Злева направа: настаўніца Анастасія Генадзьеўна Сяляўка і вучні 1 «В» класа Мацвей Зямцоў, Іван Жаўняровіч і Крысціна Цодава са сваім «Музеем у чамадане».

Вучні 1 «В» класа сярэдняй школы №8 у Маладзечне са сваёй настаўніцай Анастасіяй Генадзьеўнай Сяляўка ў канцы навучальнага года правялі конкурс «Музей у чамадане». Дзеці адшукалі старыя рэчы і  даведаліся іх гісторыі, якія прапануюць чытачам.

Іван Жаўняровіч. Вышыўка крыжыкам «Царэўна-жаба» на льняной тканіне

Карціну на сюжэт народнай казкі «Царэўна-жаба» вышывала мая прабабуля Галіна Андрэеўна Жаўняровіч у 1958 годзе ў мястэчку Радашкавічы. Тата расказаў мне, што гэту карціну прабабуля вышывала, калі калыхала маленькіх дзяцей у старадаўняй калысцы, падвешанай да столі. У калысцы спаў мой дзядуля Пётр Пятровіч Жаўняровіч, які і нарадзіўся ў 1958 годзе. Тады дастаць ніткімулінэ было складана. Але прабабуля так любіла вышываць, што заўсёды знаходзіла час і магчымасці. Яе старэйшы сын ездзіў на рынак прадаваць малочныя прадукты, якія прабабуля рабіла сама з малака ад сваёй каровы. На выручаныя грошы купляў дарагія па тых часах рознакаляровыя ніткі.

Першакласнікі з той самай вышыўкай. А ў руках Івана – старая ступка.

Прабабуля вышывала шмат малюнкаў на тканіне – выявы кветак, птушак. Прабабуліным дзецям – траім сынам – засталося шмат яе вышытых работ: навалачак на падушкі з узорамі, пакрывалаў, ручнікоў, абрусаў, кашуль. Ад прабабулі маёй бабулі Галіне Вітальеўне Жаўняровіч дасталася толькі гэта карціна. Яна вышытая на льняной канве з раўнамерным перапляценнем нітак. Вышываць па такой канве цяжка, бо яна шчыльная і не мае дзірачак.

Цяпер гэту карціну бабуля перадала маім бацькам і мне. Сказала: «Перадаю Івану царэвіча-Івана!».

У сваёй сям’і мы шануем гэту старую рэч. Яна ўпрыгожвае наша лецішча ў вёсцы Падлесная Маладзечанскага раёна.

Іван Жаўняровіч. Ступка для спецый

Гэты прадмет, знешне падобны да вядзерца, – маленькая ступка. Разам з ёй – двухбаковы таўкач, або таўкушка, як называлі яго мае прабабуля, бабуля і мама. Настольная ступка даволі цяжкая, жаўтавата-карычневая, зроблная з латуні. На ніжняй частцы ступкі на метале выбітая гравіроўка даты яе выпуску – 1910 год. Адкуль яна з’явілася ў нашай сям’і, ужо ніхто і не памятае. Ёй карысталася мая прабабуля Яўгенія Генрыхаўна Гайковіч у 1930-70-х гадах у вёсцы Укропава Маладзечанскага раёна. Затым ступка дасталася яе дачцэ, маёй бабулі Галіне Вітальеўне Жаўняровіч, затым – майму тату, які ажаніўся з маёй мамай.

Тата расказаў: яму казала яго мама (мая бабуля), што ў гэтай ступе таўклі «хрэн да кілбасы», кмен і розныя прыправы.

Асабліва ёй карысталіся ў калядны пост. Да Калядаў вясковыя жыхары імкнуліся «падгадаваць свіней», каб потым са свініны рабіць дома духмяную кілбасу з прыправамі. Менавіта ад прыпраў залежаў смак зробленай уручную кілбасы. Цяпер ступкай карыстаюцца бабуля і мама.

Асабліва яна патрэбная, калі ў вёсцы Укропава ў маёй бабулі мы робім кілбаскі са свініны, працягваючы традыцыю прабабулі.

Мама кажа, што такія духмяныя спецыі, якія перамолваюцца ў гэтай ступцы, не купіш у краме.

Круглы перац гарошкам мама спачатку таўчэ, а затым расцірае. Таксама расцірае сушаныя грыбы, зёлкі, прыправы, мак або кававае зерне. Завараная кава атрымліваецца духмянай і смачнай. Старадаўняя ступка – гонар нашай сям’і.

