Аляксандр Нагела. Фота Алеся Дзергачова.

Яшчэ двух смаргонцаў затрымалі па артыкулах за распальванне варожасці і абразу прадстаўніка ўлады.

1 чэрвеня ў Смаргоні затрымалі актывіста Аляксандра Нагела. Смаргонца затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, паведамляе праваабаронца Алесь Дзергачоў. Па папярэдніх звестках, мужчыну абвінавачваюць у распальванні варожасці (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса).

Па месцы жыхарства правялі ператрус, наклалі арышт на камп’ютар і сродкі сувязі. Мяркуецца, што нагодай для затрымання быў каментарый у мясцовым чаце ў адносінах да супрацоўніка міліцыі.

Тыдзень таму, 26 мая, пенсіянера Алега Слабодкіна абласное аддзяленне Следчага камітэта прызнала падазраваным паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса.

Мяркуецца, што Алег Слабодкін у мясцовым чаце нібыта зняважыў прадстаўніка ўлады — пракурора Смаргонскага раёна Андрэя Клышэвіча.