Фота Настассі УТКІНАЙ.

18-гадовы хлопец размяшчаў на гандлёвай пляцоўцы ў інтэрнэце аб’явы аб продажы лічбавай тэхнікі. Пры зносінах з патэнцыяльнымі пакупнікамі малады чалавек прасіў перадаплату на банкаўскую карту. Аванс у кожнага браў розны: у аднаго – сто рублёў, у іншага – 250. Пасля пералічэння грошай ён абяцаў у бліжэйшы час адправіць тавар, але пераставаў выходзіць на сувязь.

Падманутыя пакупнікі сталі звяртацца за дапамогай у міліцыю. Заявы паступалі, як правіла, праз месяц пасля сумніўных здзелак.

30-гадовы жыхар Ліды на сайце бясплатных аб’яваў знайшоў тэлефон «Iphone 7» па прымальнай для яго цане. Мужчына перавёў онлайн-прадаўцу на банкаўскую карту ў якасці перадаплаты сто рублёў, пасля атрымання якой яму абяцалі адправіць тавар па пошце. Аднак гаджэта заяўнік так і не дачакаўся, пра што і паведаміў у міліцыю.

У ходзе праверкі аператыўнікі выйшлі на след зламысніка – 18-гадовага навучэнца ліцэя на Маладзечаншчыне, ураджэнца Вілейшчыны. Як высветлілася, на сайце ён размясціў фэйкавую аб’яву аб продажы мабільнага тэлефона, а фатаграфіі смартфона загрузіў з інтэрнэта. На самай справе, выстаўленага тавару ў яго не было.

На вуду нядобрасумленнага прадаўца трапіўся і 29-гадовы мінчанін, які таксама вырашыў набыць у інтэрнэце тэлефон маркі Xiaomi. «Купіўшыся» на нізкую цану, усяго 250 рублёў, жыхар сталіцы перавёў усю суму на ўказаны рахунак, але пасылка з таварам да адрасата не дайшла.

Па такой жа схеме фігурант завалодаў грашыма яшчэ некалькіх грамадзян. Жыхар Астраўца за гульнявую прыстаўку перавёў яму на карту ў якасці перадаплату амаль 140 рублёў, крыху менш аддала за ноўтбук авансам жыхарка Слуцка.

Аператыўнікам крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС фігурант растлумачыў, што такім чынам ён вырашыў хутка і лёгка зарабіць. У дзеяннях маладога чалавека ўгледжваюцца прыкметы складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 209 КК Рэспублікі Беларусь «Махлярства», санкцыя якога прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, раней падазраваны ўжо трапляў у поле зроку міліцыі за аналагічныя дзеі.

• Текст доступен на языке: Русский