Мацвей Зямцоў. Прас на вуголлях

Гэты старадаўні прас дастаўся нам ад маёй прабабулі Марыі Іосіфаўны Каляды, якая нарадзілася ў 1942 годзе ў вёсцы Сугвазды Валожынскага раёна і пражыла там да 2012 года. А яна атрымала прас ад мачахі Клаўдзіі  Францаўны Каляды, якая яшчэ ў 1929 годзе купіла яго ў заезджых у вёску цыганоў. Прабабуля перадала прас сваёй унучцы, маёй маме Святлане Аляксандраўне Зямцовай, і распавяла гісторыю пра тое, як калісьці даўно карысталася гэтым прасам. Такія жалезныя прасы з жарам унутры з’явіліся даўно. Прас падобны да невялікай печкі: унутр корпуса прабабуля закладвала распаленае бярозавае вуголле. Для лепшай цягі па баках рабілі адтуліны, каб лепш гарэла. Яшчэ ў праса ёсць труба. Відаць, таксама для лепшага гарэння. Каб зноў распаліць астылыя  вуглі, у адтуліны дзьмулі або размахвалі прасам з боку ў бок.

Мама кажа, прасаваць было цяжка, але такая канструкцыя была неабходная для прасавання кашуль з натуральнай ільняной тканіны. Таксама мама казала, што такі прас раней лічыўся прыкметай дабрабыту ў сям’і.

Прабабуля ганарылася, што ў яе быў прас.

Пазней такія з’явіліся ў многіх дамах. Цяпер у нашай сям’і мы не ка- рыстаемся гэтым прасам. Хоць, разагрэўшы ў печы вуголле, ім можна прасаваць адзежу, калі няма электрычнасці. Прас з’яўляецца для нас проста памятнай рэччу. Гледзячы на яго, мы ўспамінаем усю гісторыю ўзнікнення і развіцця прасаў ад суцэльналітага чыгуннага да вугальнага, газавага, спіртавога і электрычнага.

Крысціна Цодава. Газавая лямпа Feuer Hand superbaby №175

Яшчэ дашкольніцай, прыкладна два гады таму, на лецішчы ў вёсцы Заазер’е Вілейскага раёна мы з татам знайшлі некалькі старадаўніх рэчаў, якія зацікавілі нас. А на гарышчы дома, які пабудаваў яшчэ мой прадзед, мне спадабалася старая нямецкая газавая лямпа, досыць лёгкая па вазе, з ручкай. Я падумала тады, чаму б не забраць яе з сабой у горад? Сёлета, стаўшы школьніцай, пасля ўрока рускай літаратуры, дзе мы чыталі, як з’явіўся алфавіт, кніга і пра тое, як вучыліся грамаце даўней, я ўзгадала гэту рэч.

Магчыма, старая лямпа дапамагала камусьці чытаць.

Адшукаўшы яе дома ў скрынцы, я задумалася: колькі ж гадоў гэтай рэчы, хто ёй карыстаўся. Вырашыла больш даведацца пра лямпу і паўдзельнічаць у конкурсе «Музей у чамадане». Нямецкая газавая лямпа называецца Feuer Hand superbaby №175, што ў перакладзе з нямецкай азначае «вогненная рука». Гэта свяцільнік з ацынкаванага металу, працуе на газе. Лямпа дасталася мне ад майго прадзеда Мікалая Дзмітрыевіча Дуровіча, які нарадзіўся ў 1900 годзе і жыў у Заазер’і. Прадзядуля быў дзядулем майго таты і распавёў яму гісторыю з’яўлення гэтай лямпы ў сям’і яшчэ 30 гадоў таму, калі тата быў маленькі. Затым тата расказаў мне.

Дзятва разглядае старыя рэчы.

У час Другой сусветнай вайны каля вёскі Заазер’е (яе яшчэ называюць Завозеры) праходзілі нямецкія салдаты. Пасля сутычкі з партызанамі, якія жылі ў лясах побач з вёскай, немцы практычна цалкам спалілі вёску. Мая прабабуля з дзецьмі жылі ў ацалелай адрыне са свойскай жывёлай. Мабыць, тады немцы згубілі лямпу ў вёсцы і яна з’явілася ў нашай сям’і. Служыла прабабулі і ў пасляваенны час, пакуль у вёсцы не з’явілася электрычнасць. Прадзядуля памёр у 1946 годзе, адбудаваўшы дом недалёка ад згарэлага. Лямпа засталася маім бабулі і дзядулі, а затым і майму тату як памяць пра цяжкія ваенныя часы.

Фотаздымкі забяспечаныя Анастасіяй Сяляўка. 

• Текст доступен на языке: Русский