рэзка мяняе дызайн упакоўкі і стыль рэкламнай кампаніі. На прылаўках з’явілася тая самая сіняя бляшаначка з белым лагатыпам. З тых часоў дызайн упакоўкі з крэмам практычна не мяняўся. У сіне-белай гаме афармляліся ўсе астатнія прадукты і друкаваная рэклама.

Яшчэ адна рэкламная фішка “Нівеі” – вялікія сіне-белыя мячы для адпачынку. Фота nivea.ru.

Падчас Другой сусветнай вайны кампанія забяспечвала сродкамі гігіены нямецкіх салдат. Сёння на месцы баёў часам знаходзяць характэрныя сінія бляшаначкі. А яшчэ падчас вайны большасць краін, якія ваявалі з Германіяй, прысабечвалі правы на гандлёвую марку «Нівея». Неўзабаве пасля вайны кампанія «Баерсдорф» пачала выкупляць канфіскаваныя правы гандлёвай маркі. Працэс завяршыўся толькі ў 1997 годзе.

У 1950-1960-х гадах пашыраецца асартымент, у 1980-х ладзяцца гучныя рэкламныя акцыі. Першы сайт кампаніі з’явіўся ў 1996 годзе.