Каб летнія канікулы для дзяцей прайшлі без надзвычайных сітуацый і  трагічных падзей, павінны пастарацца дарослыя, а дапамагаць ім у гэтым на працягу ўсіх летніх месяцаў будуць ратавальнікі. Яны напоўняць вольны час дзяцей навучальнымі мерапрыемствамі, якія будуць праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Канікулы без дыму і агню».

Галоўная мэта акцыі – папярэджанне пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей. Акцыя пачалася ад 1 чэрвеня і працягнецца да 31 жніўня ў летніх аздараўленчых і прышкольных лагерах, дзе асноўнай яе аўдыторыяй стануць школьнікі розных узростаў.

Сёлета прадстаўнікі МНС прапануюць сучасныя, займальныя, карысныя мерапрыемствы, у тым ліку і ў анлайн рэжыме. Гэта гульні «Дзе логіка?» і «Сакрэт бяспекі» з выкарыстаннем відэасувязі, квіз па бяспецы на розных інтэрнэт-платформах, майстар-класы, экскурсіі па цэнтрах бяспекі, музеях і пажарных частках.

Самыя кемлівыя і хуткія змогуць паўдзельнічаць у квэст-гульні «Шыфр бяспекі», спартыўныя  – у «Спартландыі бяспекі», таленавітыя –  у тэатралізаваных прадстаўленнях «Казкі-безапаскі на новы лад», а творчыя – у конкурсе «Бяспечная клумба» або зрабіць крэатыўнае сэлфі з атрыбутамі МНС.

Будуць і выязныя актыўнасці. Гульню «Школа юных ратавальнікаў» правядуць на базепажарных частак. Таксама ў лагерах  плануюць «Дні МНС» і мерапрыемстваў у фармаце «МНС-Лэнд».

21 чэрвеня ў Беларусі адзначаюць свята Дзень бацькі. Татам разам з іх дзецьмі прапануюць стварыць сваю «бяспечную» кнігу радаводу, паэксперыментаваць, выконваючы правілы бяспекі, стварыць «бяспечны» кулінарны шэдэўр, знайсці ў сабе творчы патэнцыял: праспяваць «хіт бяспекі», падрыхтаваць танец і зняць гэта на відэа. Акрамя таго, у рамках акцыі будзе праводзіцца навучанне работнікаў дзіцячых аздараўленчых і прышкольных лагераў, у тым ліку дзяжурнага персаналу правілах пажарнай бяспекі. Дапамагаць працаўнікам МНС будуць юныя ратавальнікі-пажарныя, студэнты, а таксама прадстаўнікі розных арганізацый.