Пасля пажару. Фота забяспечанае Марынай Ганчаровай.

5 чэрвеня ў 07:40 на завулку Зялёны ў Маладзечне гарэў жылы дом з драўлянай прыбудовай.

Магчымая прычына – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, а менавіта кароткае замыканне праводкі, паведамляюць у ГРАНС Маладзечна. Агонь пашкодзіў сцены прыбудовы і маёмасць, што ў ёй захоўвалася.

МНС нагадвае: У сучасных дамах і кватэрах мноства электрапрыбораў. Неналежная іх эксплуатацыя часта прыводзіць да ўзнікнення пажараў. Што рабіць, калі загарэўся электрапрыбор?

Па-першае, не панікуйце і паведаміце ў службу МНС па тэлефоне 101 або 112. Выцягніце вілку з разеткі, калі гэта магчыма. Калі не – абясточце кватэру, дом праз электрашчыт або выкруціце пробкі.

Далей, калі полымя памерам менш за футбольны мяч і вашаму жыццю і здароўю нічога не пагражае, паспрабуйце справіцца з узгараннем самастойна да прыезду ратавальнікаў. Накрыйце падпалены прыбор шчыльнай тканінай або коўдрай. Паспрабуйце засыпаць полымя пяском, зямлёй з гаршка з кветкамі, парашком, але ні ў якім разе не тушыце вадой. Калі не справіліся з агнём за некалькі хвілін, пакіньце падпаленае памяшканне, чакайце прыезду ратавальнікаў.