На адкрыцці. Фота Аляксандра Манцэвіча.

У гэтым вязе было дупло, у якое хаваліся мясцовыя дзеці. Калі залезці наверх, можна было ўбачыць будынак вілейскай турмы. Вяз цвіце, як сакура. А яшчэ на ствале дрэва ёсць трон. Той, хто пасядзіць на ім, набярэцца добрай энергіі. Пра свой вяз вяскоўцы ў Талуях расказваюць шмат.

На свята. Фота аўтара.

Тым больш, сёння была нагода. Старому дрэву «ўручылі» пашпарт аб прызнанні яго батанічным помнікам рэспубліканскага значэння. Адпаведную пастанову Мінпрыроды прыняло 5 красавіка.

Воля Трубач набіраецца добрай энергіі ад вяза.

А побач з дрэвам адкрылі мемарыяльную дошку – памятны знак у выглядзе кнігі. На адной старонцы – звесткі пра вяз, на другой – пра вёску Талуі. Цяпер і турысты, і мясцовыя будуць ведаць, што Талуі ўпершыню згадваюцца ў 1606 годзе, а вяз – амаль сем метраў у ахопе, 25 метраў – у вышыню і мае плошчу кроны 383 квадратныя метры.

Што гаварылі на іпрэзе пра вяз

– Я мясцовая. У дзяцінстве, у 1960-х, хавалася ў поўны рост у дупле вяза. Цяпер дупло зацягнулася,  – расказвае карэспандэнтам Ніна Башко, якая прыязджае ў бацькоўскі дом у Талуі з Маладзечна. – Заўважыла, што на ствале вяза можна разгледзець розныя вобразы: то старога чалавека, то маладзейшага, то нейкіх жывёл. А яшчэ на ствале ўтварыўся трон. Мы кожны раз, як прыязджаем, садзімся на трон і набіраемся энергіі. А вось гэта сажалка раней мела глыбіню тры метры. Побач з вязам стаяла лазня з бярвення, куды хадзілі мыцца ўсе вяскоўцы. Ваду для лазні бралі з сажалкі. А некаторыя, памыўшыся, адразу акуналіся ў яе.

Ніна Башко пра вяз ведае шмат.

Мой бацька некалі ледзь тут не ўтапіўся. З часам сажалка зацягнулася, яе чысцілі, коньмі даставалі глей. А летась паглыблялі вадаём з дапамогай сельсавета. Я ганаруся сваёй вёскай, мяне заўсёды цягне сюды. Рада, што наш вяз, а разам з ім і вёска набылі такі высокі статус.

Выступае “Маркаўчанка”. Фота аўтара.
Міхась Міхалевіч.

Віляйчук, доктар і краязнаўца Міхась Міхалевіч прыгадаў, як у 2013 годзе ўпершыню апублікаваў у «Рэгіянальнай газеце» звесткі пра вяз-старажыл. Тады, памераўшы дрэва, ён зразумеў: вяз, верагодна, самы вялікі ў Беларусі. Ідэю пра наданне вязу статусу батанічнага помніка падтрымаў начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў.

Пераразанне стужкі.
Адкрываюць памятны знак.

– Ад таго часу, калі я ўпершыню пабачыў дрэва і да надання яму статусу помніка, прайшло 11 год. Я вельмі рады, што дрэва набыло ахоўны статус, што разам дзейнічалі аматары, мясцовая супольнасць, сельвыканкам і іншыя дзяржаўныя службы, – адзначыў Міхалевіч.

Мясцовыя. Фота аўтара.

З вяза было бачна вілейскую турму

Словы ўдзячнасці ад прадстаўнікоў улады гучалі ў адрас ураджэнца і жыхара вёскі Івана Дурэйкі. Ён ладзіў прыборкі каля вяза, хадзіў на прыём да начальніка Камітэта па ахове навакольнага асяроддзя, дабіваўся таго, каб паглыбіць вадаём каля дрэва, стварыў дабрачынны рахунак на паглыбленне вадаёма каля вяза. Менавіта па яго ініцыятыве адкрылі помнік вязу і вёсцы Талуі. Сёння Івана Дурэйку лічаць галоўным захавальнікам унікальнага дрэва.

Дзяўчаты-вядучыя. Фота аўтара.
Іван Дурэйка. Фота аўтара.

– Цешыць, што сёння нарэшце настаў выніковы этап нашага праекта. Тое, што было задумана намі, здзейснілася. Канешне, без дапамогі Маркаўскага сельвыканкама, Маладзечанскай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя, ПМК-32, водаканала, «Спецбудмеханізацыі» мы наўрад ці справіліся б. Яны вырашалі тэхнічныя пытанні. Астатняе было за намі. Гэты вяз памятаю столькі, колькі сябе. Дзецьмі гулялі тут у жмуркі, залазілі наверх. Праўда, не на самую вершаліну, а наколькі маглі. Астатнія дрэвы навокал тады былі нізкія. Таму з вяза бачылі Вілейку і белы будынак турмы на гары,  – падзяліўся з карэспандэнтам Іван Дурэйка.

Фота аўтара.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Мінпрыроды, Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міншчыны, Маладзечанскага райвыканкама, раённай інспекцыі аховы прыроды, работнікі Маладзечанскага лясгаса, жыхары Талуёў і суседніх вёсак. А калектыў «Маркаўчанка» Маркаўскага Дома культуры аздобіў імпрэзу беларускімі песнямі.

У 2018 годзе Іван Дурэйка і Міхаіл Міхалевіч сталі пераможцамі штогадовай прэміі «Рэгіянальнай газеты» «Асоба года» ў намінацыі «Натхненне года» за клопат пра найстарэйшы вяз у Беларусі.

На імпрэзе выпускалі галубоў…
Садзілі туі…
І вадзілі карагод вакол вяза.